Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністры ЭўрАзЭС спынілі Горадню


Belarus - The announcement of the meeting of the Intergovernmental Council of the Eurasian, Hrodna, 8Sep2015
Belarus - The announcement of the meeting of the Intergovernmental Council of the Eurasian, Hrodna, 8Sep2015

Паседжаньне Эўразійскай міжурадавай рады ў Горадні, у якім бралі ўдзел прэм’ер-міністры Беларусі, Армэніі, Казахстану і Расеі, на некаторы час спаралізавала рух транспарту і дадало праблемаў гараджанам.

На два дні горад, асабліва цэнтральная частка, ператварыўся ў суцэльную нязручнасьць для людзей. Раніцай на прыпынках можна было чуць, як пэнсіянэры перапытвалі адзін у аднаго — чаму гэта ня ходзіць транспарт? Здагадкі чамусьці толькі адны — што Лукашэнка прыехаў. На Ажэшкі перад уваходам у аблвыканкам перапынілі нават рух пешаходаў. Праўда, кідаецца ў вочы, што звычайных мінакоў сёньня ў цэнтры гораду зусім небагата. А з раніцы на мясцовых сайтах загуляла традыцыйная інфармацыя, што ў старым горадзе апячатваюць сутарэньні.

Вуліцы, па якіх праяжджалі ўдзельнікі міжурадавай рады, усеяныя міліцыянтамі і маладзёнамі ў цывільным — літаральна праз сто крокаў на Леніна па ДАІшніку і па некалькі маладзёнаў, якія перамінаюцца з нагі на нагу, нешта апавядаючы адзін аднаму, а ў кішэні тым часам трашчыць рацыя...

А вось на Ажэшкі побач з галоўным корпусам унівэрсытэту малады чалавек ледзьве не мацюкаецца, бо сьпяшаўся на працу, а міліцыянт не прапускае нават маршрутны аўтобус — маўляў, зараз будзе ехаць дэлегацыя. І што рабіць — пытаецца хлопец у людзей.

— Хацеў даехаць, бачу, ідзе 15-ты аўтобус у 11:20, а тут падыходзіць ДАІшнік — стаў і не прапускае аўтобус. Я ў яго запытаўся, ці ён мае права затрымліваць гарадзкі транспарт, а ён мне кажа: займайцеся сваёй справай. Вось з-за такіх, як ён, і спазьніўся на працу. Хацелася так начальніку ДАІ патэлефанаваць, але часу няма, дый у нас у краіне прынята пісаць скаргі, але толку... Мне яшчэ са Скідзеля тэлефанаваў наш супрацоўнік і прасіў перадаць начальніку, што ня можа даехаць на працу, бо там таксама ўжо паўгадзіны як перакрылі дарогу.

Яшчэ адзін малады мужчына ніяк ня можа ўцяміць, чаму кіраўнікі ўрадаў, якія прыяжджаюць вырашаць нашы праблемы, самі ж іх нам і ствараюць? Чаму ў горадзе з прыездам афіцыйных дэлегацыяў немагчыма нікуды даехаць і дайсьці? Чаму нельга наладзіць усё так, каб нічога нікому не замінала?

— Гэта таталітарызм навідавоку, калі прыяжджаюць тры начальнікі, перакрываецца горад, напаўняецца служкамі, якія робяць астатнім людзям нязручнасьці, хоць, калі іх пра гэта запытаеш, то яны адказваюць, што начальства сабралася дзеля нас. Але ў той самы час мы ня можам проста хадзіць спакойна па сваім горадзе. Я гэтага не разумею.

Гарадзенскі журналіст-фрылансэр Ян Роман распавядае, што зьбіраўся зрабіць некалькі здымкаў, калі будзе праяжджаць картэж з прэм’ер-міністрамі, але і гэта аказалася пад забаронай.

— Да мяне падышоў міліцыянт і папярэдзіў, што калі я буду рабіць фатаздымкі альбо весьці відэаздымкі, то будзе канфіскавана абсталяваньне і я буду прыцягнуты да адказнасьці. Я пацікавіўся — да якой адказнасьці мяне прыцягнуць? Ён адказаў: калі завядзем у пастарунак, то пабачыце, што ў нас ёсьць дзеля гэтага магчымасьці.

Сталая жанчына на прыпынку, пачуўшы нашу размову, нібы сама сабе ўголас кажа: «Ня ўрад для народа, а народ для ўрада...» І дадае, што гарадзенскія ўлады ўсё ж павінны неяк навучыцца сустракаць гасьцей, каб не замінаць сваім гараджанам.

У Горадні прэм’ер-міністры Беларусі, Армэніі, Казахстану і Расеі, паводле афіцыйнай інфармацыі, абмяркоўвалі прамысловую палітыку, абарону правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці і разьвіцьцё адносін з замежнымі краінамі, а таксама двухбаковыя адносіны. Адным словам — дбалі аб народным дабрабыце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG