Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы на балоце


Амбасадар Злучанага Каралеўства блізка знаёміцца зь беларускімі балотамі
Амбасадар Злучанага Каралеўства блізка знаёміцца зь беларускімі балотамі

Падчас мёрскага фэсту «Журавы й журавіны» ў мінулыя выходныя балоты заказьніку «Ельня» наведалі надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Скот Роланд з жонкай.

Экскурсію па «Экалягічнай сьцежцы» на балотах зладзіў для дыпляматаў дырэктар заказьніку Іван Барок. Тыя былі надзвычай уражаныя — Брус Бакнэл у Беларусі бачыў толькі Бярэзінскі запаведнік, а гэткіх вялікіх балот, як і амэрыканскі калега, ня бачыў ні разу нідзе.

Комплекс верхавых балот «Ельня» — трэці па велічыні ў Эўропе. І толькі прыехаўшы ў Мёры, англічанін Брус Бакнэл даведаўся, што найвялікшыя гэткія балоты — Flow Country ў Шатляндыі.

— Цяпер я мушу наведаць балоты ў Шатляндыі! Тым больш што ляндшафт там і ў Беларусі зусім розны, — паставіў сабе задачу амбасадар Вялікай Брытаніі.

Дыпляматы на балоце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:36 0:00
Наўпроставы лінк

Скот Роланд — вялікі аматар птушак, увесь час ён лавіў іх у аб’ектыў фотаапарата. Сустрэлі заходнія госьці й зьбіральнікаў журавін, паспыталі сьвежых ягад, панюхалі багуну ды даведаліся шмат цікавага.

Напрыклад, што навукоўцы зь Нямеччыны, па словах дырэктара заказьніку, літаральна падаюць на калені перад траўкай шэйхцэрыя, якая на Ельні расьце проста ўздоўж турыстычнай сьцяжыны, а ў Нямеччыне пасьля масавага асушэньня верхавых балотаў цалкам зьнікла.

Багна-траўка: Унікальная шэйхцэрыя
Багна-траўка: Унікальная шэйхцэрыя

— Вада ў мясцовых азёрах настолькі чыстая, — распавядае Іван Барок, — што тут фізычна немагчымая браканьерская лоўля рыбы электрычным токам. А каб ёю напіцца, трэба браць з сабой салёныя гуркі ды імі закусваць.

Дырэктар заказьніку «Ельня» Іван Барок вядзе экскурсію для высокіх гасьцей
Дырэктар заказьніку «Ельня» Іван Барок вядзе экскурсію для высокіх гасьцей

Увосень жа, калі мясцовых жыхароў ноч засьпявала на балотах, а тэмпэратура рэзка падала ў мінус, каб сагрэцца — бо вогнішча разьвесьці тут няма дзе — яны акуналіся ў прагаліны вады між купкамі сфагнуму: вада крыху ўнізе заўсёды нашмат цяплейшая за верхні слой і паветра.

Госьці не адмовілі сабе ў прыемнасьці пакратаць беларускую балотную ваду, цёплую й мяккую. І паехалі шукаць журавоў.

Балатаход
Балатаход

Даведка Свабоды:

Нацыянальны ляндшафтны й гідралягічны заказьнік «Ельня» ўтвораны на тэрыторыі Мёрскага й Шаркаўшчынскага раёнаў. Гэта комплекс верхавых балот, рэчак і шматлікіх азёраў, што зьвязаныя між сабой.

Заказьнік «Ельня»
Заказьнік «Ельня»

На балотах безьліч рэдкай расьліннасьці і птушак. З дапамогай Эўрапейскага Зьвязу й ААН зроблена турыстычная «Экалягічная сьцежка» з інфармацыйнымі стэндамі й месцамі для адпачынку. Даўжыня сьцежкі — паўтара кілямэтра, вядзе яна ад рэчкі Волты да стужкі азёраў Азяраўкі. Яе наведваюць мясцовыя жыхары, турысты зь Беларусі і рэдкія пакуль замежнікі.

Экалягічная сьцежка на Азяраўкі
Экалягічная сьцежка на Азяраўкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG