Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць пацярпелых ад аварыі на «Гродна Азоце» павялічылася


Гарадзенскае абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту завяло крымінальную справу па факце сьмерці двух рабочых і атручэньня яшчэ двух у адным з цэхаў прадпрыемства «Гродна Азот».

Крымінальная справа заведзеная па факце службовай халатнасьці паводле артыкула 428. Сёньня стала вядома, што шпіталізаваныя дадаткова яшчэ двое рабочых.

Новых зьвестак пра аварыю на «Гродна Азоце» сьледзтва пакуль не агалошвае, аднак сёньня Горадню наведаў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч.

Сёньня ж стала вядома, што да мэдыкаў па дапамогу зьвярнуліся яшчэ двое рабочых з «Гродна Азота». Аднаго зь іх у шпіталь даставіла хуткая дапамога — ён атрымаў інгаляцыйнае атручэньне парамі гарэньня падчас аварыі, а другі зьвярнуўся сам — паскардзіўся на сьлёзацячэньне. Абодвух шпіталізавалі.

Намесьнік генэральнага дырэктара па сацыяльных пытаньнях «Гродна Азота» Міхаіл Краўчанка паведаміў Свабодзе, што на прадпрыемстве працуе сьледчая група, прычыны аварыі высьвятляюцца. Паводле яго, адміністрацыя прадпрыемства пастанавіла выдзеліць родным двух рабочых, якія загінулі, матэрыяльную дапамогу.

— Адзін з загінулых 1981 году нараджэньня, другі — 1988 году. Рашэньне аб матэрыяльнай дапамозе іхнім семʼям прынятае адміністрацыяй «Гродна Азота». Двое рабочых яшчэ ў шпіталі. Ведаю, што сёньня аднаго зь іх перавялі з рэанімацыі ў агульную палату, а другі застаецца ў рэанімацыі. Цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні, чакаем іх вынікаў.

Жыхары некаторых мікрараёнаў Горадні казалі, што пасьля аварыі адчувалі некаторы час пах газу ў сваіх дварах. Учора ж адмыслоўцы Гарадзенскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя правялі дасьледаваньні паветра.

Паводле адмыслоўцы Цэнтру гігіены Сьвятланы Астравух, пробы паветра браліся ў трох месцах у зоне ўзьдзеяньня «Гродна Азота»: гэта Панямунская вуліца, пасёлак Берагавы і вёска Путрышкі.

— Нашы дасьледаваньні сьведчаць, што ўсё застаецца ў межах гігіенічных нарматываў, ніякіх перавышэньняў па тых рэчывах у паветры, якія мы спраўджвалі, няма. А мы вызначалі знаходжаньне ў паветры колькасьці аксыду вугляроду, аксыду азоту, аксыду серы і вуглевадароду. Сытуацыя стабільная.

Пра задымленьне ў адным з цэхаў паведамілі ў МНС каля 12:45 6 чэрвеня. Да прадпрыемства рушылі дзясяткі машынаў спэцтэхнікі. Паводле інфармацыі МНС, падчас правядзеньня агнявых работ іскра трапіла на гідраксыламінсульфат. Двое рабочых загінулі, яшчэ двое адразу трапілі ў шпіталь. Людзі атруціліся выпарэньнямі.«Гродна Азот» — адкрытае акцыянэрнае таварыства, якое ўваходзіць у склад канцэрну «Белнафтахім». Першыя лініі вытворчасьці азотных мінэральных угнаеньняў пачалі працаваць у 1965 годзе. «Гродна Азот» выпускае каля 50 відаў прадукцыі — у тым ліку вадкі тэхнічны аміяк, азотныя ўгнаеньні і біядызэльнае паліва — і ўваходзіць у лік найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў краіны. На прадпрыемстве працуе больш за 7 тысяч работнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG