Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касінераў: перад маршам «дармаедаў» пачаўся ціск на анархістаў


Вячаслаў Касінераў

Да сваякоў актывістаў анархісцкага руху прыходзяць «людзі ў цывільным» і раяць не хадзіць на «Марш абураных беларусаў».

Пра гэта Свабодзе паведаміў актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў:

«Мае сябры паведамляюць мне, што да іх сваякоў і суседзяў пачалі прыходзіць „людзі ў цывільным“ і зь відэакамэрамі. Прычым паведамленьні прыходзяць з розных раёнаў Менску і сьведчаць пра тое, што гэтыя людзі паводзяць сябе прыкладна аднолькава. Да саміх актывістаў не прыходзяць, а толькі да іх сваякоў і суседзяў. Запытваюць, чым апошнім часам займаецца той ці іншы актывіст, што наведвае, з кім кантактуе. Ніякіх дакумэнтаў не паказваюць і ня кажуць, для чаго зьбіраюць інфармацыю».

Вячаслаў Касінераў параўноўвае такія апытаньні з прэвэнтыўнымі затрыманьнямі і зьвязвае іх з «Маршам абураных беларусаў», які мае адбыцца ў Менску 17 лютага ў сувязі з дэкрэтам аб «дармаедах»:

«Найперш гэта зьвязана з грамадзянскай актыўнасьцю. Зьвесткі зьбіраюцца пра людзей, якія ёсьць сябрамі пэўных рухаў і бяруць удзел у палітычных акцыях. Відавочна, што гэтым займаюцца спэцыяльныя службы. Як я разумею, тое, што цяпер адбываецца, — аналяг таго, што раней было прэвэнтыўнымі затрыманьнямі перад палітычнымі акцыямі, калі актывістаў саджалі на суткі. З улікам, што 17 лютага адбудзецца „Марш абураных беларусаў“, вельмі падобна, што такім чынам улады хочуць запалохаць актывістаў. Напрыклад, размаўляючы са сваякамі адной з актывістак, „людзі ў цывільным“ параілі ёй не хадзіць на марш 17 лютага, а таксама на суды над антыфашыстамі».

Вячаслаў Касінераў сказаў, што ён ды іншыя прадстаўнікі анархісцкага руху возьмуць удзел у «Маршы абураных беларусаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG