Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: за беларускія клясы агітуюць толькі сябры ТБМ


Ігар Кузьмініч
Ігар Кузьмініч

Бацькі дзяцей, якія навучаліся ў гарадзенскіх школах па-беларуску, цяпер дамагаюцца, каб далейшае навучаньне ў гімназіі, куды яны паступілі, працягвалася таксама на беларускай мове.

Ігар Кузьмініч запісаўся на прыём у гарана, каб яму загадзя гарантавалі, што адукацыя сына-шасьціклясьніка працягнецца па-беларуску. Паводле Кузьмініча, ён штогод мусіць пісаць заяву на навучаньне дзіцяці на беларускай мове.

Сёлета ён таксама напісаў заяву на індывідуальны маршрут навучаньня для свайго сына, але атрымаў ліст, у якім не было канкрэтнага адказу. У гарана сёньня яму таксама нічога пэўнага не адказалі, але праблему адзначылі. Кузьмініч кажа, што ў гарана наагул спрыяльна ставяцца да ягонай праблемы, але ён вырашыў усё абгаварыць загадзя.

— Мы б хацелі, каб усё надалей з адукацыяй нашага сына адбывалася добра, якасна, спакойна, без усякіх надрываў, папросту нармальнае навучаньне — так, як гэта і было на працягу навучальнага году.

Алесь Астроўскі
Алесь Астроўскі

З падобнай праблемай разам з Кузьмінічам у гарана хадзіў і Алесь Астроўскі, дачка якога таксама вучыцца на беларускай мове і таксама адна — па індывідуальным маршруце. Паводле Алеся Астроўскага, бацькі беларускамоўных дзяцей мараць, каб у горадзе была створаная беларускамоўная гімназія і каб дзеці навучаліся ў паўнавартасных клясах, але пакуль не хапае ахвотных.

— Вядома, прыемна, што ў гарадзкога начальства ёсьць усьведамленьне стварэньня беларускамоўнай гімназіі. І, вядома, было б добра, каб гэта была прэстыжная гімназія на ўзроўні цяперашняй 10-й, якая карыстаецца аўтарытэтам сярод гарадзенцаў. Таму я, да прыкладу, выйшаў з гарвыканкаму з асьцярожным аптымізмам.

Наталя Кісель
Наталя Кісель

Наталя Кісель распавядае, што ейны сын цяпер ходзіць у садок у беларускамоўную групу з 12 чалавек. У школу дзеткі пойдуць праз год, але яна з ініцыятывы іншых бацькоў запісалася на прыём у гарана, каб загадзя абгаварыць утварэньне беларускамоўнай клясы ў адной школе на базе іхняй групы.

— Нас не задавальняе сытуацыя зь лякалізацыяй школ на ўскраінах гораду, бо з нас там ніхто не жыве. Мы рассыпаныя па горадзе, а большасьць жывуць у цэнтры. І вось падчас размовы нам прапанавалі, па-мойму, добры варыянт — 16-я школа. Там, дарэчы, і дырэктарка зацікаўленая ў адкрыцьці такіх клясаў, і, магчыма, нас нават там чакаюць. Таму хочацца ўжо хутчэй зьбірацца і ісьці ў школу.

Іван Буднік
Іван Буднік

Сябра Таварыства беларускай мовы Іван Буднік, якія таксама з бацькамі вучняў пабываў на прыёме ў гарана, кажа, што стварэньне беларускамоўнага школьніцтва адбываецца павольна, хоць аддзел адукацыі, паводле яго, ставіцца да іхніх праблемаў прыхільна. Цяпер, кажа Буднік, у дзьвюх гарадзенскіх школах ёсьць першыя, другія і трэція клясы зь беларускай мовай навучаньня, у якіх навучаюцца ўсяго 26 дзетак.

Буднік распавядае, што за беларускія клясы ў горадзе агітуюць толькі сябры ТБМ, а болей гэтым ніхто не займаецца. Сёлета ў іх яшчэ ў плянах і абыходзіць кватэры, каб агітаваць бацькоў, і выступаць на сходах, а магчыма, нават і на тэлебачаньні. Але вынік, паводле Будніка, пакуль даволі сьціплы.

— Тут бацькі даволі прыязна ставяцца да нас, калі мы выступаем на бацькоўскіх сходах, падтрымліваюць, але толькі з такой асьцярогай — а што будзе далей? А куды пойдзе дзіця пасьля сканчэньня школы? Ну вось, адсутнасьць вышэйшай адукацыі на беларускай мове іх стрымлівае. Таму і глядзяць на гэта з аглядкай. Але адмоўнага стаўленьня мы не сустракалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG