Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь гатовая прыняць Эўрапейскія гульні у 2019 годзе. Лукашэнка: «Я ў гэтым сэнсе нацыяналіст і патрыёт»


Аляксандар Лукашэнка гуляе ў тэніс з Каралін Вазьняцкі, 2010

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая арганізаваць любыя мерапрыемствы.

Беларусь гатовая прыняць Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў падчас сустрэчы з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэзам Качыянчычам.

«Мы не супэрдзяржава, але спорту надаём вялікую ўвагу. Вельмі хачу, каб наша эўрапейская арганізацыя ні ў якім разе не саступала арганізацыям іншых кантынэнтаў, у тым ліку Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Я ў гэтым сэнсе нацыяналіст і патрыёт. Таму вы можаце разьлічваць на Беларусь».

«Мы з вамі прынялі гістарычнае рашэньне, і ў 2019 годзе зьбяром тут эўрапейскіх спартоўцаў на нашу Алімпіяду», — цытуе яго БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён знаёмы з перамовамі беларускага боку з кіраўніцтвам ЭАК. Таму ён прапанаваў не сьпяшацца ў вызначэньні некаторых дэталяў.

«Напрыклад, вызначыць, якія віды спорту і колькі іх будзе ў Беларусі падчас Алімпіяды (Эўрапейскіх гульняў). Я прыхільнік таго, каб сюды запрасіць максымум спартоўцаў. Гэта іхнае сьвята. Чым больш будзе спартоўцаў, тым больш у нас будзе прыхільнікаў у нашай эўрапейскай арганізацыі. І чым больш відаў спорту мы тут арганізуем, тым большае разьвіцьцё яны атрымаюць», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, таксама ёсьць пытаньне аб правядзеньні юнацкіх спаборніцтваў 2019 году:

«Мы таксама паглядзім на гэтыя спаборніцтвы. Можа, нам удасца, калі гэта не супярэчыць духу, мы, магчыма, правядзём іх у Беларусі і сьледам правядзем нашу Алімпіяду. Гэта як зручней вам. Гэтыя дэталі мы павінны вывучыць».

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў падтрымку экс- прэзыдэнту Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якога абвінавацілі ў правапарушэньнях.

«У нас ёсьць з вамі агульны добры сябар — спадар Хікі. На жаль, з намі яго няма сёньня, але я ўпэўнены, ён да нас далучыцца. Таму што тыя мэтады, якімі сёньня дзейнічаюць асобныя дзяржавы, непрымальныя не толькі для спорту, але і для разьвіцьця нашага сьвету ў цэлым. Знайшлі на чым чалавека злавіць... На нейкіх квітках. Чалавек, які сотнямі мільёнаў даляраў распараджаецца, будзе дзяліць нейкія квіткі... Хоць бы ўжо прычыну прыдумалі нармальную», — сказаў Лукашэнка.

Янэз Качыянчыч адзначыў, што сказанае кіраўніком Беларусі цалкам супадае з яго думкай і што Беларусь мае выдатную інфраструктуру для арганізацыі сусьветных спартовых спаборніцтваў. Ён адзначыў, што Эўрапейскія гульні ў Беларусі павінны стаць кваліфікацыйным этапам перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіё.

У сакавіку 2016 году міністар спорту Расеі Віталь Мутко абвясьціў пра катэгарычнае нежаданьне краіны праводзіць Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Дэбют гэтых спаборніцтваў адбыўся ў Баку ў 2015-м.

Выдаткі на арганізацыю і правядзеньне Гульняў, як паведаміў міністар спорту Азэрбайджану Азад Рагімаў, склалі $ 1,12 млрд.
Сталіцу другіх Эўрапейскіх гульняў павінны былі абвясьціць 1 верасьня.

Аднак, акрамя Расеі, ад дарагіх Гульняў адмовіліся Галяндыя і яшчэ шэраг краінаў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG