Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія археолягі пра ідэю эксгумацыі ў Курапатах: «Спачатку неабходна адкрыць архівы НКВД — КДБ»


На паседжаньні беларуска-польскай міжурадавай камісіі чарговым разам было ўзьнятае пытаньне неабходнасьці эксгумаваць пахаваньні ў Курапатах.

Ініцыятыву агучыў намесьнік міністра культуры Польшчы Яраслаў Сэльлін:

«Паколькі ў Курапатах спачываюць ахвяры 1937–1938 гадоў, мы ня можам выключаць, што гэта акурат тое месца, дзе варта шукаць польскіх афіцэраў, забітых увесну 1940 году», — лічыць польскі намесьнік міністра культуры.

Крыж у памяць пра закатаваных у Курапатах палякаў, архіўнае фота
Крыж у памяць пра закатаваных у Курапатах палякаў, архіўнае фота

Беларускія археолягі, якія займаюцца тэмай Курапатаў, выступаюць супраць чарговай эксгумацыі і патрабуюць спачатку адкрыць архівы і даць магчымасьць дасьледчыкам вывучыць дакумэнты НКВД — КДБ.

Археоляг Валянціна Вяргей катэгарычна супраць таго, каб зноў варушыць пахаваньні ў Курапатах:

«Я лічу, што нельга рабіць эксгумацыю. Мы ведаем 510 западзін. Але мы ня ўпэўненыя, што ўсе гэтыя 510 западзін зьяўляюцца магіламі. Калі раней праводзілі раскопкі, то некаторыя западзіны не зьяўляліся магіламі.

Па-другое, цяпер існуюць іншыя мэтады вызначэньня магіл, ёсьць так званы фосфарны мэтад (па канцэнтрацыі фосфару з костак). То бок можна праводзіць працы іншымі, больш сучаснымі і дасканалымі мэтадамі.

У Курапатах ускрыта было 15 магіл. Але як вызначыць, што там менавіта польскі вайсковец? Як вызначыць нацыянальнасьць? Там павінны быць гузікі, адзнакі з пагонаў, іншыя адметнасьці. Калі гэтага няма, не знаходзілі вось такіх адметных рэчаў, то як вызначыць? У адной з 15 магіл было 375 пахаваных, то бок вялікая колькасьць.

Я лічу, што немэтазгодна праводзіць раскопкі, пакуль у нас няма дасканалых мэтадаў, каб вызначыць, палякі гэта ці не

Гістарычную тапаграфію навукоўцы вызначылі — дзе пачыналіся пахаваньні расстраляных да 1939 году (але там не было рэчаў, па якіх можна было б вызначыць прыналежнасьць забітага да Польшчы, краінаў Балтыі). Ёсьць участак, дзе сапраўды знайшлі абутак, іншыя рэчы, якія маюць паходжаньне з Польшчы, Чэхіі, краінаў Балтыі.

Пакуль мы ня можам вызначыць, ці будуць там рэчы, якія пакажуць на прыналежнасьць расстраляных да пэўнай краіны. Я сама ўдзельнічала ў раскопках гарадзішча пад Пінскам, дзе некалі была капліца. І каля месца гэтай зьнішчанай капліцы я раскрыла пахаваньні, дзе добра захаваліся рэшткі абмундзіраваньня, і можна было вызначыць, што гэта польскія жаўнеры. Але пахаваньні 1920-х гадоў, пахаваньні падчас польска-савецкай вайны.

Так што я лічу, што цяпер немэтазгодна праводзіць раскопкі, варушыць парэшткі гэтых бязьвінна забітых, пакуль у нас няма дасканалых мэтадаў, каб вызначыць, палякі гэта ці не. Першае, што трэба зрабіць — адкрыць архівы. А потым ужо ўсё астатняе».

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, які якраз браў удзел у раскопках у Курапатах, таксама выступае за першачарговае адкрыцьцё архіваў:

«Падчас эксгумацыі магіл, безумоўна, нейкі польскі сьлед мы знаходзілі. У частцы пахаваньняў знаходзілі рэчы, адметнасьці людзей з Заходняй Беларусі, палякаў — надпісы на рэчах, мэдальёны сьведчаць пра тое, што ў магілах былі пахаваныя людзі каталіцкага веравызнаньня. Хто яны — ці „спольшчаныя“ беларусы, ці палякі — па матэрыялах эксгумацыі цяжка сказаць адназначна. Але не было нічога, што магло б паказваць на прыналежнасьць людзей да вайсковай службы: польскага афіцэрства, вайскоўцаў. Прынамсі, у эксгумаваных раней магілах ці разбураных, рабаваных пахаваньнях абсалютна ніколі нам не траплялася нічога, што было б зьвязана з вайскоўцамі Войска Польскага. Я разумею, што польскі бок вядзе гаворку пра тое, што частка польскіх вайскоўцаў, захопленых у палон, магла быць расстраляная каля Менску ці на тэрыторыі Беларусі.

Але, правёўшы ўжо раскопкі ў Курапатах, я выступаю за тое, каб спыніць эксгумацыю, таму што мы нішчым магілы. Гэтыя пахаваньні ўжо і так настолькі панішчаныя і разбураныя...

Я ўпэўнены, што і без эксгумацыі ёсьць магчымасьць весьці дасьледаваньні праз архівы НКВД і КДБ. Трэба дамагацца, каб іх адкрылі і дазволілі імі карыстацца дасьледчыкам, навукоўцам. То бок спачатку павінны быць адкрытыя архівы. А раскопваць сотні магіл ня варта».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG