Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова футбольных клюбаў Вышэйшай лігі будуць з прозьвішчамі па-беларуску. БАТЭ далучыўся да «беларускамоўных»


Новыя футболкі футбоьнага клюбу «БАТЭ» з прозьвішчамі па-беларуску

Беларускі футбольны клюб БАТЭ прэзэнтаваў новую форму для сэзону 2017 году, першая гульня якога пройдзе 1 красавіка. На новай форме «жоўта-блакітных» прозьвішчы напісаныя па-беларуску, гэтаксама ж па-беларуску пазначаны і галоўны спонсар.

Але прэзэнтацыя формы вялася па-расейску, лягатып клюбу застаўся на расейскай, сайт клюбу пакуль мае толькі расейскую і ангельскую вэрсіі.

Ігар Случак (справа)
Ігар Случак (справа)

Пра стаўкі на «беларускасьць» у новым сэзоне Свабодзе расказаў Ігар Случак — ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» і актыўны прыхільнік беларусізацыі спорту:

«Па новым сэзоне яшчэ ня так шмат інфармацыі, але некаторая ўжо ёсьць. У мінулым сэзоне шэсьць клюбаў Вышэйшай лігі былі з прозьвішчамі на футболках па-беларуску: „Дынама-Менск", „Дынама-Берасьце", „Тарпэда-БелАЗ", „Крумкачы", „Гарадзея" і „Нёман". На гэты сэзон з Вышэйшай лігі вылецелі „Граніт" і „Белшына", на іх месца прыйшлі „Дняпро" і „Гомель". А „Гомель" ужо шмат год выкарыстоўвае беларускую мову на футболках.

Калі ніхто не адмовіцца ад беларускамоўных футболак, дык палова камандаў Вышэйшай лігі будзе з прозьвішчамі па-беларуску. У Першай лізе толькі „Тарпэда-Менск" выкарыстоўвае беларускую мову, але яны — адзіны клюб, які цалкам усё па-беларуску робіць. А БАТЭ ў мінулым годзе адказваў мне ў вершаванай форме пра тое, што будуць беларускую мову пашыраць».

Случак кажа, што ўжо зрабіў рассылку футбольным клюбам з прапановамі пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы на полі, на трыбунах і ў інтэрнэце. Неўзабаве яму маюць прыйсьці афіцыйныя адказы, якіх ён чакае з аптымізмам:

«На гэты сэзон у мяне вялікія спадзевы, бо мінулы год задаў добры тэмп. Наша Фэдэрацыя футболу вельмі добра беларусізуецца, адна з самых прабеларускіх арганізацыяў, я лічу. Закрыцьцё мінулага футбольнага сэзону было праведзенае цалкам па-беларуску ўпершыню мо за ўсю гісторыю Беларусі. „Зорны мяч" прайшоў па-беларуску з выкарыстаньнем арнамэнтаў, вышыванак, усё чырвона-белае. Той жа брэнд зборнай „белакрылыя" будзе разьвівацца ў гэтым сэзоне, і гімн Фэдэрацыі футболу для іх па-беларуску выканалі Naviband. І прадукцыя, календары тыя ж па-беларуску, і там „травень", а ня „май"».

Случак дадае, што яму падабаецца форма зборнай Беларусі з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту: як «хатняя» бел-чырвона-белая, так і «выязная» чорная (таксама блізкі беларусам колер):

«Я быў на тым матчы, калі Беларусь гуляла з Францыяй упершыню ў новай форме. Была вельмі файная падтрымка. Увесь стадыён быў сапраўды беларускім! І я быў на другой гульні зь Люксэмбургам, якая, на жаль, скончылася ўнічыю, але і на тым матчы была файная падтрымка, людзей прыйшло, можа, меней, але падтрымка была амаль такая ж. Таму, я лічу, гэта вельмі правільны падыход Фэдэрацыі, што каманда робіцца сапраўды беларускай. І яе будуць падтрымліваць толькі за тое, што яна беларуская, і ў радасьці, і ў горы. Перамогі ня могуць быць заўжды, але Беларусь будзе заўжды».

«Беларуская мова — мова лідэраў»: рэйтынг беларускамоўнасьці ў спорце-2015

Але не ўва ўсіх відах спорту сытуацыя зь беларускай мовай пазытыўная, кажа Случак:

«У хакеі беларускім застаецца вялікая праблема. Беларуская мова зусім не выкарыстоўваецца ў нацыянальным чэмпіянаце, а ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе яе зусім нельга выкарыстоўваць. Там як з этыкеткамі тавараў і Мытным саюзам — тое самае, патрабаваньне выкарыстоўваць расейскую мову. Хаця я гляджу, што каманды КХЛ з той жа Латвіі, з той жа Фінляндыі выкарыстоўваюць сваю мову і на форме, і на сайтах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG