Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Май ці травень? І што значыць „умаіць дом на Тройцу“


Тлумачым, адкуль у беларускай мове дзьве назвы месяца, што такое „маіць“, а таксама чаму жаніцца ў маі непажадана, а ў траўні — колькі заўгодна.

Гэта адзіны з дванаццаці месяцаў, які ў беларускай мове носіць дзьве раўналежныя назвы. Ці ведаюць сустрэтыя на вуліцы менчукі абедзьве беларускія назвы пятага месяца году?

Першы варыянт называюць беспамылкова:

Май точно совпадает с русским, это 100%.

Ну май так и будет май, да?

Май, ён так і называецца.

У думках перакладаюць з расейскай і адчуваюць пэўную палёгку.

Назва май з паходжаньня лацінская, магчыма, ад імя багіні зямлі, жонкі Вулькана Маі. Зрэшты, у расейскай мове ўсе назвы месяцаў лацінскія. І ў баўгарскай, македонскай, сэрбскай — даволі неспадзявана для вонкавых назіральнікаў, бо гэта ўсходні праваслаўны абшар — ужываюцца эўрапейскія назвы месяцаў. Прыйшлі яны туды праз грэцка-бізантыйскае пасярэдніцтва і дзякуючы барацьбе праваслаўнае царквы з старажытным народным календаром замацаваліся нават у народных мовах.

Наагул жа ў мовах нашага рэгіёну дзьве сыстэмы назваў месяцаў — міжнародная, лацінская ў аснове, і ўласная, народная. Сыстэмы разьмеркаваныя пярэста. Скажам, латышы маюць лацінскую (перанятую ў немцаў), а этнічна і моўна блізкія ім літоўцы — сваю народную, якую зьбераглі абуджальнікі літоўскай нацыянальнай сьвядомасьці ў XVIII–XIX ст., каб падкрэсьліць старажытнасьць сваёй мовы.

Хаця мовы сэрбаў і харватаў раней лічыліся адной мовай (так званай сэрбскахарвацкай), але ў харватаў siječanj, veljača, ožujak, travanj, а ў сэрбаў jануар, фебруар, март, април.

Для захаваньня або адраджэньня ўласных старажытных назваў стымулам была барацьба за нацыянальную ідэнтычнасьць. Чэскія адраджэнцы імкнуліся да кантрасту зь нямецкай мовай, і нездарма чэскія найменьні месяцаў свае. У славакаў была іншая сытуацыя, там лацінскія.

У беларускай літаратурнай мове імёны ўсіх астатніх месяцаў, акрамя мая, — ад студзеня да сьнежня — свае, старажытныя, іх значэньне лёгка патлумачыць прыроднымі зьявамі:

I студзень; II люты; III сакавік; IV красавік; VI чэрвень; VII ліпень; VIII жнівень; IX верасень; X кастрычнік; XI лістапад; XII сьнежань.

І толькі V — май выпадае з гэтага шэрагу. Але гістарычна мае другую назву. Ці ведаюць яе нашыя суразмоўцы?

Назву для мая? Мы ня ведаем. Калі я вучылася, гэта быў май.

Травень, наверное.

Травень! Не... Да. Травень, травень.

Афіцыйныя беларускія савецкія слоўнікі слова травень або ігнаравалі зусім, або запісвалі ва „ўстарэлыя“. Але, як мы пераканаліся падчас вулічнага апытаньня, слова жыве ў моўнай памяці сучасных беларусаў.

Гэта жывое слова ў беларускіх гаворках (напр., у Бярозаўскім раёне). У старабеларускай практыцы яно было звычайным. Царкоўнаславянскае слова май перакладае як травень слоўнік Памвы Бярынды, які выйшаў у XVII ст. у Воршы. І ў клясыкаў несавецкага і дасталінскага мовазнаўства ХХ ст., аўтараў слоўнікаў Вацлава Ластоўскага, Сьцяпана Некрашэвіча, Міколы Байкова па два словы — май і травень.

Трактарыст Каліноўскі прыходзіць у траўні

І такі ідэалягічна правільны савецкі аўтар, як Пятрусь Броўка, не цураўся слова травень, ды ў якім вершы — пра Кастуся Каліноўскага. Вобраз беларускага вызвольніка ён успомніў падчас вайны, у 1943 годзе.

Ён сілай магутны, душою агністы,
Нядаўна ў калгасе ён быў трактарыстам,
Вясёлы заўсёды,
Вадзіў карагоды;
Як хмары закрылі і сонца і зоры,
Пайшоў партызаніць да бору...
Няздарма чакае штоночы дзяўчына
Свайго закаханага хлопца Каліну:
Ці травеньскім ранкам,
Ці ночкай ліпнёўскай —
Прыдзе Каліноўскі.

Зь іншага боку, сучасныя лірычныя героі Лявона Вольскага праўладны Саўка ды апазыцыйны Грышка эмацыйна рэагуюць на незвычайныя веснавыя халады вось так:

За вакном тужліва
Майскі сьнег ляціць...
І Някляеў выйшаў
З установы ЦІП.

Установа ЦІП — гэта ня ціп-ціп-ціп куранятак падзываць, а „цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў“ на завулку Акрэсьціна, турма, прасьцей кажучы. Імітацыя савецкага лірычнага шлягера, жанр якой выбраў Вольскі, вымагае ўжываньня слова „май“.

Умаілі ўсё што можна

Аднак з лацінскай назвай месяца май у нас супала сваё ўласнае старажытнае слова май зусім іншага паходжаньня і ў значэньні ‘першая зеляніна ліставых дрэваў, якою прыбіраюць хаты на сьвята Сёмуху (Тройцу)’. Адсюль беларускі выраз умаіць хату ‘ўпрыгожыць сьцены, вокны, падлогу зелянінай’.

Думаю, гэтае народнае слова падмацоўвала пазыцыю лацінізму май як назвы месяца. За яго выказвалася аўтарытэтнае лёбі.

Так, Скарына ў „Малой падарожнай кніжцы“ (1522 г.) назвам лацінскага паходжаньня

(генуар, фяўраль, март, апрыль, май, іюнь, іюль, аўгуст, сяпцеўрый, акцяўрый, наемврый, дзякаўрый)

дае адпаведнікі (відавочна, народныя):

стычань, люты, марац, квецень, май, чырвец, ліпец, серпень, урэсень, лістапад, грудзень, просінец.

Некаторыя з апошніх ужываюцца кліматычна больш правільна, чым цяпер (лістапад), іншыя розьняцца ад сучасных, але супадаюць з суседзкімі — польскімі, чэскімі, украінскімі. Бачым май у абодвух сьпісах.

Паводле Івана Насовіча, што запісваў беларускія народныя словы ў XIX ст.,

„Простолюдины большею частію употребляютъ древнія названія месяцевъ, какъ-то:

Сечань — Январь, Люты — Февраль, Беразавік — Март, Квецень — Апрель, Чэрвец — Іюнь, Ліпец — Іюль, Серпень — Август, Урэсень — Сентябрь, Пазьдзернік — Октябрь, Лістапад — Ноябрь, Студзень — Декабрь“.

Цікава, што няма ў гэтым Насовічавым пераліку „старажытнай“ назвы пятага месяца — відаць, таму, што ён лічыў яе аднолькаваю з расейскай. Насовіч дае зьвязаныя зь месяцам словы маёвы і маёўка (з прыкладам „Паны маёўку гуляюць“), а слова май у яго абазначае

„1) Бярозкі ды іншыя распушчаныя дрэвы, пастаўленыя перад вокнамі ў дзень Сушэсьця Сьв. Духа,

2) Аер зялёны, звычайна ў гэты ж дзень рассыпáны па падлозе і па дарожках. Прывезьлі воз маю ў царкву“.

І Ян Станкевіч не прызнаваў слова травень. У сваім слоўніку ён дае толькі май у значэньні месяца, спасылаецца на слоўнік братоў Гарэцкіх, „Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны“ М. Шатэрніка ды ўласны моўны досьвед у родных Арлянятах Ашмянскага павету — г. зн. геаграфія шырокая.

Травень, чэрвень, ліпень

Але травень добра кладзецца і ў словаўтваральны рытм поруч са словамі чэрвень ці верасень, і ў словаўтваральную лёгіку. Вернемся да голасу народу (сучаснага). З тлумачэньнем, чаму травень, праблемаў не было:

Трава растёт, всё очень просто.

Хаця вось гэта ўжо занадта:

Ну таму што трава ідзе такая моцная, густая, і гэта было вельмі добра на пракорм пасьля галоднай зімы. Народ наш тады жыў ня вельмі добра.

Ня елі траву беларусы ў такіх аб’ёмах, каб ад гэтага месяц называць, бо пры не сваёй уладзе ўсякае жыта-бульбу ад гэтай самай улады зьберагалі, каб было чым увесну пракарміцца. А вось зьяўленьне травы як корму для жывёлы сапраўды мела стратэгічнае значэньне.

Травень у іншых спадарыняў асацыюецца з паўднёвымі суседзямі:

А такое слова травень?

Травень? Сустракалася, з украінскай мовы, у меня асацыяцыя. А не зь беларускай.

Добразычлівыя спадарыні чыталі і Караткевіча, і Маўра. Але травень ведаюць ад сваіх украінскіх калегаў, зь якімі сустракаліся па працы. Гэтае слова агульнае для дзьвюх нашых моваў. Аднак у сучаснай украінскай літаратурнай яно адзінае нарматыўнае.

У нас травень (у параўнаньні з маем) цяпер успрымаецца многімі як характэрна беларускае слова, відавочна вяртаецца ў свабодную беларускамоўную прастору, асабліва творчую.

На гэтай вулiцы цёмна,
Бо лiхтары не функцыянуюць,
I калi ты вяртаесься позна дадому,
Рызыкуеш нарвацца на непрыемнасьць.

На вулiцы маёй
Вулiцы дзяцiнства.
На вулiцы маёй

Вулiцы юнацтва.
На вулiцы травеньскiх песень,
На вулiцы студзеньскiх сноў.

Так у 1997 годзе музыкі НРМ увялі ў песенна-паэтычны ўжытак „Вуліцу травеньскіх песень“. Папраўдзе ж беларускі тапанімічны ляндшафт стракаціць незьлічонымі Першамайскімі — і вуліцамі, і паселішчамі. Нарэшце ў Заслаўі адказалі на гэтае запаланеньне (там таксама Першамайская ё) вуліцай Травеньскай. Яна поруч з вуліцамі Вясновай і Каляднай, Рагнеды і Сымона Буднага. І адпаведна закону „Аб назвах геаграфічных аб’ектаў“ на расейскую мову не перакладаецца, а трансьлітаруецца: улица Травеньская.

Крэатыўныя людзі выбіраюць травень для сваіх фэстаў. Некалі быў у Менску фэстываль бардаўскай песьні „Травеньскі акорд“. Заснаваны фэстываль акустычнай музыкі“ „Травень“.

„Маяться“ ня будзеш, інфа 100%

У расейскай мове слова май сугучнае дзеяслову маяться, адсюль паходзяць пэўныя зьвязаныя са шлюбамі павер’і ды забабоны: маўляў, няможна ў гэтым месяцы жаніцца. Але ў беларускай мове расейскаму маяться будуць адпавядаць зусім іншыя:

мадзець, марнавацца, зьнемагацца, нудзіцца

(Зрэшты, старажытныя ўяўленьні пра нібыта нешчасьлівы лёс заключаных у гэтым месяцы шлюбаў былі яшчэ ў рымлян і зьвязаныя, хутчэй за ўсё, ня з назвай, а з старадаўнім гаспадарчым календаром.)

У кожным разе, у беларускай мове такога сугучча няма. Таму параю тым, хто ўсё ж асьцерагаецца жаніцца ў маі: сьмела рабіце гэта ў траўні.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG