Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская Дума прыняла закон, які абмяжоўвае правы грамадзян, што зьехалі з краіны

Расейская Дзяржаўная дума. Архіўнае фота
Расейская Дзяржаўная дума. Архіўнае фота

Падобым чынам улады Беларусі наклалі істотныя абмежаваньні на грамадзян краіны, якія зьехалі за мяжу з палітычных прычын.

Ніжняя палата расейскага парлямэнту прыняла адразу ў другім і трэцім чытаньнях законапраект, які абмяжоўвае ў правах грамадзян Расеі, што зьехалі за мяжу, якіх перасьледуюць паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў або на якіх завялі крымінальную справу.

Як піша «Настоящее время», пад дзеяньне закону трапляюць усе асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў і прызнаныя правапарушальнікамі паводле некаторых адміністрацыйных.

У прыватнасьці, гэта датычыць артыкулаў пра «замежных агентаў» і ўдзелу ў дзейнасьці «непажаданай арганізацыі», а таксама пра публічныя заклікі да парушэньня цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі, «дыскрэдытацыю арміі», пад чым у Расеі разумеюць крытыку вайны ва Ўкраіне, і заклікі да санкцыяў.

Ініцыятыва прадугледжвала стварэньне сьпісу людзей, якія зьехалі з Расеі і «ўхіляюцца» ад пакараньня. Законапраект унесьлі ў Думу ў першым чытаньні ў сьнежні 2025 году і ў тым жа месяцы прынялі ў першым чытаньні.


Да другога чытаньня жорсткасьць законапраекту ўзмацнілі. У прыватнасьці, банкам забаранілі надаваць расейцам, якія зьехалі, доступ да сваіх аплікацыяў.

Законапраект забараняе палітычным эмігрантам усе апэрацыі з рухомай і нерухомай маёмасьцю, права атрымліваць практычна ўсе консульскія паслугі, а таксама карыстацца сайтамі «электроннай дзяржавы», напрыклад, рэсурсам «Госуслуги». Расейскім натарыюсам будзе цалкам забаронена абслугоўваць людзей пад абмежаваньнямі.

Беларускі досьвед перасьледу палітычных эмігрантаў

Для беларусаў, якія заехалі за мяжу, таксама існуе шэраг істотных абмежаваньняў, уведзеных уладамі ў Менску.

Беларускія амбасады і консульствы за мяжой цалкам спынілі выдачу і абмен пашпартоў, а таксама афармленьне іншых важных дакумэнтаў.

Новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь цяпер можна атрымаць толькі на тэрыторыі Беларусі ў месцы апошняй рэгістрацыі.

Аформіць генэральную даверанасьць на распараджэньне маёмасьцю ў Беларусі праз консульства больш немагчыма. Каб атрымаць даведку аб нараджэньні, шлюбе, браку суджанасьці ці апастыль дакумэнтаў, таксама трэьа вярнуцца ў Беларусь.

Беларусы, якія жывуць за мяжой, сутыкаюцца з рызыкамі страціць маёмасьць ці капітал. Угоды продажу кватэраў, дамоў або транспартных сродкаў, аформленыя на падставе замежных даверанасьцяў, у Беларусі не прызнаюцца.

Супраць палітычных эмігрантаў і актывістаў за мяжой могуць пачаць «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны суд). Гэта дазваляе ўладам арыштоўваць і канфіскоўваць іх маёмасьць у краіне.

Грамадзяне, якія выехалі за мяжу і трапілі ў сьпісы «дармаедаў» (працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы Беларусі), вымушаныя аплачваць камунальныя паслугі (ацяпленьне, газ, гарачую ваду) за сваю беларускую нерухомасьць паводле 100-працэнтных тарыфаў, значна вышэйшых за прынятыя для большасьці грамадзян.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG