Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Гандлёвыя павільёны закрытыя «з тэхнічных прычын»


Гандлёвы цэнтар працуе, павільёны ў ім — не
Гандлёвы цэнтар працуе, павільёны ў ім — не

У Магілёве многія прадпрымальнікі не рызыкнулі выйсьці на працу ў гандлёвых цэнтрах. Павільёны заставаліся зачыненымі ўвесь дзень.

На абвестках пазначана «з тэхнічных прычын». Гандляры не паверылі чыноўнікам, што падаткоўцы ня прыйдуць з праверкай і ня будуць штрафаваць за адсутнасьць сэртыфікатаў якасьці на рэшту тавару, якую належала вывезьці з працоўнага месца да 1 сакавіка.

У настроях прадпрымальнікаў — разгубленасьць. Гандляры кажуць, што сёлетні гандаль не прыносіць прыбытку. У пакупнікоў няма грошай. Сытуацыю ўскладняе няпэўнасьць сытуацыі з указам № 222. Афіцыйных дакумэнтаў, што яго дзеяньне прыпыненае, няма — толькі словы чыноўнікаў. Іхныя запэўніваньні, аднак, для кантрольных органаў вагі ня маюць.

У такой сытуацыі гандляры палічылі за лепшае ўстрымацца ад выхаду на працоўныя месцы. Чакаюць дакумэнту ад выканаўчай улады. Пра забастоўку гаворкі няма, сьцьвярджаюць прадпрымальнікі.

Адміністрацыя гандлёвых цэнтраў арандатараў разумее, але дапамагчы нічым ня можа.

У аблвыканкаме заяўляюць, што створана працоўная група, якая будзе шукаць выйсьця з сытуацыі. Намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч запэўнівае:

«Нормы ўказу № 222, якія з 1 сакавіка павінны быць у дзеяньні, будуць прыпыненыя ў частцы праверачных мерапрыемстваў. Дадзеныя пытаньні, якія будуць урэгуляваныя бізнэс-саюзамі і ўрадам, будуць унесеныя на разгляд кіраўніка дзяржавы».

На сустрэчы з чыноўнікамі прадпрымальнікам эмацыйна спрабавалі выкласьці сваю праблему. Паводле іх, гуртавікі ў Расеі, у якіх гандляры набываюць тавар, накладныя на яго выпісаць могуць — але ці сапраўднай і дастатковай будзе такая дакумэнтацыя, каб уратаваць прывезенае ад канфіскацыі?

Многія ж прадпрымальнікі кажуць, што дагэтуль няма адзінага падыходу да дакумэнтацыі, якая будзе пацьвярджаць якасьць тавару. Такая сытуацыя будзе спараджаць сваволю кантралёраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG