Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі суд не задаволіў прэтэнзіяў міліцыі да блогера


Аляксандар Ірхо
Аляксандар Ірхо

Ленінскі раённы суд Магілёва не задаволіў прэтэнзіяў Упраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму да блогера Аляксандра Ірхо. Пазоўнік вінаваціў адміністратара шэрагу суполак у сацыяльных сетках у нанясеньні шкоды дзелавой рэпутацыі ведамства.

21 лістапада Ірхо разьмясьціў у сацыяльных сетках матэрыял з ананімным апытаньнем пад загалоўкам «Якую суму грошай Вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласьці?». Прапаноўваліся варыянты адказаў. Гэтае апытаньне і стала нагодай для звароту абласнога міліцэйскага ведамства ў суд.

Судзьдзя Валянціна Лапаціна ня ўгледзела ў разьмешчаным Аляксандрам Ірхо апытаньні зьвестак, якія б зьневажалі дзелавую рэпутацыю пазоўніка. Судзьдзя спаслалася на 153 артыкул Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, які, паводле яе, прадугледжвае тры складнікі факту віны за пашырэньне непраўдзівых і зьняважлівых зьвестак.

«Вывучыўшы доказы бакоў, суд прыйшоў да высновы, што апублікаванае апытаньне ў пастаўленай рэдакцыі ня сьведчыць пра тое, што распаўсюджваліся зьвесткі, якімі б зьневажалася дзелавая рэпутацыя пазоўніка», — падсумавала судзьдзя Валянціна Лапаціна.

Падчас судовага разбору грамадзянскай справы пазоўнік даводзіў, што апытаньне ўтрымлівала інфармацыю нэгатыўнага, паклёпніцкага і правакацыйнага характару, якая ўказвала на хабарніцтва ў шэрагах супрацоўнікаў ДАІ, атрымала шырокі грамадзкі розгалас і нанесла шкоду дзелавой рэпутацыі ДАІ і Ўпраўленьня ўнутраных справаў у цэлым.

Пазоўнік прасіў суд, каб той абавязаў адказьніка апублікаваць выбачэньні за пашырэньне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці і якою зьняважаная дзелавая рэпутацыя Ўпраўленьня ўнутраных справаў.

Аляксандар Ірхо сваёй віны не прызнаваў. Казаў суду, што ня меў на мэце апытаньнем зьняважыць дзелавую рэпутацыю супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Разам з тым ён выбачыўся за некарэктнасьць фармулёўкі пытаньня.

«Празь некарэктную фармулёўку пытаньня і варыянтаў адказаў на яго, што ў нейкай ступені паспрыяла ўзьнікненьню нашага канфлікту, я прыношу выбачэньне, — казаў на судзе блогер. — Але таго, што я сваім апытаньнем нібыта зьняважыў дзелавую рэпутацыю Ўпраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму, я ніякім чынам не прызнаю».

Гаворачы пра пазыцыю апанэнтаў, блогер адзначаў, што не разумее іхных прэтэнзіяў:

«Пазоўныя патрабаваньні некарэктныя — не пазначана, якое менавіта зьняпраўджаньне Ўпраўленьне ўнутраных справаў патрабуе надрукаваць, — казаў ён. — Мяркую, што калі б яны адразу паспрабавалі сфармуляваць тэкст чаканага імі зьняпраўджаньня, то адмовіліся б ад пазову».

Вынікі апытаньня адказьнік назваў «дзелавой крытыкай працы ДАІ». Упраўленьню ўнутраных справаў, казаў ён, трэба ўспрыняць іх і рабіць захады дзеля паляпшэньня працы ДАІ, а ня бегчы ў суд з пазовам.

Абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму
Абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму

Заява Ірхо з выбачэньнямі пазоўнікаў не задаволіла. «Мы іх успрымаем, мы радыя, што ён усьвядоміў памылку...», — адрэагавала на словы з выбачэньнямі апанэнта прадстаўніца Ўпраўленьня ўнутраных справаў Тацяна Мартынава.

«Цьверджаньні пра тое, што грамадзяне давалі супрацоўнікам ДАІ розныя сумы грошай у замежнай валюце, зьневажаюць дзелавую рэпутацыю пазоўніка, — казала на судзе Мартынава, — паколькі ўказваюць, што дзейнасьць структурнага падразьдзяленьня ДАІ ажыцьцяўляецца з парушэньнем антыкарупцыйнага заканадаўства».

Паводле прадстаўніцы ведамства, удзельнікі суполак у сацыяльных сетках гэтую інфармацыю ўспрынялі як даваньне хабару службовай асобе.

У апытаньні, якое заставалася даступным удзельнікам суполак цягам дзьвюх гадзін, узяло ўдзел 1739 чалавек. Паводле Аляксандра Ірхо, 83 працэнты ўдзельнікаў апытаньня паведамілі, што ім не даводзілася плаціць супрацоўнікам ДАІ.

Апытаньне было выдаленае, як прызнаў на судзе Ірхо, на патрабаваньне начальніка аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Упраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Ігнатовіча. Міліцыянт палічыў, што яно зьняважлівае для супрацоўнікаў ДАІ і некарэктна сфармуляванае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG