Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Космас Язэпа Драздовіча паказалі магілёўцам


Аўтапартрэт Драздовіча

У Магілёве адкрылася выстава карцін Язэпа Драздовіча. Мастак-летуценьнік быў захоплены космасам і пазазямным жыцьцём.

Уяўленьне Драздовіча пра кольцы Сатурна
Уяўленьне Драздовіча пра кольцы Сатурна

Выставу «Космас Язэпа Драздовіча» арганізаваў музэй гісторыі Магілёва да 750-годзьдзя гораду. У экспазыцыі прадстаўленыя карціны вядомага мастака, этнографа, навукоўца з фондаў Нацыянальнага мастацкага музэю.

«Спадчына мастака, якая захавалася на сёньняшні дзень, вельмі багатая і шматбаковая. Але асобнае месца займаюць унікальныя дасьледаваньні космасу Язэпам Драздовічам на пачатку 1930-х гадоў», — кажуць арганізатары.​

Істота зь незямной цывілізацыі
Істота зь незямной цывілізацыі

Карціны, на якіх Драздовіч уяўляў жыцьцё на іншых плянэтах, выклікалі зацікаўленасьць у наведнікаў, хоць сёньня ягоныя «касьмічныя» сюжэты могуць падацца наіўнымі мроямі.

Вольга Архіпава
Вольга Архіпава

«У трыццатыя гады яшчэ ня ведалі, што на плянэтах няма жыцьця. Тады лічылася, што паўсюль было жыцьцё, — сказала ў інтэрвію Свабодзе куратарка выставы, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі Вольга Архіпава. — Драздовіч лічыў, што ён як навуковец мае распавесьці, як выглядае незямное жыцьцё. У яго ёсьць праект ракеты. У сваіх аповедах ён расказвае, як чалавецтва двойчы зьлётала на Месяц. І гэта сапраўды адбылося ў наш, касьмічны час. Ён, выходзіць, прадракаў гэтыя падзеі. Да навукі Драздовіч ставіўся зь вялікаю павагаю. Яшчэ ягоная маці казала яму: ідзі ў навуку, і спазнаеш касьмічнае неба. І яго прываблівае гэтае неба зь дзяцінства».

Суседзі зямлян па космасе Драздовіча
Суседзі зямлян па космасе Драздовіча

У розныя часы да творчасьці Драздовіча ставіліся па-рознаму, кажа суразмоўнініца.

«У 1930-я гады ён быў зоркай, — кажа яна. — Сябра і калега Пётра Сергіевіч называў Драздовіча Леанардам да Вінчы. Калі ён працаваў у Вільні (нямала твораў перададзена з фонду беларускага музэю Івана Луцкевіча. Сам мастак прыносіў іх у музэй, і музэй браў гэтыя творы), дык у той час ён быў высока ацэнены сучасьнікамі. Да яго ставіліся з павагаю».

Такім уявіў Язэп Драздовіч Францішка Скарыну
Такім уявіў Язэп Драздовіч Францішка Скарыну

Паводле Вольгі Архіпавай, у паваенны час пра мастака і ягоную творчасьць сталі забываць.

«На тэрыторыі Беларусі да яго ставіліся як да дзівака. Ягонае жыцьцё складалася інакш, чым у Вільні», — кажа супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю.

«Выгнаньне непажаданага князя»
«Выгнаньне непажаданага князя»

У экспазыцыі нямала прац мастака на тэмы, не зьвязаныя зь ягоным захапленьнем космасам. Багата твораў з гістарычнымі сюжэтамі і асобамі, а таксама з фальклёрнымі матывамі.

Язэп Драздовіч нарадзіўся ў сямʼі зьбяднелага шляхціца-арандатара 1 кастрычніка 1881 году. Працаваў на ніве беларускага нацыянальнага адраджэньня на Віленшчыне, калі тая была пад Польшчай. Да першага палёту чалавека ў космас мастак не дажыў сем год. Памёр 15 верасьня 1954-га.

XS
SM
MD
LG