Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І Хадановіч — прэзыдэнт Вялікай Літвы». Аляксандар Ірванец пра ўкраінскую літаратуру і плён ад вайны


Аляксандар Ірванец

У межах ХХV Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша ў Менск прыехаў вядомы ўкраінскі пісьменьнік і перакладчык Аляксандар Ірванец з прэзентацыяй сваёй новай кнігі «Харків 1938». Карэспандэнт Свабоды сустрэўся з аўтарам перад «Украінскім вечарам» у кнігарні «Логвінаў» ды пагаварыў па-беларуску пра кніжны кірмаш, літаратуру і тое, як вайна робіць гарады Ўкраіны ўкраінскімі.

«Альтэрнатыўная гісторыя пра тое, як бы ў нас на месцы паразаў былі перамогі»

— Як вам сёлетняя Менская міжнародная кніжная выстава?

— Добрае ўражаньне: шмат выдавецтваў, шмат расейскіх, нейкія экзатычныя — Карэя, Палестына, на кіеўскіх выстаўках ня ўсе такія прадстаўленыя. Ну, і арганізацыя добрая: усё так па-беларуску зроблена — парадак, як гаворыць беларускі прэзыдэнт. Я прыехаў сюды з выдавецтвам «Laurus», у якім выйшаў мой новы раман «Харків 1938». А яшчэ я тут, каб пабачыць сяброў: зрабіў калісьці шмат перакладаў беларускай літаратуры — твораў Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Вінцэся Мудрова, пару эсэ Адама Глобуса, вершы Андрэя Хадановіча.

— Пра што ваш новы раман «Харків 1938»?

— Гэта альтэрнатыўная гісторыя — якой магла б быць Украіна, калі б Украінская Народная Рэспубліка выстаяла. Я думаю, раман будзе цікавы і беларускаму чытачу, хоць наогул кніга для ўкраінцаў.

Мы бачыліся з Арловым, размаўлялі пра тое, што ідэя «Харкова 1938» — тое ж самае, калі б хтосьці напісаў пра БНР, якая выстаяла. У міжваенны пэрыяд ня толькі Польшча, але і балтыйскія краіны былі незалежнымі. І я сабе ўявіў — калі б Украіна была такой. Ёсьць у кнізе і Беларусь — яна таксама незалежная і называецца Вялікая Літва са сталіцай у Менску, яе прэзыдэнт — Андрэй Хадановіч. А тая Літва, якую мы знаем — гэта Летува, яе сталіца ў Коўне, як і мусіць быць. А Вільня належыць да Польшчы, і там паўстаньне. Такая альтэрнатыўная гісторыя пра тое, як бы ў нас на месцы паразаў былі перамогі.

— Кніга з такім канцэптам, сапраўды, была б актуальная і для беларусаў.

— Так, але беларускі раман усё ж павінен пісаць беларус. У вас таксама былі рэпрэсіі, расстраляная генэрацыя пісьменьніцкая. У нас ва Ўкраіне гэтая вялікая генэрацыя называецца «розстріляне відродження» — расстралянае адраджэньне. А ў мяне ў кнізе ўсё гэтае літаратурна-мастацкае пакаленьне не расстралянае — яны жывыя і надалей. Гэта раман пра тое, як бы ў нас было, калі б нам удалося.

— Ці плянуецца выдаць кнігу па-беларуску?

— Цяпер штосьці ўзяўся перакладаць Уладзіслаў Ахроменка. Але, вядома, патрэбна будзе рабіць шмат камэнтароў, бо кніга ўсё ж пра Ўкраіну. Мажліва, фрагмэнты рамана выйдуць у літаратурным часопісе «Дзеяслоў».

«Ніколі не перакладаў зь беларускай за грошы»

— Ці агулам вы бачыце сэнс у перакладах з украінскай на беларускую і наадварот — мовы ж вельмі падобныя?

— Бачу. Людзі лянівыя: мовы блізкія, але пераклады патрэбныя. Я вось хачу выдаць новыя пераклады твораў Уладзімера Арлова. Я выдаў яго па-ўкраінску ў 2005 годзе («Реквієм для бензопилки». — РС). Наклад быў хіба чатыры тысячы асобнікаў — вам у Беларусі такія наклады і ня сьніліся — і ўвесь разышоўся ўжо даўно.

Дарэчы, добра робяць у Эўропе — у той жа Польшчы — на вокладках пішуць імя перакладчыка. Гэта таксама можа трохі падымаць продажы.

— Выглядае, што вы дастаткова адмоўна ставіцеся да творчасьці Святланы Алексіевіч.

— Гэта не адмоўна. Мне баліць: у выснове Нобэлеўскай камісіі ёсьць мэсыдж — мы ўзнагародзілі расейскамоўную, антыпуцінскую, антытаталітарную пісьменьніцу. Але які мэсыдж прачытвае малады беларускі пісьменьнік зь якой Гарадзеншчыны? Калі хочаш атрымаць Нобэлеўскую прэмію, хутчэй забывайся на беларускую мову!

— А чаму вы перакладаеце менавіта Ўладзімера Арлова і Васіля Быкава?

— Я перакладаю тое, што мне цікава і сымпатычна. Тое, што вартае. Я ня буду брахаць, калісьці з польскай мовы я перакладаў за грошы на замову тое, што мне перакладаць не хацелася. А вось зь беларускай так ніколі не было: я заўсёды перакладаў толькі тое, што мне падабалася.

Пасьля знаёмства з Арловым пачаў чытаць яго творы ў цягніку «Менск — Кіеў». І калі прыехаў дадому, ужо ведаў, што буду яго перакладаць. Быкаў, Глобус, Арлоў — літаратура, ня горшая за тую, што я пішу. Яшчэ люблю Веру Бурлак, Віктара Жыбуля, Віталя Рыжкова, Сержука Пістончыка. Праўда, апошні ўжо наш, нядаўна ў яго сын-украінец нарадзіўся. Бахарэвіча чытаў. Стараюся сачыць за беларускім літаратурным працэсам.

«Кнігавыдавецтва працуе, але яшчэ ніхто не зарабіў мільён на продажы кніжак»

— Якая цяпер сытуацыя на ўкраінскім кніжным рынку?

— Як я бачу, да нас расейскіх кніжак у разы менш прыходзіць, а вось украінскай добрай літаратуры выходзіць шмат — кнігавыдавецкая справа працуе нармальна. Украіна ў пяць разоў большая за Беларусь, таму і рынак у нас большы. Але прыемна, што і ў Беларусі таксама шмат кніг выходзіць.

— Па кніжных кірмашах, кшталту Львоўскага кніжнага форуму, бачна, як шмат літаратуры цяпер друкуецца менавіта на ўкраінскай мове: проза, вершы, пераклады, кнігі для дзяцей.

— Я б не сказаў, што ёсьць нейкі асаблівы росквіт. Так, рынак функцыянуе. Спэцыялізаваных крамаў «Книгарня Є» ў адным Кіеве ўжо каля дзесяці, яны таксама ёсьць у кожным абласным цэнтры: пайшла справа. Але яшчэ ніхто не зарабіў мільён на продажы кніжак.

«Марыюпаль стаў сталіцай вайны»

— Як вайна паўплывала на сучасную ўкраінскую літаратуру?

— Зьявілася шмат твораў пра вайну: проза, вершы. Я асабіста езьдзіў на вайну: быў у Марыюпалі, у Шырокім — вёсцы на самым фронце. Чытаў вершы перад нашымі байцамі. Вайна вельмі станоўча паўплывала, як бы гэта абсурдна ні гучала, на гэтыя зоны.

Марыюпаль — вялікі паўмільённы горад, сталіца Прыазоўя, але і канец Украіны — цягнік едзе да Кіева 20 гадзін. Раней да іх ніхто не прыяжджаў, у іх была якаясь маленькая ўкраінская філялёгія, купка няшчасных студэнтаў. Але цяпер Марыюпаль стаў такой сталіцай вайны, сюды езьдзяць Жадан з «Сабакамі ў космасе», Андруховіч і Karbido, Шкляр, Ірванец. Да іх прываліла ўкраінская культура ў найлепшых выявах. Гэта плюс для Марыюпаля — ён робіцца ўкраінскім горадам.

Усе пісьменьнікі, артысты, у каго ёсьць сумленьне — едуць да байцоў, а ў каго няма — у Расею на гастролі.

— Калісьці, у 2008 годзе, у інтэрвію аднаму беларускаму выданьню вы казалі, што незадаволеныя «Майданам». Што вы можаце сказаць пра вынікі апошняга «Эўрамайдану»?

— Зазвычай рэвалюцыі задумваюць ідэалісты, робяць прагматыкі, а вынікам карыстаюцца мярзотнікі. І так заўсёды. І з гэтай рэвалюцыяй тое ж самае. Але народ робіцца крыху разумнейшы. Калі мы выбралі Юшчанку — украінскі народ пераканаўся, што можна быць патрыётам і пры гэтым нічога не рабіць. Потым быў Януковіч, каторага ўкраінцы прагналі. Цяпер выбралі Парашэнку. Але для ўкраінцаў прэзыдэнт — гэта не сакральная постаць: той не падышоў, гэты не падышоў. І ў гэтым пляне невядома, хто выйграе на наступных выбарах.

«Каб вы дастойна адзначылі 100 год БНР. І каб далей змагаліся»

— У сваёй паэме «Білорусь» вы пішаце, што «кахаеце» Беларусь.

— Так. Мы вельмі падобныя, але і вельмі розныя. Я сапраўды маю да Беларусі вялікі сантымэнт. Я беларусафіл, неяк так выйшла: не сканчаў ніякай беларусістыкі, але пачаў чытаць па-беларуску — і зацягнула. Чытаў і старую добрую літаратуру, прыкладам, «Золак, убачаны здалёк» Янкі Брыля. Вось люблю Беларусь такую. Умею бачыць добрае — і любіць гэта добрае.

— Блізіцца стагодзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Што вы пажадаеце беларусам у такую гадавіну?

— У нас нядаўна прайшло стагодзьдзе УНР. Наша ўлада нібыта трохі больш патрыятычная за вашу, але гадавіну спусьцілі на тармазах — сьвята не заўважылі. Я жадаю, каб у вас такога не было: каб вы дастойна ўсё адзначылі. І каб далей змагаліся.

Аляксандар Ірванец — украінскі пісьменьнік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1961 г. у Львове. Вырас у Роўне. У 1989 г. скончыў маскоўскі Літаратурны інстытут. Адзін з заснавальнікаў літаратурнай групы «Бу — Ба — Бу» (разам зь Юрыем Андруховічам і Віктарам Небараком). Аўтар кніг вершаў «Вогнішча на дажджы» (1987), «Цень вялікага клясыка і іншыя вершы» (1991), «Вершы апошняга дзесяцігодзьдзя» (2001), «Любіце!..» (2004) і інш. З пачатку 2000-х гадоў піша прозу і пʼесы.

«Ва Ўкраіне адбываецца важная трансфармацыя». Сяргей Жадан пра вайну, літаратуру і пагрозы для Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG