Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёгкі дух! Альбо 6 асаблівасьцяў беларускай лазьні


Так магла выглядаць славянская лазьня-паўзямлянка дзесяць стагодзьдзяў назад. Звонку яна мае выгляд землянога грудка з абсталяваным уваходам. Каб нацепліць такую лазьню, спатрэбіцца 6–7 гадзін і багата дроў. Лазьня трымае цяпло некалькі дзён.

Як лазьня ўратавала шлюб Ягайлы і польскай каралеўны Ядвігі? Як правільна пакінуць лазьню, ратуючыся ад Лазьніка? Калі ўдаецца нарыхтаваць найлепшыя венікі? З надыходам восеньскіх халадоў допіс нашай сталай аўтаркі Яны Шыдлоўскай будзе якраз дарэчы.

1. Курны водар старадаўняй лазьні

Славяне будавалі лазьні спакон вякоў. Спачатку гэта былі курныя зямлянкі або паўзямлянкі, якія выкопвалі ў пясчаных схілах па берагах рэк, яроў і пагоркаў.

Як выглядала і дзейнічала славянская лазьня-паўзямлянка, сёньня можна ўбачыць у музэі пад адкрытым небам у польскім Воліне, дзе адраджаюць культуру і традыцыі славян і вікінгаў. Археолягі адшукалі на высьпе, дзе стаіць горад, драўляную канструкцыю Х стагодзьдзя са сьлядамі печы, якая магла быць лазьняй.

Праяжджаючы гэтымі мясьцінамі больш за дзесяць стагодзьдзяў таму, гандляр-падарожнік Ібрагім ібн-Якуб склаў падрабязнае апісаньне славянскай лазьні, якую ў сваіх нататках ён назваў al-istba.

«Славяне ўжываюць дамкі з дрэва, — піша ён. — Шчыліны ў іх яны затыкаюць чымсьці, што бывае ў іх на дрэвах, падобным да водарасьцяў, і што яны называюць мохам. Яны будуюць печ з камянёў у адным з кутоў і над ёй у столі праразаюць акенца для выхаду дыму. А калі печ разаграецца, затыкаюць акенца і зачыняюць дзьверы доміка. Усярэдзіне знаходзіцца ёмістасьць для вады. Ваду льюць на добра напаленую печ, і ўздымаюцца клубы пары. Кожны з прысутных мае вязку з травы, якой ганяе паветра, прыцягваючы яго да сябе. У гэты час адкрываюцца ў іх поры і выходзяць лішнія субстанцыі зь іхніх целаў. І плывуць з іх патокі поту. І не застаецца сьлядоў балячак і раздражненьняў на скуры».

Волінскую лазьню-паўзямлянку, якую аднаўлялі беларускія рэканструктары, цепляць па-чорнаму, закладаючы дровы ў печ-каменку і выпускаючы пару празь нізкія дзьверы. Магчыма, тады лазьня і атрымала сваю назву — як збудаваньне зь нізкім праходам, куды можна толькі пралезьці.

Паводле іншай вэрсіі, лазьню так назвалі таму, што трэба было залазіць на высокія палкі.

Падлога ў волінскай лазьні земляная, сьцены выкладзеныя дубовымі бярвёнамі, каб цяпло трымалася, а вада награецца ў падвешаным над печкай чыгунку. Уздоўж сьцен замацаваныя палкі.

У Беларусі курныя лазьні былі вядомыя з часоў раньняга Сярэднявечча. Іх ставілі ў гарадах, мястэчках і вёсках. Найбольшы распаўсюд лазьні атрымалі на Паазерʼі і ў Падняпроўі, у басэйнах Дзьвіны і верхнім цячэньні Дняпра і Сажа.

У паўднёвых рэгіёнах краіны і на Палесьсі часьцей мыліся ў хаце, выкарыстоўваючы драўляную балею.

Паступова лазьню-паўзямлянку замяняе драўляная зрубная канструкцыя — невялікая па памерах (2,2×2,8×2м), з малым акенцам і нізкімі дзьвярыма. Столь складалася з жэрдак і гарбылёў, уцяплялася зямлёю, мохам, лісьцем і кастрыцай, накрывалася дахам без шчыткоў. Падлогу масьцілі плашкамі, радзей дошкамі. Справа ад уваходу клалі печ-каменку з валуноў, на якіх грэлася вада. Побач стаяла калода з вадой і вядро, за печкай — лава-палок. У курнай лазьні дым выходзіў празь дзьверы або ў невялікую адтуліну над печчу. Усё, як і пісаў узгаданы раней Ібрагім ібн-Якуб.

Зь цягам часу да лазьні прыбудоўваюць прылазьнік, спачатку халодны, пасьля — цёплы. У курнай лазьні стаяў своеасаблівы водар, які яшчэ доўга заставаўся на чалавеку пасьля яе наведваньня. Можа здавацца, што зацепленая па-чорнаму лазьня брудзіць. Але насамрэч распаранае цела дастаткова было потым зьлёгку абмыць, а палкі працерці анучаю.

Па вёсках лазьні былі толькі ў заможных сялян, а для бяднейшых утрымліваліся манахамі пры кляштарах.

Чысьціню цела важна было захоўваць ня толькі дома, але і ў ваенным паходзе. Так, здабыўшы перамогу над бізантыйцамі, славяне патрабавалі для сваіх ваяроў права наведваць грэцкія лазьні.

Курная, або лазьня па-чорнаму — найбольш старажытны тып лазьняў. На Віцебшчыне шмат у якіх дварах яны ёсьць і сёньня
Курная, або лазьня па-чорнаму — найбольш старажытны тып лазьняў. На Віцебшчыне шмат у якіх дварах яны ёсьць і сёньня

2. Лазьня па-беламу

На пачатку ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі пачынаюць зьяўляцца белыя лазьні, у якіх дым выходзіць праз комін удасканаленай печы. У розных рэгіёнах Беларусі яны выглядаюць па-рознаму. Так, ва ўсходняй частцы Падняпроўя лазьні ставілі на панадворку. У заходняй частцы — па берагах рэк і сажалак. Падняпроўскія лазьні мелі двухсхільныя дахі, крытыя дошкамі, радзей — саломай. Паазерскія лазьні з чатырохсхільнымі саламянымі стрэхамі ставіліся на беразе, а калі ракі ці возера паблізу не было, то па-за сядзібай выкопвалі ставок. Часам лазьні ставілі на палі або на спэцыяльныя плятформы над вадаёмамі, звонку аздаблялі галерэямі. У Кобрыне, напрыклад, лазьня была на мосьце паміж Верхнім і Ніжнім замкамі.

Сярод іншых гаспадарчых пабудоў лазьня сустракаецца і ў панскіх маёнтках, і ў шляхецкіх сядзібах. Даволі часта прафэсійныя архітэктары кіраваліся тут народнымі будаўнічымі традыцыямі драўлянага дойлідзтва. Аднак можна было сустрэць і багата аздобленыя белыя лазьні з кафлянымі печамі, з драўлянымі або меднымі ваннамі. Побач маглі быць пакоі для адпачынку і забаваў. Часам лазьню рабілі ў флігелі на бровары. У заможных сядзібах будавалі манумэнтальныя лазьні накшталт рымскіх тэрмаў.

Пра тое, што беларусу ў лазьні добра, сьведчыць мноства захаваных старых лазьняў, будоўля новых, а таксама шэраг разнастайных лазенных прапаноў у галіне турызму — зь вільготным і сухім паветрам, басэйнамі, памяшканьнямі для лекавых працэдур. На аграсядзібах адраджаюць традыцыі старадаўняй беларускай лазьні — культуру мыцьця і абрадаў. Паслугу цяпленьня лазьні часта прапануюць па асобным кошце.

Лазьні на Віцебшчыне часьцей будавалі па-за межамі сядзібы — на беразе ракі, возера ці штучнага стаўка
Лазьні на Віцебшчыне часьцей будавалі па-за межамі сядзібы — на беразе ракі, возера ці штучнага стаўка

3. Шматзначнасьць беларускай лазьні

Беларусы, аднак, не заўсёды наведвалі лазьню толькі дзеля таго, каб памыцца. Там сушылі і апрацоўвалі пяньку і лён, чаго, дарэчы, вельмі не любіў Лазьнік. Асабліва яму дапякаў смурод не прыбранай у час кастрыцы. Праз гэта нячысьцік мог раззлавацца, наклікаць на лазьню пажар, а сам сысьці.

Са старажытных часоў у лазьню хадзілі, каб паздаравець. Яна давала палёгку хворым на раматус, падагру, нэўроз, хваробы нырак. Пара ў спалучэньні са слушна падабранымі лекавымі зёлкамі і мёдам нярэдка рабіла цуды, пры ўмове, што лазьня выцеплена як мае быць, камяні не шыпяць, а туман ня сьцелецца. Паддавалі лёгкай пары квасам, настоем з гаючых і духмяных зёлак — мяты, чабору, сьвятаяньніку, мацярдушкі.

Небясьпечнай, затое самай дакладнай была варажба ў лазьні. На Каляды туды ішлі самыя сьмелыя дзяўчаты, каб даведацца пра будучага жаніха. А ўжо напярэдадні вясельля ў лазьню ішла маладая і на шчасьце выціралася сарочкай. Дзяцей нараджалі ўзімку ў хаце, а летам — у лазьні. Больш за тое, наведваньне лазьні было адным зь першых рытуалаў, якія вярталі парадзіху ў звычайны побыт. Павітуха парыла жанчыну, змывала зь яе і з нованароджанага «чужасьць». Прычым венік, якім парылі парадзіху, раілі не выкідаць. Пазьней ён мог уратаваць ураджай капусты. Калі там завёўся чарвяк, такі венік парылі ў вадзе і пырскалі гэтаю вадою капусту.

Асабліва важным лічылася наведаць лазьню да Вялікадня. У Чысты чацьвер туды хадзілі ўсёй сямʼёй і мыліся, насуперак пажаданьням Лазьніка, да ўсходу сонца, кажучы, што і воран перад гэтым днём купае сваіх дзяцей. Згатаваўшы абрадавыя стравы, ішлі ў лазьню і на Дзяды, кажучы: «Трэба грэшнае цела абмыць, а потым і Дзяды адбыць». Душы прашчураў на гэтае сьвята знаходзілі ў лазьні вядро чыстай вады і новы венік. Абавязковым лічыліся купаньне ці наведваньне лазьні перад Купальлем. У дзень Агрыпіны-купальніцы лазьню цеплілі на шчасьце, сілу і здароўе, аздабляючы сьцены венікамі з духмяных траваў — рамонкаў, палыну, казельца.

4.У лазьні мы ўсе адно, у лазьні ўсё відно

Наведваньне лазьні магло вырашыць лёс цэлага княства. Так, дзякуючы лазьні Ягайла ажаніўся зь Ядвігай, якая сумнявалася ў фізычнай спраўнасьці будучага жаніха. Гэтую гісторыю бліскуча апісвае гісторык Леў Казлоў. Напярэдадні вясельля польская каралеўна дае даверанаму шляхціцу Завішу далікатны загад — спраўдзіць, ці насамрэч так страшна пасечана ў баях цела нарачонага і ці стае ў яго ўсіх важных дэталяў. Кемлівы Ягайла здагадаўся, чаго прыехаў пасланец. Таму неўзабаве павёў яго ў лазьню. У Кракаў Завіша павёз суцяшальныя весткі. Вясельле адбылося 18 лютага 1385 году...

5. Лазьня з Духам

Пад палком беларускай лазьні здаўна жыве моцны і голы, як стары венік, Лазьнік. Нораву ён шкоднага — магчыма, таму, што лазьня вынесена па-за двор. Асьцерагаючыся пажару, яе будавалі далей ад хаты. Спрытны дзядок Лазьнік надзвычай любіць парыцца і мыцца, шануе добры дух, сьвежы венік і чыстую ваду. Як істота надзвычай высокай маралі ён ня любіць, калі ў лазьні брыдкасловяць, пʼюць алькаголь і мыюцца запозна. Затое жартуе і злуецца гэты сядзібны дух ня самым вытанчаным спосабам — кідаецца камянямі з гарачае печкі, лье на людзей кіпень, апоўначы пачынае грукаць у сьцены і балеі, жахліва крычыць і стогне. Асабліва дастаецца ад Лазьніка чамусьці жанчынам. Парадзіху пасьля нараджэньня дзіцяці стараліся не пакідаць у лазьні адну. Для ачышчальнай малітвы ў лазьню часам запрашалі сьвятара, аднак крыжа і малітвы свавольнік ня надта баяўся. Каб ад яго ўратавацца, трэба было хутчэй пакінуць лазьню задам наперад. Таму, у адрозьненьне ад іншых сядзібных духаў, Лазьнік — няпрошаны госьць. Ён самавольна селіцца ў лазьні і пакідае яе ня самым ветлівым чынам — можа наклікаць пажар, разбурыць печ, зламаць страху. Гаспадару гэта знак, што Лазьнік сюды больш ніколі ня вернецца.

Цяпер Лазьнік хіба толькі зьлёгку пужае турыстаў, якія прыяжджаюць паспытаць традыцыйнай беларускай лазьні. Гаспадары сядзібаў абавязкова раяць гасьцям, як залагодзіць злоснага духа і што рабіць у небясьпецы.

Печ-каменка ў курной лазьні. У падвешаным чыгунку награецца вада. Камянямі з такой печкі ў даўнія часы Лазьнік мог кідацца ў несвоечасовага наведніка
Печ-каменка ў курной лазьні. У падвешаным чыгунку награецца вада. Камянямі з такой печкі ў даўнія часы Лазьнік мог кідацца ў несвоечасовага наведніка

6. Венік у лазьні гаспадар

Абавязковым аксэсуарам у лазьні быў венік. Беларусы назапашвалі венікі на цэлы год. Самым спрыяльным часам для іх нарыхтоўкі лічыўся дзень перад Купальлем, пасьля якога Вадзянік лагаднеў і распачынаўся бясьпечны купальны сэзон. Ад венікаў, зробленых раней, была толькі шкода. Пасьля абеду на Агрыпіну ехалі ў лес па бярозавыя венікі, нагружаючы цэлыя вазы. Верагодна, тады зьявілася выслоўе «да новых венікаў», што значыць «вельмі доўга».

Правільна высушаны і складзены венік меў лекавыя ўласьцівасьці. Здаўна перавагу аддавалі венікам бярозавым, дубовым і ліпавым. Калючы і грубы венік зь ядлоўцу мае багата эфірнага алею, памагае ад грыпу, алергічных захворваньняў. Рабілі венікі і хваёвыя. Нарыхтоўваць іх лепш у траўні-чэрвені, калі ў мяккіх маладых іголках найбольш карысных рэчываў. Былі ў пашане венікі з арэшніку, які славяне лічылі сьвятым, бо лекавае ў ім усё — і кара, і плады, і лісткі. Рызыкоўна было ўжываць венік зь ясеню, які лічыцца ядавітым. Але дыхаць парай ад гарачых ясеневых лістоў надзвычай карысна. Пары палыну, які добра спалучаецца зь бярозай, паляпшаюць памяць. Робяць венікі з маладога клёну, галінак парэчкі, рабіны, чаромхі, крапівы. У любы венік можна дадаць лекавых і духмяных зёлак — піжмы, палыну, мяты, мэлісы, скрыпню, крываўніку.

Паход у лазьню здаўна лічыўся прыкладам добрасуседзтва. Госьці маглі прыхапіць з сабой дровы і венік, а гаспадар тады меўся як мага лепш іх папарыць. Каб даведацца пра суджанага, дзяўчаты варажылі на веніку, употай хаваючы яго пад падушкай са словамі «прысьніся той, хто мне люб».

Самым спрыяльным часам, каб нарыхтоўваць венікі, лічыўся дзень перад Купальлем, пасьля якога Вадзянік лагаднеў і распачынаўся бясьпечны купальны сэзон
Самым спрыяльным часам, каб нарыхтоўваць венікі, лічыўся дзень перад Купальлем, пасьля якога Вадзянік лагаднеў і распачынаўся бясьпечны купальны сэзон

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG