Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі: дзіцячых садкоў будзе дастаткова ў 2020 годзе, зьявяцца платныя групы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі плянуе дазволіць беларускім дзіцячым садкам адкрываць платныя групы, перадае БЕЛТА заяву прадстаўніцы Мінадукацыі Альбіны Давыдовіч. Цяпер у дзіцячых садках бяруць плату за харчаваньне і ўдзел у дадатковых гуртках, але не за само перабываньне дзяцей у іх.

Пра платныя садкі, паводле Давыдовіч, прасілі самі бацькі. Магчымасьць стварэньня цалкам платных групаў у садках закладзеная ў праект новага Кодэксу аб адукацыі.

Цана платных групаў, паводле Давыдовіч, будзе залежаць ад набору паслугаў і навучальных праграмаў. Каштаваць такія групы будуць меней за прыватныя дзіцячыя садкі (дзе кошты даходзяць да соцень даляраў на месяц).

Пакуль жа дзіцячых садкоў не паўсюль дастаткова: як перадае БелаПАН, пры сацыяльным стандарце ў 85% ахопу насельніцтва дзіцячымі садкамі ў Менскай вобласьці месцамі ў садках забясьпечаныя 91,1% дзяцей, але ў Менскім раёне — толькі 60,6%. Таксама стандарт не выконваецца ў Берасьці і ў Фрунзэнскім раёне Менску.

Праблему недахопу дзіцячых садкоў абяцаюць вырашыць да 2020 году паводле пляну, зацьверджанага віцэ-прэмʼерам Васілём Жарко. Плян прадугледжвае ня толькі будаўніцтва новых дзяржаўных дзіцячых садкоў, але і разьмяшчэньне дзіцячых дашкольных установаў на першых паверхах жылых дамоў, адкрыцьцё прыватных садкоў, а таксама адкрыцьцё дадатковых групаў кароткачасовага перабываньня дзяцей.

Калі ў 2016 годзе ў Беларусі адкрылі 12 новых дзіцячых садкоў, то да канца 2017-га абяцаюць адкрыць 16. Каб адкрывалася болей дзіцячых групаў на першых паверхах жылых дамоў, для іх спрасьцілі санітарныя правілы. Да 2020 году заплянаванае адкрыцьцё 11 такіх групаў на 247 месцаў. Але ці будзе выкананы гэты плян, у Мінадукацыі ня ўпэўненыя — дый наогул, забудоўнікам, як кажуць у міністэрстве, выгадней будаваць асобныя дзіцячыя садкі, а не выдзяляць пад іх паверхі ў жылых дамах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG