Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Лукашэнку лепш паехаць у Ватыкан, чым у Рыгу


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Чаму беларускі бок дагэтуль хавае інфармацыю пра тое, хто паедзе на саміт «Усходняга партнэрства» у Рыгу?

Ці паедзе туды Лукашэнка, і што чакаць Беларусі ад саміту? На гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

— Чаму дагэтуль невядома, хто будзе прадстаўляць Беларусь?

— Гэта хутчэй такая завядзёнка, чым інтрыга. Бо і ў мінулыя разы таксама інфармацыя трымалася да апошняга. Ну і трэба рабіць папраўку на такую нэрвовую сытуацыю ў рэгіёне з-за канфлікту, і што ў Расеі такая нэрвовая рэакцыя. Лаўроў сказаў, што саміт у Рызе — гэта антырасейскае мерапрыемства. Таму беларускія ўлады думаюць, вельмі ўважліва адсочваюць расейскую рэакцыю. І ня хочуць дапусьціць такога моманту, калі яны аб’явяць, што, напрыклад, прэзыдэнт паедзе, і атрымаюць вельмі жорсткую рэакцыю з Расеі. І вымушаныя будуць адкруціць назад сваё рашэньне, чым згубяць твар. Таму чакаюць да апошняга і потым некага туды дашлюць і рэакцыя будзе мінімальная, бо яна будзе забіта хутчэй інфармацыйнымі нагодамі, што будуць зыходзіць з самога саміту. Хутчэй за ўсё, там будзе міністар замежных спраў Макей, бо там няма ніякай патрэбы прысутнасьці прэзыдэнта, бо нічога сур’ёзнага падпісваць не плянуецца. Ну і ён застаецца пад санкцыямі.

— То бок Лукашэнка на гэты раз спалохаецца Масквы?

— Тут ня толькі пагроза Масквы. Тут яшчэ важны фактар, што Лукашэнка неўязны, і для яго Эўразьвязу трэба будзе прымаць асобнае рашэньне, а для гэтага рашэньня ўжо проста няма часу. Другі момант — асьцерагаюцца абструкцыі. То бок Лукашэнка прыедзе, а ніхто з эўрапейцаў зь ім не захоча сустракацца, не пададуць рукі і так далей. Таму найбольш важнай для яго паездкай цяпер была б паездка ў Ватыкан, якая ўжо амаль што ўзгодненая. Гэта ўсё ж заходнеэўрапейская краіна. І ня будзе такой варожай рэакцыі з боку Расеі, таму для іміджу гэта было б лепш, чым паездка ў Рыгу.

— Такім чынам, хутчэй за ўсе Макей?

— Так, верагоднасьць большая, хаця ўсялякае можа быць. Але сыходзячы зь цяперашняй інфармацыі, агульнай атмасфэры вакол саміту і таго, што будзе прынята адносна Беларусі, я думаю, што Беларусь будзе прадстаўлена міністрам.

— Паведамлялася, што рашэньні саміту будуць даволі мяккія?

— Так. Месяц таму ў прэсу быў укінуты першы чарнавік рэзалюцыі саміту, і там не было сказана адносна Беларусі, што будзе падпісана пагадненьне аб візавай фасылітацыі. Было сказана толькі пра партнэрства па міграцыі. І там гаварылася пра дарожную мапу пад дыялёг аб мадэрнізацыі. Але паводле апошняй інфармацыі, хутчэй за ўсё, тут ня будзе прынята нічога істотнага адносна Беларусі. Што да візавых пытаньняў, то, верагодна, будзе парафіяваны, узгоднены тэкст. Але і тут заставаліся тэхнічныя пытаньні, над якімі бакі працуюць. Таму нават гэта пад пытаньнем.

Алесь Дашчынскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG