Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС патрабуе выбачэньняў і матэрыяльнай кампэнсацыі за інцыдэнт з самалётам «Белавія»


Ілюстрацыйнае фота

22 кастрычніка ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерый Джыгун, паведамляе сайт МЗС.

Падчас сустрэчы ў МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі была ўручана нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з прымусовым вяртаньнем самалёта авіякампаніі «Белавія», які ажыцьцяўляў 21 кастрычніка 2016 году рэгулярны рэйс В2 840 па маршруце Кіеў — Менск. Самалёт быў вернуты пад пагрозай прымяніць зьнішчальнікі.

У ноце МЗС адзначана, што беларускі бок чакае афіцыйных выбачэньняў і патрабуе кампэнсацыі ўсіх фінансавых выдаткаў, выкліканых дзеяньнямі ўкраінскага боку.

Міністэрства замежных спраў таксама даручыў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне Ігару Сокалу ўручыць аналягічную ноту пратэсту ва ўкраінскім МЗС.

Як паведамлялася, самалёт «Белавія», які вылецеў з Кіева ў Менск 21 кастрычніка, на патрабаваньне ўкраінскага авіядыспэтчара быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету.

Экіпажу было заяўлена, што ў выпадку невыкананьня каманды ў паветра будуць паднятыя зьнішчальнікі.

Камандзір паветранага судна выканаў указаньне дыспэтчараў. З борта паветранага судна праваахоўнымі органамі Ўкраіны быў зьняты адзін пасажыр, грамадзянін Армэніі. Пасьля дазапраўкі рэйс В2-840 вылецеў у Менск і пасьпяхова прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Беларускі авіяперавозчык адзначае, што праваахоўныя органы Ўкраіны адпусьцілі зьнятага з рэйсу пасажыра — пазьней ён вылецеў у Менск рэйсам B2-830 авіякампаніі «Белавія».

Як паведамляе выданьне Сегодня.ua са спасылкай на аднаго з пасажыраў затрыманага рэйсу, з самалёта зьнялі мужчыну па прозьвішчы Марцірасьян.

«Нам абвясьцілі, што ён — супрацоўнік СБУ і падазраецца ў злачынствах», — распавёў ён.

Пагроза ўжыць зьнішчальнікі ў дачыненьні да пасажырскага судна — надзвычайная ў міжнароднай практыцы.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG