Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч стварае «інкубатар для гадоўлі дэпутатаў»


Ірына Яскевіч (справа) з магчымымі кандыдатамі ў дэпутаты
Ірына Яскевіч (справа) з магчымымі кандыдатамі ў дэпутаты

Віцебская актывістка, ініцыятарка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» шукае актыўных людзей, каб «узгадаваць» зь іх дэпутатаў мясцовых саветаў. Ці хаця б кандыдатаў у дэпутаты, але такіх, пра каго б ведалі людзі, ідучы на выбары.

Першыя «заняткі» ў «дэпутацкім інкубатары»
Першыя «заняткі» ў «дэпутацкім інкубатары»

Да гэтай ідэі яе падштурхнула ўласная няўдача на выбарах — калі яе не абралі ў парлямэнт, апавядае Ірына Яскевіч:

«Мяне не абралі, і гэта не было выпадковасьцю: прайшоў праўладны кандыдат. Але наперадзе — мясцовыя выбары, і я ў іх таксама хачу ўзяць удзел. Зразумела, што гэта выбары не таго маштабу, каб нехта сказаў, што „Яскевіч хоча высокую пасаду“ ці „Яскевіч хоча пераехаць у Менск“. Праца на мясцовым узроўні — гэта зусім іншае. Але гэта нашмат больш патрэбна простым людзям, у якіх ёсьць праблемы. А пра тое, што яны ёсьць, я даведалася, зьбіраючы подпісы па сваёй акрузе. Тады ж пазнаёмілася з мноствам актыўных людзей, якія хочуць выправіць умовы, у якіх жывуць, але ня ведаюць, якім чынам. Тады я й прыдумала стварыць „інкубатар“ — зьбіраць неабыякавых людзей разам, каб ці пісаць звароты да ўладаў з дапамогай праваабаронцаў, ці вывучаць заканадаўства, каб быць больш юрыдычна пісьменнымі. У тым ліку — і выбарчае заканадаўства».

Аналіз агітацыйнай улёткі: што людзі павінны ведаць пра свайго лідэра
Аналіз агітацыйнай улёткі: што людзі павінны ведаць пра свайго лідэра

На думку спадарыні Яскевіч, кандыдатамі на мясцовыя выбары павінны пайсьці тыя людзі, якіх будуць ведаць — у канкрэтным мікрараёне ці нават двары. Адна з такіх мясцовых актывістак — Ганна Мельянцова, жыхарка акругі, па якой балятавалася ў дэпутаты парлямэнту Ірына Яскевіч. Ганна пагадзілася дапамагчы ў зборы подпісаў за вылучэньне кандыдаткі, і суседзі пачалі дзяліцца сваімі бедамі. Дом 8, корпус 4 па вуліцы Смаленскай аказаўся вельмі «праблемным», хоць звонку выглядае някепска, бо нядаўна там быў капітальны рамонт.

Ганна Мельянцова
Ганна Мельянцова

Насамрэч рамонт — гэта толькі для выгляду, кажа спадарыня Ганна:

«Мы з Ірынай прайшлі па кватэрах, і людзі пачалі паказваць агрэхі будаўнікоў. Аказалася, з даху па-ранейшаму цячэ, у падʼездах сыра, а з электралічыльнікаў тырчаць голыя правады. Калі ідуць дажджы, у наш падʼезд трапіць цяжка: туды з вуліцы заліваецца вада і даходзіць да трэцяй прыступкі. Зацякае і ў падвал, бо ўваход у яго — ніжэй па узроўні ад вуліцы. З гэтым трэба нешта тэрмінова рабіць. Камунальнікі апраўдваюцца толькі адным: «Затое мы зрабілі ў вашым доме рамонт».

Падʼезд, дзе ўсё цячэ
Падʼезд, дзе ўсё цячэ

Фатаздымкі патопу і скаргі мясцовых жыхароў
Фатаздымкі патопу і скаргі мясцовых жыхароў

«Рэгістрацыйны ліст» мясцовых праблемаў
«Рэгістрацыйны ліст» мясцовых праблемаў

Ірына Яскевіч лічыць, што вырашэньне падобных праблемаў — гэта шлях, каб заваяваць давер у людзей, якія зьняверыліся ў «народных абраньніках», за якіх яны не галасавалі. А тое, што працаваць давядзецца, па сутнасьці, за іх, спадарыню Ірыну не бянтэжыць:

«Я разумею, што ў нечым мы будзем падмяняць сабой бязьдзейных дэпутатаў. Менавіта таму й важна, каб людзі ведалі, каго насамрэч турбуюць іхныя клопаты: ці дэпутатаў, якіх яны ў вочы ня бачаць, ці тых, хто балятаваўся са шчырымі намерамі, але іх не абралі».

Столь у падʼезьдзе пасьля капітальнага рамонту
Столь у падʼезьдзе пасьля капітальнага рамонту

Ірына Яскевіч — сябар Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Яна лічыць, што менавіта мясцовыя актывісты — не заангажаваныя ў палітычныя структуры, але неабыякавыя людзі — гэта той самы рэсурс, на які трэба абапірацца падчас будучай выбарчай кампаніі. Таму яна шукае такіх людзей — і сярод прадпрымальнікаў, інтарэсы якіх яна бароніць ужо не адзін год, і сярод сваіх былых выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за яе, але цяпер маюць іншых дэпутатаў, пра якіх нічога ня ведаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG