Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пяціборац Аляксандар Лясун названы «Гонарам Расеі»


Аляксандар Лясун на Алімпіядзе ў Рыё
Аляксандар Лясун на Алімпіядзе ў Рыё

Пяціборац Аляксандар Лясун быў названы найлепшым спартоўцам 2016 году ў Расеі (намінацыя «Гонар Расеі») на ўрачыстай цырымоніі, што прайшла ў Маскве 14 сьнежня, перадае Інтэрфакс. Ляўрэаты атрымліваюць па 500 тысяч расейскіх рублёў — каля 8,2 тысячы даляраў.

Аляксандар Лясун да 2008 году выступаў за Беларусь. Пасьля Алімпіяды ў Пэкіне ён у 2009 годзе пераехаў у Расею, бо, казаў, на радзіме яму забаранялі займацца прафэсійным спортам па стане здароўя, а галоўны трэнэр зборнай перашкаджаў яму трапіць у зборную.

У 2010 годзе Лясун узяў срэбра ў асабістым спаборніцтве і бронзу ў эстафэце на чэмпіянаце сьвету ў пяцібор’і ў Чэнду (Кітай), у 2011 годзе — золата ў камандным спаборніцтве на чэмпіянаце сьвету ў Маскве, у 2012 годзе — золата ў асабістым спаборніцтве на чэмпіянаце сьвету ў Рыме. У 2016 годзе ён заваяваў золата ў асабістым спаборніцтве на Алімпійскіх гульнях у Рыё. Агулам ён мае 4 залатыя, 5 срэбных мэдалёў і бронзу чэмпіянатаў сьвету, 3 залатыя мэдалі чэмпіянатаў Эўропы. Заслужаны майстар спорту Расеі. Ва ўсясьветным рэйтынгу пяціборцаў Лясун на момант публікацыі на 14-м месцы сярод мужчынаў.

Сучаснае пяцібор’е ўключае ў сябе конны канкур, фэхтаваньне, кулявую стральбу, бег і плаваньне. Адзіны алімпійскі мэдаль Беларусі ў пяцібор’і — бронза Паўла Доўгаля на гульнях 2000 году ў Сыднэі.

Найлепшыя беларускія пяціборцы на сёньня — Анастасія Пракапенка (№11 ва ўсясьветным рэйтынгу сярод жанчын) і Мікалай Гаяноўскі (№24 сярод мужчын).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG