Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: «У нас каманда без радыкалаў і маргіналаў»


Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён тлумачыць, чаму для «ГП» нагэтулькі важныя мясцовыя выбары і разважае над дылемай, за што павінен змагацца палітык — за ўладу альбо за «лавачкі ля пад’ездаў».

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён тлумачыць, чаму для «ГП» нагэтулькі важныя мясцовыя выбары і разважае над дылемай, за што павінен змагацца палітык — за ўладу альбо за «лавачкі ля пад’ездаў».

— Днямі была прызначаная дата выбараў у мясцовыя саветы, і ў мяне склалася ўражаньне, што сярод усіх апазыцыйных сілаў найбольшую інфармацыйную актыўнасьць з гэтай нагоды (прынамсі ў СМІ і сацыяльных сетках) праяўляюць менавіта прадстаўнікі «Гавары праўду». Наколькі сур’ёзна вы ставіцеся да гэтай палітычнай кампаніі, навошта яна вам патрэбная?

«Гэта уладам найперш патрэбна, каб альтэрнатыўныя палітыкі зьявіліся ў мясцовых саветах»

— Мы ставімся вельмі сур’ёзна да мясцовых выбараў, лічым, што гэта самастойная кампанія з уласнымі мэтамі. Праз гэтую кампанію мы сёньня маем магчымасьць запрашаць да нас новых людзей — усіх, хто хоча паспрабаваць свае сілы, зразумець, што ён можа зрабіць для свайго гораду, для свайго двара. Мы запрашаем іх далучацца да «Гавары праўду», мы стварылі адмысловы сайт для гэтага, мы распрацавалі спэцыяльную праграму падтрымкі і навучаньня тых, хто пойдзе на выбары. У нас шмат заявак, таму гэта важная для нас кампанія, яна не зьяўляецца для нас толькі падмуркам для іншых кампаніяў. Мы хочам дамагчыся, каб альтэрнатыва і людзі з альтэрнатыўнымі поглядамі, якія прадстаўляюць інтарэсы простых беларусаў, былі ў мясцовых саветах і павярнулі ўладу тварам да людзей.

— Вы кажаце, што гэтая кампанія ня ёсьць падмуркам для іншых кампаніяў. Але раней вы заўсёды казалі, што ёсьць шырэйшая агульная "​стратэгія-2020«​, а мясцовая кампанія — толькі прыступка да важнейшых кампаніяў: парлямэнцкай і прэзыдэнцкай.

— Безумоўна, у нас ёсьць стратэгія, яна значна большая і даўжэйшая. І людзям, якія да нас прыходзяць, мы кажам: мы вас рыхтуем ня проста на гэтыя тры месяцы, мы вас рыхтуем на выбары і 2020-га, і 2022 году, і на наступныя мясцовыя. Вы павінны быць пазнавальныя ў сваіх акругах і мець рэальную падтрымку людзей. Але, зь іншага боку, цяперашняя мясцовая кампанія мае свае ўласныя мэты і ня можа разглядацца як нейкі прахадны момант.

— Спрэчкі наконт удзелу-няўдзелу ў выбарах сёньня адышлі ў бок, большасьць апазыцыі зьбіраецца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. На апошніх парлямэнцкіх выбарах два незалежныя кандыдаты сталі дэпутатамі палаты прадстаўнікоў. Тое, што ўлада на гэты раз можа прапусьціць у мясцовыя саветы і некалькі апазыцыйных кандыдатаў, — гэты факт неяк уплывае на вашу актыўнасьць на мясцовых выбарах?

— Мы, па-першае, на гэта не спадзяемся. Але на кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады розных узроўняў мы тлумачым, што гэта ім найперш патрэбна, каб альтэрнатыўныя палітыкі зьявіліся ў мясцовых саветах. Каб дыскусіі ішлі не на вуліцах, а ў сьценах мясцовых саветаў, каб людзі там маглі абараняць свае інтарэсы.

І мы сёньня сабралі вельмі моцную каманду, без радыкалаў і маргіналаў. Я ўпэўнены, што гэтыя людзі вартыя таго, каб прайсьці ў мясцовыя саветы.

— А каго б вы сёньня назвалі «радыкаламі і маргіналамі»?

— Не мая роля раздаваць ярлыкі, ніколі гэтага не рабіў. Але для мяне важней тое. што ў нашай камандзе такіх людзей няма.

— Калі не ярлыкі, то ацэнкі пэўныя вы раздаяце. І нядаўна вы сказалі, што Паўлу Севярынцу ня варта быць кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Далейшая дыскусія вас не падштурхнула да думкі, што вы дарма гэта зрабілі?

— Не падштурхнула. Больш за тое, я лічу, што тое, што робяць Статкевіч і Севярынец, нагадваюць людзям, што тыя маюць права на вулічны пратэст — гэта добрая справа. Але іхныя погляды — гэта ня погляды мірных пераменаў. І, вядома, такі кандыдат ня будзе спрыяць мірным пераменам у Беларусі.

Дзьмітрыеў: На прэзыдэнцкіх выбарах Севярынец ня можа быць «кандыдатам за мірныя перамены»

— Вы як палітычная структура адстойваеце «мірныя перамены». Але ўлада сама можа ўзяць курс на паступовыя эвалюцыйныя перамены — і ў гэтым сэнсе навошта вы ім?

— Калі б улада магла — даўно б гэта зрабіла. А мы бачым, што гэта ня так проста. Пакуль няма выказанага з розных бакоў, праз розныя каналы грамадзкага інтарэсу — улада варушыцца ня будзе. Мы патрэбныя ня ўладзе. Мы патрэбныя людзям, якіх мы спрабуем аб’яднаць, навучыць гэты інтарэс фармуляваць і выказваць, дамагацца, каб гэтыя інтарэсы ўлічваліся ўладай.

— Вы нярэдка ходзіце на сустрэчы ва ўладныя кабінэты. Ці пабачылі вы нейкія перамены ў стаўленьні чыноўнікаў, ва ўспрыманьні вас як апазыцыйнага палітыка, ідэяў, якія вы спрабуеце данесьці?

— Я бачу зьмены, асабліва на цэнтральным узроўні. Безумоўна, застаецца шмат стэрэатыпаў — як у іх адносна нас, так і ў нас адносна іх. Шмат недаверу, які трэба пераадольваць. Але я бачу галоўную зьмену ў тым, што гэтыя кабінэты адчыняюцца.

Вялікая праблема сёньня ў тым разрыве, які ёсьць паміж Менскам і астатняй Беларусьсю. У рэгіёнах іншае жыцьцё, людзі менш зарабляюць, горшая адукацыя, ахова здароўя, няма палітычнага дыялёгу. І мы яго хочам будаваць, разьвіваць культуру палітычнага дыялёгу, бо безь яе далейшага разьвіцьця прыняцьця рашэньняў з улікам інтарэсаў розных групаў людзей ня будзе.

— «Гавары праўду» апошнім часам дзейнічае паасобку, без удзелу ў розных апазыцыйных кааліцыях. Гэта таму, што вы пачуваецеся настолькі моцнымі і ўплывовымі, ці ад таго, што вас у кааліцыі не запрашаюць і не бяруць?

«Мы нарэшце сёньня змагаемся за рэальную зьмену ўлады, а не за тое, каб марыць пра немагчымае»

— Сёньня нарэшце слова «адзінства» перастала абазначаць шэраг людзей, якія, узяўшыся за рукі, зрабілі фатаздымак. Адзінства ў поглядах, у мэтах. Сёньня мы бачым паўнавартасны ўдзел у выбарах, спробы арыентавацца на праблемы, якія хвалююць і турбуюць людзей, арыентацыю на перамены. Гэта і ёсьць стратэгічнае адзінства.

Што да нейкіх кааліцыяў — то мы сёньня гатовыя супрацоўнічаць для канкрэтных мэтаў, але ня бачым неабходнасьці ўступаць у нейкую кааліцыю. Ад «Гавары праўду» на мясцовыя выбары пойдзе больш за сто кандыдатаў.

— «Гавары праўду» лічыць сябе апазыцыяй?

— Безумоўна, мы зьяўляемся апазыцыяй, мы робім усё, каб альтэрнатыўны погляд быў прадстаўлены на ўсіх узроўнях улады і жыцьця.

— Вы не баіцеся, што як палітычная сіла пяройдзеце пераважна на нейкія лякальныя праблемы, тое, што я называю «лавачкі ля пад’ездаў»? Адыдзеце ад барацьбы за ўладу і будзеце змагацца толькі за «лавачкі», абгрунтоўваючы гэта тым, што такое, маўляў, і патрэбна людзям?

— Калі ў мясцовыя саветы пройдуць альтэрнатыўныя палітыкі — гэта і ёсьць зьмена ўлады. Калі ў парлямэнце зьявіцца і будзе шырыцца апазыцыя і людзі атрымаюць сваё палітычнае прадстаўніцтва — гэта і будзе зьмена ўлады. Мы нарэшце сёньня змагаемся за рэальную зьмену ўлады, а не за тое, каб марыць пра немагчымае і праз гэта разбураць лёсы людзей.

Зьмена ўлады — гэта не пра пэрсаналіі найперш, а пра паводзіны. Таму чым больш прадстаўнікоў апазыцыі будзе на ўсіх узроўнях улады, тым хутчэй улада будзе мяняцца.

Вельмі важна казаць пра тое, што хвалюе людзей — ня толькі для таго, каб іх задаволіць. Але праз гэта людзі прыходзяць у палітыку, хочуць пайсьці кандыдатамі, паспрабаваць свае сілы. Ці гэта не зьяўляецца палітычнай зьменай — калі грамадзтва пачынае бачыць сэнс у сваім удзеле ў палітыцы?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG