Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскую журналістку зьбіраюцца судзіць за сюжэт для «Белсату»


Ларыса Шчыракова

8 сакавіка начальнік аддзелу аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік Юры Панін выклікаў журналістку Ларысу Шчыракову ў міліцыю і склаў у дачыненьні да яе адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — «Парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».

Ларыса Шчыракова апавяла, што падпалкоўнік міліцыі Панін выконваў даручэньне УУС Гомельскага аблвыканкаму:

«Калі я прыйшла, падпалкоўнік Панін сказаў, што да яго з абласной управы паступілі матэрыялы праверкі з нагоды нібыта майго сюжэту на тэлеканале „Белсат“ ад 13 студзеня. Ён мне адразу на кампутары паказаў гэты ролік. Гэта быў сюжэт пра сёлетняе падвышэньне падаткаў для прадпрымальнікаў. У сюжэце прадпрымальнікі распавядалі пра сваё стаўленьне да гэтага падвышэньня і наагул пра немагчымасьць нармальна працаваць».

Шчыракова кажа, што падпалкоўнік Панін меў намер «пагутарыць зь ёю на дыктафон». Але Шчыракова не пагадзілася, запатрабавала захоўваць працэсуальныя нормы — з афармленьнем адпаведных папераў:

«Я адмовілася даваць якія-кольвек тлумачэньні, бо такую магчымасьць мне дае Канстытуцыя — ня сьведчыць супраць сябе. Пасьля гэтага Панін склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і сказаў, што неўзабаве будзе суд. У матэрыялах ужо былі сьведчаньні траіх прадпрымальнікаў, якія сказалі, што я да іх падыходзіла. Ім, аказваецца, паказвалі фатаздымкі трох жанчын, у тым ліку і мой, і яны заявілі, што я брала ў іх інтэрвію. Была яшчэ й даведка, здаецца, зь Міністэрства замежных спраў, што такая і такая не акрэдытаваная як карэспандэнт тэлеканалу «Белсат».

Журналістка лічыць, што ўзмацненьне перасьледу незалежных журналістаў і СМІ наўпрост зьвязанае з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца неўзабаве, і пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне:

Я лічу, што такая масіраваная атака на незалежных журналістаў- фрылансэраў і СМІ ўсчалася таму, што рэзка пагоршылася эканамічная сытуацыя ў краіне

«Я лічу, што такая масіраваная атака на незалежных журналістаў- фрылансэраў і СМІ ўсчалася таму, што рэзка пагоршылася эканамічная сытуацыя ў краіне. У Гомелі ад пачатку новага году працоўных выпраўляюць у прымусовыя адпачынкі, заробкі ўпалі, і, вядома ж, расьце незадаволенасьць сытуацыяй. Пра гэта даведваюцца журналісты — паказваюць, распавядаюць. Гэта й не падабаецца ўладам. Яны проста вырашылі закручваць гайкі, запужваць насельніцтва, у тым ліку й перасьледаваць журналістаў, якія пра гэта распавядаюць».

У 2011 годзе гомельскія спэцслужбы зрабілі ператрус у доме Ларысы Шчыраковай у межах расьсьледаваньня справы пра «масавыя беспарадкі» ў Менску. Спадарыня Шчыракова перад гэтым здымала відэасюжэты пра перадвыбарчую кампанію Ўладзімера Някляева, зьбірала подпісы за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты.

Праз год Гомельская абласная пракуратура вынесла Ларысе Шчыраковай папярэджаньне «за дзейнасьць на карысьць прадусарскай кампаніі N.E.W.S. Informacja (Польшча)». Прасьцей — за «апазыцыйны сюжэт», як пазначана было ў афіцыйных паперах: журналістка распавяла, што жыхары Якімавай Слабады Сьветлагорскага раёну выказаліся супраць будоўлі побач зь вёскай заводу беленай цэлюлёзы.

А зусім нядаўна, у мінулым студзені, Шчыракову ў тым жа Сьветлагорску аштрафавалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце інваліда Юрыя Ляшэнкі, хоць насамрэч журналістка рыхтавала рэпартаж пра гэты самы пікет.

Апрача таго, сёньня, 9 сакавіка, Ларысе Шчыраковай патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі з Рэчыцы, каб узяць тлумачэньне наконт двух сёлетніх сюжэтаў на «Белсаце» — пра аплату прадпрымальнікамі электрычнасьці за асьвятленьне, якім яны не карыстаюцца, і пра перанос малочнага павільёна з рынку ў шапік, дзе гандлявалі півам.

Улады з дапамогай КДБ, міліцыі і судоў перасьледуюць незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. За падрыхтоўку матэрыялаў для «Белсату» раней былі аштрафаваныя на буйныя сумы Алесь Залеўскі, Марына Малчанава, Тамара Шчапёткіна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG