Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры знайшлі генплян вайсковай базы ў Клінцах


Генэральны плян расейскай вайсковай базы ў Клінцах, што каля мяжы зь Беларусьсю, апублікаваў украінскі рэсурс informnapalm.org.

Паведамляецца, што валянтэры рэсурсу выявілі гэты плян будаўніцтва вайсковай базы ў Клінцах на адным з афіцыйных расейскіх сайтаў.

«Вайсковыя абʼекты, якія будуюцца ў Клінцах, знаходзяцца на адной адлегласьці (каля 45 км) ад мяжы РФ з Чарнігаўскай вобласьцю Ўкраіны і Гомельскай вобласьцю Беларусі і месьцяцца ў зоне з падвышаным узроўнем радыяцыі з прычыны аварыі на ЧАЭС», — паведамляе іnformnapalm.

«Праз аналіз і параўнаньне інфармацыі з генэральнага пляну будынкаў і збудаваньняў са спадарожнікавай мапай вынікае:

— заплянаваная рэканструкцыя трох старых будынкаў для арганізацыі інтэрнату вайскоўцаў і будаўніцтва блёчна-модульнага будынка, разьлічанага на агульную колькасьць 1900 чалавек;

— заплянаванае будаўніцтва навучальнага корпуса і страўні, рэканструкцыя будынку штабу;

— заплянаваная рэканструкцыя двух складоў вайскова-тэхнічнай маёмасьці;

— заплянаванае стварэньне базы для захоўваньня вайсковай тэхнікі й узбраеньня на 470 месцаў;

— заплянаванае будаўніцтва трэніровачных збудаваньняў», паведамляецца на сайце.

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі, а разьмяшчэньне ўзбраеньняў сьведчыць пра палітычную, а не пра наступальную апэрацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца «другая лінія абароны», каб падкрэсьліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўрусьнікам Расеі.

9 чэрвеня пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што разьмяшчэньне ў Клінцах расейскіх войскаў скіраванае супраць Украіны — як прэвэнтыўны захад. Пад канец траўня пачалася плянавая перадысьлякацыя ў Клінцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады зь Екацярынбургу. Раней у Клінцах функцыянавала вайсковая частка — у асноўным тут праходзілі тэрміновую службу хлопцы з Бранскай вобласьці. Частка праіснавала да 2011 году, яе закрылі празь недахоп фінансаваньня. Сёлета Мінабароны Расеі аднавіла яе дзейнасьць.

Клінцы — другі па велічыні горад у Бранскай вобласьці Расеі. Тут жыве больш за 60 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG