Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эма» засыпле Беларусь сьнегам і рушыць на Маскву


Наступны цыклён можа паўтарыць завеі «Даніэлы». Зноў уведзены аранжавы ўзровень небясьпекі.

У суботу, 16 студзеня надвор’е на Беларусі будзе вызначаць цыклён, які сунецца праз паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі, паведамляе Гідрамэтэацэнтар. На суботу па большай частцы Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі. Рэкамэндавана адмовіцца ад паездак на асабістым аўтатранспарце, без асаблівай патрэбы не выходзіць на вуліцы.

Цяперашні цыклён мае імя «Эма» — і «Эма» можа паўтарыць дзеі «Даніэлы», з наступствамі якіх разьбіраліся нават вайскоўцы, Лукашэнка і рассыльшчыкі SMS-паведамленьняў. Вышыня сьнежнага покрыва па краіне вырасьце яшчэ на 10–15 см, як пры «Даніэле». Што праўда, цыклён «Эма» будзе слабейшы за колішні «Хаўер».

16 студзеня чакаецца воблачнае з праясьненьнямі надвор’е. На большай частцы тэрыторыі працяглы сьнег, мокры сьнег, мяцеліца, на дарогах сьнежныя заносы. Уночы па паўднёвым захадзе, раніцай і ўдзень у шмат якіх раёнах моцны сьнег. У паўднёва-ўсходніх раёнах месцамі наліпаньне мокрага сьнегу, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні зь пераходам на паўночна-заходні, парывісты, месцамі да моцнага. Тэмпэратура паветра мінімальная ноччу −3...−9 °С, па поўначы −10...−15 °С, пры праясьненьнях да −16...−20 °С; максымальная ўдзень −3...−9 °С, па поўдні 0...−2 °С. Атмасфэрны ціск будзе падаць.

17 студзеня ноччу Беларусь будзе знаходзіцца ў тылавой частцы цыклёну, які рушыць на Маскву, удзень з Заходняй Эўропы пачне распаўсюджвацца вобласьць высокага атмасфэрнага ціску. Ноччу пераважна па ўсходняй палове краіны, днём у асобных раёнах пройдзе кароткачасовы сьнег, ноччу слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, уночы ў паўночна-ўсходніх рэгіёнах парывісты. Тэмпэратура паветра мінімальная ноччу −8...−15 °С, пры праясьненьнях да −20 °С, максымальная ўдзень −6...−13 °С.

Назвы цыклёнам, і «Эме» ў прыватнасьці, даюць нямецкія мэтэаролягі. Замовіць у нямецкім Інстытуце мэтэаралёгіі пэўнае імя для цыклёну можна за 200 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG