Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё, вартае Беларусі. Мастаку, які вярнуў нам «Пагоню», споўнілася б 80


Яўген Кулік. Аўтар Леанід Шчамялёў

31 кастрычніка споўнілася б 80 гадоў слыннаму беларускаму мастаку, кніжнаму графіку Яўгену Куліку, які распрацаваў дзяржаўныя сымбалі новай Беларусі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, але пражыў усяго 64 гады. Пра яго ўзгадвае Вінцук Вячорка.

Яўген Кулік — гэта як пункт адліку. Строгі й бездакорны мастацкі густ і пачуцьцё меры давалі ўпэўненасьць кожнаму, хто зьвяртаўся да яго па ацэнку. Такая самая патрабавальнасьць у яго была й да палітычнае пазыцыі кожнага. Ён меў на яе права і сваёй моцнай асабовасьцю, і сваёй біяграфіяй адважнага чалавека, жыцьцём дзеля незалежнасьці й свабоды Беларусі.

Яўген Кулік быў адным з тых старэйшых нацыянальна сьведамых дзеячоў, з кім мы, сябры Групы Незалежнасьць, стваральнікі «Майстроўні» й «Талакі», сустрэліся ў канцы 70-х — пачатку 80-х. Гэта была мастакоўская тройца Марачкін-Купава-Кулік; потым пазнаёміліся зь іншымі сьведамымі мастакамі.

Для нас адною з культавых кніг былі ткачоўскія «Замкі Беларусі» — спакойны доказ нашае спрадвечнасьці, моцы й эўрапейскасьці. Ня дзіва, што стаўленьне да кнігі перайшло й на аўтараў. Менавіта аўтараў — абодвух, бо графічнае аблічча кнігі, здавалася б, паводле жанру суха-навуковай, склала важкую частку ейнага посьпеху; зрэшты, невыпадкова Міхась Ткачоў запрасіў да супрацы Яўгена Куліка.

1000-годзьдзе Беларусі. Паштоўка Яўгена Куліка з аўтарскай манаграмай. 1980. Мастака за яе перасьледаваў КГБ
1000-годзьдзе Беларусі. Паштоўка Яўгена Куліка з аўтарскай манаграмай. 1980. Мастака за яе перасьледаваў КГБ

Выдадзеныя ў кансьпірацыі паштоўкі Яўгена Куліка і Міколы Купавы «1000-годзьдзе Беларусі» (да першых згадак пра беларускія дзяржавы ў 980 годзе) былі ўручаныя і нам, маладым, — па 2-3 асобнікі. Хто аўтары, мы ня ведалі, але сквапна ўхапілі кожны сваю долю. Паштоўкі адразу трапілі на ганаровае месца майго збору філятэлістычных артэфактаў, зьвязаных зь Беларусьсю, ніводзін мой госьць не абмінаў нагоды іх пабачыць. Паштоўкі натхнілі нас на выраб свае мастацка-асьветнае прадукцыі: Сяргей Дубавец зарганізаваў свайго знаёмца-аматара, і лінарыт Вітаўта быў масава выраблены на бясплатна здабытым цьвёрдым абгортачнага колеру кардоне.

Быў інтэлектуальным лідэрам сярод адраджэнцаў

У 1981 цэнтральнаю падзеяй нацыянальнага жыцьця стаў падпольна шанаваны юбілей Iвана Луцкевіча. Першы раз сабраліся разам «паддашкаўцы» й нашая падпольная Група Незалежнасьць. Памятаю, зь якой павагай ставіліся ўсе да Яўгена Куліка, прызнаючы яго інтэлектуальнае лідэрства.

Яўген Кулік прыходзіў на ўсе нашыя майстроўскія сьвяты й на талакоўскія імпрэзы; было відаць, наколькі яму даспадобы каштоўнасьці нашага кола. А ягонага дбайна, але строга, па-мінімалісцку прарысаванага Міколу Гусоўскага, чымсьці няўлоўна падобнага да аўтара, мы ўспрынялі амаль як аўтэнтыку. Двух-з-паловай-мэтровую копію Куліковага партрэту аўтара «Песьні пра зубра», якая аздабляла вялікую вечарыну, выпрасілі для нашае «майстроўскае» імпрэзы на філфаку БДУ, дзе чыталі «Песьню» на лаціне й па-беларуску. Потым гэты партрэт я на нейкі час выставіў на гаўбцы кватэры, чым прынадзіў некалькіх праходжых нацыяналістаў зайсьці пазнаёміцца.

Выдатна разумеў значэньне тэксту

Яўген Кулік выдатна разумеў значэньне і мастацкага, і навуковага, і палітычнага тэксту. Першым легальным калектыўным праграмным дакумэнтам стала Канцэпцыя моўнага адраджэньня Моўнай камісіі Беларускага фонду культуры (1987). У групе ўдзельнічалі, сярод іншых, Пётра Садоўскі (кіраўнік камісіі), Зянон Пазьняк, аўтар гэтых радкоў і, вядома, Яўген Кулік, у чыёй майстэрні на Танкавай мы й зьбіраліся. У выніку цяжкой штодзённай працы паўстаў сурʼёзны тэкст, які, на жаль, і дагэтуль ня страціў актуальнасьці. Яго фрагмэнты трапілі ў Закон аб мовах, прыняты Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня ў 1990 годзе.

Навыкі працы пад жорсткім арганізацыйным наглядам Яўгена Куліка спатрэбіліся неўзабаве, калі пачалі рыхтаваць праграму Беларускага Народнага Фронту. Кулік быў душою першае Праграмнае камісіі Фронту, калі ў 1988 годзе ў ягонай майстэрні ўкладаліся прарочыя радкі пра незалежнасьць краіны. Ён пільна глядзеў кожнае слова, дбайна перахоўваў чарнавікі, уласнаручна, не давяраючы машынцы, перапісваў кожную ўдалую фразу. Усе былі ўпэўненыя: Кулік ацэніць і зьберажэ найлепшае, тое, што дзеля Беларусі.

Прэзыдэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч і Яўген Кулік. Фота: Яўгена Коктыша
Прэзыдэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч і Яўген Кулік. Фота: Яўгена Коктыша

Вярнуў Беларусі «Пагоню»

Ён адзін з тых, хто вярнуў нашай дзяржаве «Пагоню». Ягоная ўнікальная бібліятэка (і архіў-пінакатэка) мела ўсе доказы для вяртаньня нашых сымбаляў. Калі я рыхтаваў першыя публічныя лекцыі пра бел-чырвона-белы сьцяг («Талака», зіма 1988), якія прывялі да беспрэцэдэнтнай кампаніі пасквіляў у дзяржаўнай прэсе (і ў выніку да папулярызацыі сьцяга), то правёў нямала гадзінаў у ягонай майстэрні, раячыся пра дэталі аргумэнтацыі. Без дапамогі й удзелу Яўгена Куліка не было б многіх публікацыяў на геральдычныя тэмы. Зрэшты, і ў складаных палітычных сытуацыях я без ваганьняў ішоў да яго раіцца. І калі й цяпер мы ў думках ацэньваем: «А што пра гэта сказаў бы Яўген Кулік?» — значыць, перад намі постаць, сувымерная іншым выдатным сынам Бацькаўшчыны.

«Вы бралі на сябе місію ідэйнага натхненьня беларускага нацыянальнага вызваленьня... Ідэальны мастацкі густ. Калі мастацкую зьяву ацаніў Яўген Кулік, ухваліў яе, то гэта рэч, вартая жыцьця, вартая Беларусі... І, напэўна, найважнейшы ўрок, які я ўзяў ад вас — гэта вернасьць, каменная цьвёрдасьць і адданасьць беларускай ідэі».

Дзякуй Богу, я пасьпеў яму сказаць гэтыя словы пры жыцьці, на ўшанаваньні ягонага 60-годзьдзя ў колішняй сядзібе БНФ.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG