Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ скраў у мяне відэакамэру», — фронтавец Салаўёў


Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Актывіст партыі БНФ з Магілёва Зьміцер Салаўёў вінаваціць супрацоўнікаў КДБ у крадзяжы маёмасьці — відэакамэры. Яе забралі пры ператрусе 15 студзеня 2011 году. Вобшук кватэры актывіста праводзіўся ў межах расьсьледаваньня справы па падзеях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году.

Акрамя відэакамэры, у фронтаўца камітэтчыкі забралі кампутар, носьбіты інфармацыі, некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. Усё забранае празь некалькі месяцаў вярнулі, але бяз камэры.

«Мне паведамілі, што відэакамэру перадалі ў Менск, у Сьледчы камітэт, які расьсьледаваў справу па Плошчы, — апавядае Зьміцер Салаўёў. — На мае скаргі са Сьледчага камітэту мне паведамілі, што ў справе па Плошчы маёй відэакамэры няма. Таму я лічу, што яна скрадзеная. У магілёўскі Сьледчы камітэт я напісаў скаргу, каб яны разабраліся куды падзелася відэакамэра. Паколькі яе вымалі ў мяне супрацоўнікі КДБ, то і вінаваты КДБ. Проста, выходзіць, прысабечылі маю маёмасьць».

Фронтавец быў на акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску і рабіў відэа таго, што там адбывалася.

Фронтавец лічыць, што патрэбы забіраць камэры ў супрацоўнікаў КДБ не было. «Там была касэта, і яе маглі паглядзець на любым кампутары. Камэру я набываў для сямейнага карыстаньня», — кажа актывіст.

Ператрус у Зьмітра Салаўёва праводзілі безь ягонай прысутнасьці. Дома была толькі жонка і малалетняя дачка. Камітэтчыкі трапілі ў кватэру, прыгразіўшы выламаць дзьверы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG