Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятро Краўчанка напісаў новую кнігу, шукае грошы на яе выданьне


Пятро Краўчанка
Пятро Краўчанка

Былы міністар замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка скончыў працу над новай кніжкай. Пра гэта былы кіраўнік замежнапалітычнага ведамства сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Засталося толькі вызначыцца са зьмястоўнай і прыгожай назвай. Пакуль яна выключна працоўная: „Пятро Краўчанка: палітык і дыплямат“.

Адметнасьць кнігі ў тым, што ў ёй шмат фактаў, якія раней нідзе ня згадваліся альбо вельмі мала асьвятляліся. Так што, думаю, яна будзе карыснай як для гісторыкаў беларускай сучаснасьці, так і для звычайных людзей, маіх сучасьнікаў, на вачах якіх рабілася найноўшая беларуская гісторыя. Гарантую, што кожны знойдзе тут шмат і цікавага, і раней невядомага.

Цяпер я заняты пошукам грошай выдаць кнігу».

У 2006 годзе ў Маскве на расейскай мове выйшла кніжка Краўчанкі «Беларусь на переломе». Наступным годам гэтыя мэмуары экс-міністра надрукавалі па-беларуску ў «Кнігарні «Нашай нівы». У параўнаньні з расейскім варыянтам «Беларусь на ростанях» была істотна дапоўненая, дадаліся й фатаздымкі.

Пятро Краўчанка займаў пасаду першага міністра замежных справаў незалежнай Рэспублікі Беларусі з 1990 па 1994 год. Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў уваходзіў у штаб тагачаснага прэмʼера Вячаслава Кебіча. Пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі пайшоў у адстаўку, а на ягонае месца прыйшоў міністрам Уладзімер Сянько.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG