Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка пра візыт Лукашэнкі ў Пакістан: «Гэтая краіна для Беларусі мае нулявы эфэкт»


Аляксандар Луашэнка і пакістанскі прэм’ер-міністар Наваз Шарыф
Аляксандар Луашэнка і пакістанскі прэм’ер-міністар Наваз Шарыф

Аляксандар Лукашэнка і прэм’ер-міністар Пакістана Наваз Шарыф падпісалі Ісламабадзкую дэклярацыю беларуска-пакістанскага партнэрства.

Кіраўнік Беларусі запрасіў Пакістан да стварэньня вытворчасьцяў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку: «Мы для гэтага створым вам неабходныя ўмовы, а падатковыя льготы там беспрэцэдэнтныя», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

«Беларускі бок асабліва зацікаўлены ў тым, каб, прыйшоўшы ў Беларусь, Пакістан стварыў сучасныя швейныя, тэкстыльныя вытворчасьці, — падкрэсьліў Лукашэнка. — У вас вялікі вопыт у гэтым. У нас жа ёсьць для гэтага вельмі добрая база. І мы гатовыя да стварэньня з вамі ў цэнтры Эўропы сумесных вытворчасьцяў», — адзначыў ён.

«Ваша прадукцыя з гэтых прадпрыемстваў, наша сумесная прадукцыя будзе карыстацца велізарным попытам. Гэта той тавар, якога сёньня не хапае на прасторы былога Савецкага Саюзу, і мы яго завозім з розных краін. Думаю, што ваша прадукцыя будзе канкурэнтная і на эўрапейскім рынку», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Акрамя таго, у Ісламабадзе быў падпісаны пакет з двух дзясяткаў дакумэнтаў, накіраваных на пашырэньне супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў розных сфэрах.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Эканаміст Леанід Заіка ў камэнтары для Радыё Свабода адзначыў:

«Пакістан знаходзіцца ў досыць складаным становішчы. Ён служыць базай для аўганскіх маджахедаў, талібаў, там знаходзіцца штаб-кватэра Аль-Каіды. Там працуюць амэрыканскія выведныя структуры. У самім Пакістане ідзе барацьба за пэўную вайскова-палітычную прысутнасьць. Навошта мы туды паехалі — гэта загадка. Напэўна, хтосьці з памочнікаў выказаў меркаваньне, што мы можам эфэктыўна супрацоўнічаць з Пакістанам.

Статыстыка па экспарце-імпарце Беларусі з Пакістанам мізэрная. Яна маргінальная. Гэтая краіна для нас мае, так бы мовіць, нулявы эфэкт. Яшчэ пазаўчора кіраўнік дзяржавы казаў, што мы будзем займацца імпартазамяшчэньнем, а сёньня, прыехаўшы ў Пакістан, ён кажа: „Давайце мы будзем у вас браць швейныя, тэкстыльныя тэхналёгіі“. Паехаць ва ўсходнюю краіну, якая па тэхнічным узроўні значна слабейшая за нас, і яшчэ цягнуць адтуль швачную вытворчасьць сюды? Гэта што — сур’ёзна?

У Эўропе нас не прымаюць. Ну, а ў Пакістане — могуць. Сёньня Пакістан, заўтра будзе яшчэ які-небудзь -стан... Гэта тыповая палітыка апошніх крокаў, калі ня ведаем, што рабіць, ходзім па коле і вышукваем сабе партнэраў».

Паводле Белстату, тавараабарот паміж Беларусьсю і Пакістанам склаў у першым квартале 2015 году 19,5 мільёна даляраў. Экспарт — 15,62 мільёна даляраў, імпарт — 4,2 мільёна даляраў. Самымі буйнымі пазыцыямі сталі трактары (939 штук на 9,2 млн даляраў) і шыны (на 880 тыс. даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG