Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прадаюць глёбусы з расейскім Крымам і кажуць, што гэта сувэнір


Польскія пастаўшчыкі глёбусаў і мапаў улічылі незадаволенасьць беларускіх спажыўцоў тым, што на іхнай прадукцыі Крым пазначаны як частка Расеі. Цяпер на паліцах кнігарняў выстаўленыя польскія глёбусы з паўвостравам у складзе Ўкраіны.

Тым часам глёбусы і іншая картаграфічная прадукцыя, вырабленая ў Расеі з «расейскім Крымам», нягледзячы на пратэсты пакупнікоў, застаецца ў продажы.

Адзін з наведнікаў магілёўскага ўнівэрмагу паскардзіўся Свабодзе на такую сытуацыю. Гандлярка аддзелу канцылярскіх тавараў на ягоную незадаволенасьць дала пачытаць паперу, у якой было пазначана: такая прадукцыя не прызначаная ў якасьці школьнага дапаможніка.

«Я зьвярнуў увагу на падкладку для пісьма з „расейскім Крымам“ і адразу пайшоў да прадаўца, каб высьветліць: на якіх падставах прадаецца такая прадукцыя? Мне паказалі цыдулку зь незразумелым для мяне тэкстам», — кажа слухач Свабоды.

«Калі яна ня школьны дапаможнік, дык ад гэтага хіба становіцца дазволенай? — ставіць ён пытаньне, не выключаючы, што будзе скардзіцца ў гарвыканкам ці пракуратуру. — Няхай там разьбіраюцца, як можна прадаваць прадукцыю, якая не адпавядае афіцыйнай пазыцыі Беларусі адносна Крыму».

Ва ўнівэрмагу сказалі, што выстаўленая прадукцыя, якая выклікала незадаволенасьць пакупніка, не вырабляецца гандлёвым прадпрыемствам, і пытаньні наконт яе варта адрасаваць вытворцу.

«Глёбус зьяўляецца сувэнірнай прадукцыяй, дакумэнты пацьвярджаюць гэты статус. Такая прадукцыя рэалізуецца ня толькі ў Магілёве, але ў кожным рэгіёне Беларусі, таму мы з усімі гандлёвымі абʼектамі знаходзімся ў роўных умовах і не парушаем заканадаўства і правілаў гандлю», — кажа адміністрацыя ўнівэрмагу.

Летась продаж глёбусаў з «расейскім Крымам» у беларускіх кнігарнях выклікаў шырокі міжнародны розгалас. У Магілёве актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў зьвярнуўся ў мясцовае ўпраўленьне гандлю з патрабаваньнем, каб такія глёбусы прыбралі з продажу, бо, паводле актывіста, яны супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Беларусі адносна інкарпарацыі паўвыспы ў склад Расеі.

«Беларусь афіцыйна не прызнае вынікаў рэфэрэндуму аб далучэньні Крыму да Расеі і засьцерагае грамадзян ад наведваньня акупаванага паўвострава», — настойваў партыец.

Упраўленьне гандлю і паслугаў Магілёўскага аблвыканкаму рэкамэндавала субʼектам гандлю пазьбягаць продажу палітычных мапаў сьвету і глёбусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму адрозьніваецца ад агульнапрызнанай сусьветнай супольнасьцю.

Польскі вытворца глёбусаў патлумачыў Свабодзе, што вымушаны быў пазначаць на іх Крым як «расейскі», бо гэтага патрабавалі расейскія партнэры. У самой жа Польшчы глёбусы прадаюцца з украінскім Крымам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG