Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэальная палітыка Лукашэнкі мала адпавядае чаканьням Крамля», — Ігар Тышкевіч


Ігар Тышкевіч, архіўнае фота
Ігар Тышкевіч, архіўнае фота

У перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» — беларускі аўтар і аналітык, які жыве ва Ўкраіне, Ігар Тышкевіч. Ён тлумачыць, чым Лукашэнка ўжо сёньня не задавальняе Маскву і да чаго гэта можа прывесьці, даводзіць, што Беларусь і Расею чакае стратэгічны развод, а таксама адказвае на пытаньне, чым украінцы адрозьніваюцца ад беларусаў.

Ігар Тышкевіч на пачатку 90-х быў адным зь лідэраў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, арганізоўваў першыя антыпрэзыдэнцкія пратэсты студэнтаў у Беларусі (восень 1994-га). Адзін са стваральнікаў Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Варута» (г. Баранавічы), старшыня гэтай арганізацыі ў 2000–2004 гадах. З 2002 па 2008 год быў кансультантам ці кіраўніком 7 мясцовых электаральных кампаніяў. 6 зь іх скончыліся пасьпяхова — абраньнем незалежнага кандыдата. У 2008 годзе пасьля спробы арышту выехаў зь Беларусі. На радзіме супраць яго заведзена крымінальная справа. Ва Ўкраіне кансультаваў шэраг актывістаў зь Беларусі. Запрашаўся як выкладчык для падрыхтоўкі дэмакратычных кандыдатаў у Вярхоўную Раду Ўкраіны (супольны курс разам з кансультантамі ад Дэмакратычнай партыі ЗША). Публікуецца на аналітычных рэсурсах ва Ўкраіне, Чэхіі, Польшчы. Супрацоўнічае з шэрагам вядучых СМІ Ўкраіны (ТСН, «Обозреватель», «Дзеркало Тижня»).

— Апошнім часам вашы аналітычныя артыкулы прыцягваюць вялікую ўвагу, выклікаюць гарачыя дыскусіі. Напрыклад, адзін з апошніх — «Пяць сцэнараў зрынаньня Лукашэнкі Расеяй». Усё нібыта пераканаўча, але застаецца неадказаным адно пытаньне — а навошта Крамлю ўвогуле зрынаць Лукашэнку? Ён, здаецца, Маскву цалкам задавальняе?

— Я б не сказаў, што Лукашэнка сёньня цалкам задавальняе Расею — і пачалося гэта досыць даўно. Калі да 2000 году Лукашэнка імкнуўся на практыцы стаць часткай Расеі, то з прыходам Пуціна ён зразумеў, што яго там не чакаюць. Адпаведна, ён усё больш стаў рэалізоўваць палітыку «лёзунгі ў абмен на грошы» — Лукашэнка кажа пра братнюю любоў, а Масква за гэта плаціць.

Калі адсачыць тое, што адбывалася ад 2003 году, то практычных крокаў па здачы частак беларускай эканомікі фактычна не было. Потым у Масквы было вельмі шмат палітычных расчараваньняў — вайна з Грузіяй, крызіс ва Ўкраіне. Я яшчэ ў 2013 годзе, да падзеяў у Крыме, пісаў, што ў выпадку канфлікту Лукашэнка ня будзе на баку Крамля. Лукашэнка быццам бы свой, але ягоная рэальная палітыка мала адпавядае чаканьням Крамля. Іншае пытаньне, што Крэмль пакуль ня мае кандыдатуры на замену — але гэта справа нажыўная.

— Ёсьць і іншае, супрацьлеглае меркаваньне — маўляў, усё гэта гульні, і Масква проста дазваляе свайму васалу так сябе паводзіць. На самой жа справе залежнасьць ад Расеі празьмерная, і Лукашэнка гэта разумее і таму трымаецца ў рамках дазволенага.

— Тое, што Лукашэнка разумее гэтую залежнасьць — гэта відавочна. Але калі паглядзець галоўныя каштоўнасьці для Лукашэнкі — то, на маю думку, гэта тры рэчы: улада, прызнаньне і грошы. Адпаведна, калі ён збліжаецца з Масквой, то гэта пагроза для ўсіх гэтых трох рэчаў.

Ад 2005 году, калі паглядзець статыстыку, Беларусь пачала шукаць новыя рынкі, каб зьменшыць залежнасьць ад Расеі. Што тычыцца танных нафты і газу, то трэба быць дурнем — калі табе прапануюць танны газ, адмаўляцца ад гэтага. Іншая рэч, што Беларусь увесь час шукае паралельна варыянты, дзе можна набыць і нафту і газ. Паказальныя былі візыты Лукашэнкі ў 2015–16 годзе, калі ён абʼезьдзіў фактычна ўсе рэгіёны, дзе можна было дамовіцца пра такія праекты. Пра дзейнасьць Беларусі на ўкраінскім рынку я маўчу.

Таму ў Масквы ёсьць вельмі шмат прычынаў быць незадаволенай. Але сёньня Масква ня надта можа манэўраваць. У іх пануе тэзіс пра тры братнія народы. І калі адзін брат бʼецца з другім, то ад пазыцыі трэцяга брата шмат у чым залежыць, чыя будзе праўда. Расея ня можа сабе дазволіць сёньня адразу змагацца і зь Беларусьсю, і з Украінай. І гэта дае свабоду манэўру Лукашэнку.

— У адным з тэкстаў вы аналізавалі беларускую палітычную і кіроўную эліту і зрабілі выснову пра прыход новага пакаленьня на ўзровень намесьнікаў міністраў, кіраўнікоў аддзелаў. Але дзе доказы таго, што гэтае новае пакаленьне 40-гадовых ня можа быць таксама прарасейскім ці антырынкавым? Бо ўзрост яшчэ не вызначае каштоўнасьцяў...

Калі кажуць — давайце дэмакратыю, вольныя выбары і гэтак далей — то такіх рэформаў у Беларусі ня будзе бліжэйшыя гады, у гэтым я ўпэўнены

— Сапраўды, і малады можа быць дурны, і стары. Але калі я аналізаваў гэта, то бачыў, што гэтыя людзі і выказваліся на карысьць рынкавай эканомікі і большай лібэралізацыі. І пры гэтым гэтыя іхнія словы знаходзілі рэалізацыю ў нейкіх рашэньнях, у дзяржаўнай палітыцы.

Таму нейкія зьмены будуць. Называць іх рэформамі ці не — гэта ўжо не мая справа. Калі кажуць — давайце дэмакратыю, вольныя выбары і гэтак далей — то такіх рэформаў у Беларусі ня будзе бліжэйшыя гады, у гэтым я ўпэўнены. А будзе мяккае зацісканьне гаек з апазыцыяй і пэўныя пераўтварэньні ў беларускай эканоміцы.

— Вас можна абвінаваціць, што вы малюеце такую прывабную карціну Беларусі — самастойнай краіны, якая паступова сыходзіць з расейскай зоны ўплыву — якая, магчыма, падабаецца вашым украінскім чытачам. Маўляў, ім хацелася б бачыць такую Беларусь, і вы гэтаму запыту адпавядаеце...

— У беларусаў ёсьць добрая прымаўка — хоць гаршком назаві, толькі ў печку ня стаў. Таму мне напляваць, як мяне называюць — часам нават лукашыстам. Яшчэ ў 2013 годзе я напісаў, што Беларусь ня будзе на баку Расеі ў канфлікце з Украінай. Бачым. На пачатку 2014-га я напісаў, што Беларусь будзе супрацоўнічаць з Украінай у сфэры ваенна-прамысловага комплексу. У канцы 2014-га я пісаў, што Беларусь ня будзе злаваць Расею зборкай пэўных рэчаў на сваёй тэрыторыі — цяпер ва Ўкраіне ёсьць тры беларуска-ўкраінскія СП у сфэры ВПК.

Наконт адыходу ад Расеі ў эканоміцы. Калі Снапкоў яшчэ ў 2010 годзе казаў, што абапірацца толькі на аднаго партнэра — гэта па-дурному і нявыгадна, а цяпер урад прымае рашэньне па дывэрсыфікацыі экспарту на тры часткі (Расея, Эўропа і «далёкая дуга») — то што гэта такое?

Я не ідэалізую Беларусь. Даруйце, я жыву ва Ўкраіне, бо наша беларуская ўлада хоча мяне пасадзіць. Іншая рэч, што казаць «усё кепска» і скуголіць на месяц — у Беларусі ёсьць каму. Мне гэта не цікава.

— Калі вы ўжо ўзгадалі пра нейкія свае прагнозы і рызыкуеце браць на сябе такое — то не магу не спытаць вас пра ваш прагноз на будучыню. Цытуючы назву вашага апошняга артыкула — «Чаму Беларусь і Расею чакае развод». Дык калі гэта адбудзецца?

— Калі Беларусь будзе працягваць працаваць «у расьцяжцы» паміж Эўразьвязам і Расеяй — то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Іншая справа, што мне падабаецца — гэта спроба зачапіцца зь Вялікай Брытаніяй, гуляць з ЗША, прыцягнуць Кітай. Гэта фактычна ўнясеньне ў гэтае раўнаньне «Эўразьвяз — Расея» дадатковых пераменных, якія дазваляюць Менску крыху вальней дзейнічаць.

Але калі чакаць маханьня сьцягам — «мы цяпер самастойныя, разрываем усе адносіны з Расеяй» — то я ня думаю, што гэта будзе ў найбліжэйшы час. І я ня думаю, што гэта будзе ў выглядзе нейкага дэмаршу. Хутчэй, будуць і далей прадаваць лёзунгі пра братнюю любоў і пры гэтым рабіць сваю справу. Як казаў Пуцін, аддзяляць мух ад катлет. Таму катлеткі застаюцца ў Беларусі, а мухі лятуць у Расею.

Працэсы ідуць, прычым Беларусі стратэгічна пакуль нявыгадна адмаўляцца ад расейскага рынку. Бо пакуль наша прадукцыя ня самай лепшай якасьці і ня можа канкураваць на рынках Эўразьвязу. І калі ёсьць рынак, дзе гатовыя купляць нашу «некандыцыю» — чаму б гэта там не прадаваць гэтым «разумным» людзям? Такое будзе працягвацца да таго моманту, пакуль гэта будзе выгадна для Беларусі. Паводле маіх прагнозаў, нейкі рубікон наступіць праз 5–7, максымум 10 гадоў.

— Вы беларус, які даволі даўно жыве ва Ўкраіне. Ёсьць меркаваньне, што беларусы і ўкраінцы — вельмі падобныя народы, у пэўным сэнсе адна гісторыя і гэтак далей. Але ў мяне асабіста склалася ўражаньне, што няма больш адрозных народаў па мэнталітэце і паводзінах. Якая ваша думка наконт гэтага?

— Пажыўшы тут, я больш схіляюся да вашага меркаваньня. З аднаго боку, мовы падобныя. Але рэакцыя на нейкія зьнешнія раздражняльнікі, паводзіны, мэнталітэт — кардынальна супрацьлеглыя.

Украінцы, калі можна так сказаць, думаюць сэрцам. Гэта людзі эмоцыяў: захацелася — зрабіў. Пры гэтым мала думак пра наступствы. У беларусаў наадварот — жаданьне пралічыць усе наступствы, «а што будзе, калі як».

Адпаведна — і праблемы дзьвюх дзяржаваў. Украінцы за кошт хуткасьці могуць тактычна выйграваць, але з пункту гледжаньня стратэгіі ім цяжка яе распрацаваць, Выходзіць замкнёнае кола — скінулі ўладу, абралі новую, палюбілі новую, узьненавідзелі, скінулі новую, і гэтак далей.

Беларусы ж упадаюць у роздум — «а што будзе, калі я зраблю, што будзе пасьля таго, што я зраблю далей». У выніку беларусы вельмі цяжкія на падʼём.

Калі ўкраінцам дадаць стратэгічнай думкі, а беларусам дадаць крышку тактычнай хуткасьці ўкраінцаў — атрымаўся б цудоўны кактэйль. Гэта адзін з аргумэнтаў, чаму дзьве нацыі павінны супрацоўнічаць хаця б дзеля ўласнага разьвіцьця.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG