Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі жанчына з пачуцьцём гумару — гэта як жанчына-сантэхнік», — мастачка Кацярына Марціновіч пра сваю новую выставу


Кацярына Марціновіч
Кацярына Марціновіч

#A4 — выставу з такой назвай Кацярына Марціновіч адкрые 2 траўня а 18 гадзіне ў галерэі «Ўнівэрсытэт культуры». «Гэта мае рэфлексіі на жыцьцё», — кажа мастачка, якая аднойчы вырашыла кожны панядзелак выстаўляць у сваім фэйсбуку новы малюнак. Цяпер гэта сэрыя з 60 прац, якія зробленыя ў жанры «сэнс-арт», тлумачыць Кацярына. Мастацтва, над якім трэба падумаць. Адкрываць выставу сымбалічна вырашылі таксама ў панядзелак.

Кацярына супрацоўнічае як карыкатурыст з выданьнем «„Комсомольская правда“ в Белоруссии». Пры ягонай падтрымцы і стала магчымая гэтая падзея. Усе малюнкі на выставе можна набыць па 2 мільёны рублёў за кожны. Палову атрыманых сродкаў Кацярына аддасьць на дапамогу хворым дзецям.

Пра «панядзелкавыя» малюнкі, пра тое, навошта беларускай жанчыне мужчына, і пра рэцэпты баршчоў Кацярына Марціновіч распавяла Радыё Свабода.

— Панядзелак лічаць цяжкім днём. Чаму вырашылі выстаўляць малюнкі менавіта на пачатку тыдня?

— Калі пачнеш тыдзень добрым малюнкам — то і тыдзень будзе добры. Я выстаўляла новы малюнак на фэйсбуку кожны панядзелак, каб пацешыць людзей на пачатку тыдня. Таму мне дазволілі адкрыць выставу ў панядзелак. Падымала людзям настрой, спрабавала зьмякчыць для іх пачатак тыдня.

Рэакцыя ў фэйсбуку была розная, але больш пазытыўная. Не скажу, што было шмат лайкаў. Я рабіла гэта ня столькі для ўсіх, колькі для сябе і для тых людзей, якія «на адной хвалі» са мной. Аднойчы ў мяне не атрымалася выставіць малюнак, бо я была ў адпачынку. І тут жа атрымала мноства паведамленьняў «у прыват» — «А што здарылася?».

— Што хацелася адлюстраваць у гэтых малюнках? На якія праявы жыцьця адрэагаваць?

— Хацелася людзей захапіць. Ёсьць, напрыклад, малюнак з заплечнікам, у якога крылы анёла. Гэта каб натхніць на тое, што можна проста ўзяць заплечнік і пайсьці куды вочы глядзяць ці куды душа кліча.

Або хлопчык, які запускае марскога ската замест паветранага зьмея. Каб людзі падумалі пра мора. Гэта рэфлексія на прыгажосьць, якая ёсьць навокал. Ёсьць таксама малюнкі пра стасункі жанчыны і мужчыны.

— Вось пра стасункі цікава. Што там новага адбываецца паміж мужчынамі і жанчынамі?

— Беларускія жанчыны прыцярпеліся за апошнія стагодзьдзі. Праводзілі мужчынаў на войны, трымалі дом, гаспадарку, гадавалі дзяцей. Выглядае, што яны ўсім і кіруюць. Мужчыны ў нас агучваюць тыя рашэньні, якія прымаюць жанчыны. Жанчыны — гэта тая моц, якая ўсё цягне.

Мужчынам, канечне, падабаецца думаць, што яны самастойныя. А ў мяне ёсьць малюнак, дзе жанчына, як Сызыф, піхае ўгару мужчыну, які скруціўся абаранкам. Для мяне гэта беларуская жанчына.

— А навошта ёй гэты мужчына?

— У хаце спатрэбіцца (сьмяецца). Мая знаёмая казала: «Я ўвогуле ня ведаю, навошта ў горадзе мужчына. Можна ж выклікаць з ЖЭСа работнікаў, якія дома ўсё зробяць. На сяле гэта яшчэ спатрэбіцца, а ў горадзе...» Паразмаўляць хіба, увечары пакарміць...

— Вашы малюнкі не дастаткова проста разглядаць, іх трэба зразумець. Навошта такія складанасьці?

— Малюнкі — гэта прызма майго ўнутранага сьветапогляду. Я больш капалася ў сабе, чым у навакольным сьвеце. Краявід, коцікаў, натурморты — усё гэта можна сфатаграфаваць і выставіць у інстаграм. А задача мастака ў тым, каб «сфатаграфаваць» свой унутраны сьвет. Таму я і спрабую рабіць «сэнс-арт».

— Але на выставе будзе сэрыя з 12 знакамі задыяка. Гэта даніна масаваму захапленьню гараскопамі ці вы самі верыце ў гараскопы?

— Гэта адказ на пытаньне, ці была нейкая падзея, якая мяне натхніла на гэты праект. Я ўжывую пабачыла малюнкі Мікалоюса Чурлёніса ў Коўне. Ён зрабіў сэрыю з 12 знакамі задыяка. І гэта мой своеасаблівы «адказ Чурлёнісу». А ў гараскопы я ўвогуле ня веру.

— Вашы малюнкі вельмі гумарыстычныя, і вы самі працуеце ў жанры карыкатуры. Звычайна лічыцца, што ў жанчыны з пачуцьцём гумару ня надта добра. Вы гэты стэрэатып абвяргаеце?

Быць жанчынай-мастаком — гэта ўжо ня вельмі добра і вельмі цяжка. А каб мець яшчэ і пачуцьцё гумару — гэта як самой кран на кухні парамантаваць. Усе скажуць, што ты зварʼяцела. Калі беларуская жанчына бярэ пэндзаль ці пачынае пісаць, гэта ўжо ўспрымаецца як дурата. «Пайшла б згатавала боршч». Дарэчы, я боршч вельмі добра гатую і ведаю як мінімум пяць рэцэптаў баршчу. Гатаваць — у мяне другое хобі пасьля маляваньня.

— Патлумачце, чаму вы ўсё ж абралі для сваіх прац такі пабытовы «офісны» фармат, які і даў назву цэлай выставе?

— Гэта проста вельмі зручна. А4 добра зьмяшчаецца ў заплечнік. А калі малюнак гатовы, яго добра захоўваць у «файліку», пакуль ён ня трапіць пад рамку.

Выстава #А4 адкрыецца 2 траўня а 18 гадзіне ў галерэі «Ўнівэрсытэт культуры», што ў будынку Палаца Рэспублікі. Уваход бясплатны. Выстава працягнецца да 15 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG