Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніку лоеўскай міліцыі суд параіў абараняць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў Польшчы


Аляксей Мінчонак, архіўнае фота
Аляксей Мінчонак, архіўнае фота

Судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Ірына Званко спыніла разгляд справы паводле пазову начальніка Лоеўскага райаддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова ў частцы прэтэнзіяў да тэлеканалу «Белсат» Польскага агульнанацыянальнага тэлебачаньня аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі з кампэнсацыяй маральнай шкоды.

Пазоўніку рэкамэндавана зьвярнуцца ў кампэтэнтны суд Рэспублікі Польшча — па месцы знаходжаньня тэлебачаньня. Пра гэта напісаў у фэйсбуку, апублікаваўшы копію вызначэньня судзьдзі Званко, прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

Начальнік лоеўскай міліцыі падпалкоўнік Уладзімер Бухаўцоў зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Гомеля па абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі з пазовам да журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага і тэлеканалу «Белсат». Падпалкоўнік пакрыўдзіўся на два сюжэты: «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» і «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў».

Аляксей Мінчонак як прадстаўнік «Белсату» патлумачыў суду, што першы зь сюжэтаў рыхтаваў не Жукоўскі, а журналіст Руселік. У ім былі скарыстаныя толькі відэаздымкі Жукоўскага з удзелам Бухаўцова як начальніка міліцыі, але прозьвішча ня згадваецца, абразы ніякай на яго адрас няма.

«Ёсьць кадры, на якіх Бухаўцоў прыехаў затрымліваць Жукоўскага, спрабуе схапіць ці пашкодзіць тэхніку — не зусім зразумела, бо камэра нечакана становіцца няўстойлівай. Бухаўцоў у той час быў пры выкананьні службовых абавязкаў, у грамадзкім месцы. Ніякім чынам яго правы не парушаныя. Што да другога сюжэту, то „Белсат“ яго наагул не трансьляваў у эфіры», — казаў Мільчонак і прасіў суд пакінуць пазоў у частцы прэтэнзіяў да «Белсату» без задавальненьня.

У відэароліку «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў» мясцовыя жыхары самі расказваюць пра тое, як міліцыя зь іх зьдзекавалася, у тым ліку пра выпадкі фізычнага гвалту. Сьведчаньні лоеўцаў начальнік міліцыі не аспрэчвае, а толькі застаўку з надпісам: «МУС — гестапа?» Прычым у пазове пытальнік пасьля гэтага выразу Ўладзімер Бухаўцоў ня ставіў.

Суд ужо двойчы даваў час начальніку лоеўскіх міліцыянтаў, каб удакладніць, якія словы і выразы ў згаданых сюжэтах абражаюць ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Аднак міліцэйскі начальнік надалей аспрэчваў відэасюжэты «ў цэлым».

Вызначэньне суду Цэнтральнага раёну не набыло юрыдычнай моцы і можа быць абскарджана цягам 10 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG