У Менску 26–28 лютага зь візытам будзе знаходзіцца намесьнік памочніка Дзяржаўнага сакратара па справах Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін.
Пра гэта паведамляе амбасада ЗША ў Беларусі.
Рубін правядзе шырокае кола сустрэч, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, уключаючы міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, з прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу, грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі, а таксама са сваякамі палітвязьняў.
У Менску Эрык Рубін мае вывучыць магчымасьць пашырэньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю па пытаньнях, якія маюць узаемную цікавасьць — такіх, як барацьба з гандлем людзьмі, гандлёвыя адносіны і нераспаўсюджваньне, адзначае амбасада ЗША.
«Разам з тым ён падкрэсьліць даўнюю занепакоенасьць ЗША станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі і неабходнасьць паляпшэньня сытуацыі ў гэтай галіне», — гаворыцца ў паведамленьні.
Мінулы раз Эрык Рубін наведваў Беларусь у чэрвені 2014 года.