Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні з валянтэрамі: вайна і мір. Дзень 2-гі


Дар’я Кастэнка
Дар’я Кастэнка

Радыё Свабода працягвае публікацыю дзёньніка беларускай журналісткі Дар’і Кастэнкі з зоны АТА ў Данбасе.

Дзень пачынаецца а 6-й раніцы зь пяціхвілінкі нянавісьці. Мы дружна ненавідзім будзільнік.

Хутка зьбіраемся, расьпіхваючы па кішэнях дакумэнты й рацыі.

Перш за ўсё едзем на хлебазавод. Дружа хоча адвезьці вайскоўцам 100 боханаў цёплага сьвежасьпечанага хлеба.

Панурая прадавачка ў краме, здаецца, ня вельмі хоча дапамагаць фронту:

«Не, з паддонамі не прадамо. І вялікіх мяхоў таксама няма».

Хлопцы едуць у супэрмаркет па пакеты, а я іду фатаграфаваць чаргу ў мясцовы сабес. Арцёмаўск — «прыфрантавы» горад. Людзі з тэрыторыяў ДНР/ЛНР прыяжджаюць сюды афармляць сабе ўкраінскія пэнсіі і дапамогі. Горад поўніцца як сапраўднымі ўцекачамі, так і тымі, хто прыяжджае, становіцца на ўлік, афармляе пэнсію — і вяртаецца дадому.

У краме хлебазаводу
У краме хлебазаводу

***

Шэрыя, насьцярожаныя твары. Убачыўшы фотаапарат, адварочваюцца. Чарга гадзінамі прастойвае на вуліцы — добра, што цяпер не мароз.

«Пэнсійны турызм» — прадмет лютых дыскусіяў ва Ўкраіне. З рэальнымі ўцекачамі пытаньняў няма. Але ці плаціць пэнсіі людзям, якія потым вяртаюцца на тэрыторыі, падкантрольныя сэпаратыстам? Ці пакінуць іх паміраць з голаду?

Чарга ў сабес
Чарга ў сабес

Адны кажуць: «Яны крычалі „Расея, прыйдзі“, зьбівалі нашых параненых і ставілі да ганебнага слупа Ірыну Доўгань. Навошта фінансаваць тэрарыстаў». Іншыя: «Яны ўсё роўна нашы грамадзяне, сваю пэнсію яны зарабілі, і ў любым выпадку, старыя не павінны паміраць з голаду».

А пакуль суд ды справа, «крывавая хунта» паставіла насупраць сабесу дзьве біяпрыбіральні і разгарнула вайсковы намёт, дзе можна сагрэцца, каб не аддаць канцы, гадзінамі стоячы ў чарзе.

У намёце топіцца буржуйка, мужычок сячэ дровы, за сталом сядзяць панурыя жанчыны і запаўняюць нейкія паперы.

Намёт каля сабесу, дзе можна сагрэцца
Намёт каля сабесу, дзе можна сагрэцца

Пра палітыку і вайну тут не гавораць. Кажуць пра тое, як правільна запоўніць дакумэнты і куды ўпісаць нумар пашпарта.

***

На выезьдзе з Арцёмаўску я бачу першыя ў гэтай паездцы сьляды баёў. Разбураны плот танкавай часткі: яе штурмавалі інсургенты, плот і пабудовы зьнесла стрэламі з танка, але ўкраінскія вайскоўцы адбіліся.

Танкавая частка ў Арцёмаўску
Танкавая частка ў Арцёмаўску

— Нахрэн яе наогул было штурмаваць — могілкі мэталалому, — зьдзіўляецца Док. Побач са зьнесеным плотам — цэлыя, іржавыя наскрозь вароты, якія, здаецца, можна зьнесьці ня стрэлам з танка, а штурхалём.

З гэтага моманту вайна ўсё бліжэй.

***

Найперш мы заяжджаем да артылерыстаў — Док прывёз ім прыладу начнога бачаньня.

На саму батарэю нам не праехаць: яна глыбока ў палях, там пасьля начнога дажджу ўсё раскісла. Угразьнем у бруд і мы самі, і наш Шчасьліўчык. У вайскоўцаў на ботах па паўтоны рудой, ліпучай гліны.

Праўду кажуць: вайна — гэта бруд. У самым прамым сэнсе. Ён усюды — ліпне да ботаў і колаў, у ім буксуюць машыны і ў яго ж кладуцца параненыя і памерлыя. У тлусты вугальны данецкі пыл, у чырвоную гліну.

Вайна — гэта калі зямля становіцца брудам.

***

«Хто быў добрым хлопчыкам, таму Дзед Мароз прынёс падарункі!» — Док уручае Сашку прыладу начнога бачаньня. Сашка зьзяе, як выхаванец дзіцячага садочка, які атрымаў у падарунак машынку.

Сашку 25, ён — радавы і адначасова, фактычна, старэйшы афіцэр батарэі. Ён адзіны тут — з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, былы «залаты хлопчык», цяпер артылерыст. Так што складаныя разьлікі — усё на ім.

«Класная штука. Нам бы цяпер яшчэ цеплавізар», — падлізваецца Сашка.

***

Бачком-бачком падцягваюцца астатнія артылерысты — і маладыя хлопцы, і панурыя дзядзькі гадоў за 40.

Адзін зь іх падобны да майго бацькі як дзьве кроплі. Той жа паляшуцкі тып — шырокі нос, акуратныя вусы, хітраватыя блакітныя вочы.

— Мікола я, зь Віньніцы.

— Даша.

Гісторыя звычайная: мужык прыйшоў у ваенкамат і папрасіўся ў войска. Многія косяць, але многія і ідуць добраахвотнікамі.

Я падсоўваю яму ў рукі падарунак ад масквічоў.

Ён чытае паштоўку і зьдзіўляецца.

— Праўда, з Масквы? Ну, перадай ім ад дзядзькі Міколы: мы з вамі ўсё роўна браты. Зразумела? Так і перадай. Давайце ўжо, Пуціна гэць.

Вакол нас ужо натоўп народу. Як жа, валянтэры прыехалі, сьмех і радасьць мы прыносім людзям.

«Хадзем, мы вам пакажам, як жывем», — штурхае мяне ў бок малады хлопец. Мы з Жэнькай прасочваемся ў дзьверы, завешаныя коўдрай. Усьлед за намі з лаянкай нясецца дзядзька ў акулярах і з жоўтай нашыўкай — хтосьці накшталт палітрука.

— Нельга! Там нарада афіцэраў! Назад!

— Вось жа ж пі..рас, — шэпча хлопец, які хацеў нам паказаць бліндаж. — Выбачайце, дзяўчаткі. У госьці запрашу пасьля перамогі.

Празь пяць хвілінаў артылерыстаў зьбіраюць на шыхтаваньне. Мы разварочваемся і зьяжджаем. Апошняе, што я бачу ў вакно — дзядзька Мікола разгарнуў і жуе маскоўскую «Кароўку».

Ваяры сьвятла
Ваяры сьвятла

***

— Ну, як табе хлопцы? — Пытаецца Док ў Дружа.

— Ды нармалёва. Сытыя, апранутыя, усе разумеюць, навошта яны тут стаяць. Ня тое, што ўлетку, калі ваявалі распранутыя-разутыя, і ўсяго не хапала, нават вады.

«Нашу армію мы зьляпілі самі, з таго што было», — кажа мне Жэнька. Месцамі — з лайна і палак. Ты паглядзі, на чым цяпер езьдзяць тэрбаты (батальёны тэрытарыяльнай абароны, добраахвотнікі). Палова машын — старызна грамадзянская: ці валянтэры падарылі, ці самі ў каго-небудзь адціснулі.

Улетку я бачыла, як Харкаўскі ваенны шпіталь высоўваўся на перадавую. Ідзе калёна грузавікоў, адзін за другога старэйшыя, а ў іх наваленыя сталы нейкія крываногія. Вось так і ваюем. Ды што там, нядаўна валянтэры скідваліся на новы апэрацыйны стол Харкаўскаму шпіталю. А мы ж прыфрантавы горад, маць яго. Чаму ня чухаюцца Міністэрства аховы здароўя і Мінабароны?!

Яна пару сэкундаў маўчыць і па-гаспадарску дадае.

— Патасны такі стол, дарэчы, набылі. Рэнтгенапразрысты.

Жэнька ківае за вакно, дзе якраз бачныя нейкія чарговыя ўмацаваньні.

— Не, ну а цяпер паглядзіш — амаль сапраўдная армія.

Галоўны рэсурс, якога не хапае валянтэрам, — грошы. Ёсьць і працоўныя рукі, і час — няма грошай. Улетку ахвяравалі больш актыўна, а цяпер зацішша на фронце — вычарпаўся і струмень ахвяраваньняў.

«У людзей проста сканчаюцца грошы», — уздыхае Док.

***

Док падобны да старога пірата: раньняя сівізна, у вуху завушніца з крыжыкам, мядзьведжы целасклад барца-вольніка і вясёлыя, злыя іскрынкі ў вачах.

«Ваенна-палявы гінэколяг», — адрэкамэндаваўся ён пры знаёмстве. Паводле асноўнай спэцыяльнасьці Док — акушэр-гінэколяг. Ён працуе ў адной з самых вядомых клінік ва Ўкраіне.

Акрамя тых дзён, калі ён бярэ выходныя і едзе на фронт валянтэрыць.

Другая спэцыяльнасьць Дока (якая калісьці была першай) — ваенны хірург.

На Майдане ён цыраваў параненых у тым самым шпіталі ў Доме Прафсаюзаў. Шпіталь пагарэў пры штурме, і Док пераехаў у Міхайлаўскі сабор.

«Памятаю, зьнізу крычалі аб эвакуацыі — беркуты былі зусім побач, — кажа ён.— Спрабую ўгаварыць жанчын-лекараў, сёстраў, валянтэраў сыходзіць у Міхайлаўскі. Не сыходзіць ніхто. Зьнікаюць з вачэй на пару хвілінаў і застаюцца. Раптам да мяне падыходзіць мэдсястра (гадоў пад сорак, маленькая такая), зазірае мне ў вочы і вельмі сур’ёзна запытвае: „А калі мы пойдзем у Міхайлаўскі, вы ня будзеце лічыць нас здраднікамі?“

Камяк у горле...

У сакавіку пасьля Майдану мы з самаабаронай патрулявалі наш раён. Міліцыя проста не выходзіла на працу, і незразумела было, чыя ўлада. Горад захліснула: кватэрныя крадзяжы, гоп-стоп.

І тады мы пайшлі ў міліцыю. Прыходзім, запытваем у дзяжурнага — хто сёньня павінен быць у патрулі? — Такі і такі. — А дзе яны? — Адзін сказаў, што хворы, другі ўзяў выходны. Бярэм адрас „хворага“, едзем да яго. Ён сядзіць перад тэлевізарам і п’е гарэлку. Выдзіраем яго з крэсла, прымушаем апрануцца па форме і ўзяць дакумэнты, саджаем у машыну. Ён — „афіцыйны“ міліцыянт, мы — дружыньнікі, добраахвотна дапамагаем міліцыі. Так і патрулявалі. Колькі кватэрных крадзяжоў раскрылі па гарачых сьлядах... »

***

«Я — патомны вайсковец, — кажа Док. — Ня мог атрымацца іншым. Мой продак, казацкі старшына, атрымаў асабістае дваранства з рук Пятра I. Ведаеш, за што? У бітве пад Палтавай узяў у палон швэдзкага афіцэра. Той аддаў яму сваю шпагу. Уяўляеш? Такое пачуцьцё, калі бярэш яе ў рукі... словамі не перадаць».

«Бацька майго прадзеда па маці быў правадыром дваранства. І ніколі не хаваў гэтага, нават у 1930-я гады. Мой дзед, сышоў ваяваць за чырвоных у грамадзянскую вайну, яму тады было 16 гадоў. Ён штурмаваў Перакоп, а з таго боку за белых Крым абараняў яго родны дзядзька. Такая ў нас сям’я, заўсёды ваявала.

Мой дзед загінуў пад Масквой у сорак першым, ён быў палітруком палка. Да 1972-га ён лічыўся зьніклым бязь вестак: яго імянны пісталет знайшлі, а дакумэнты і яго самога — не. Таму маёй маме цяжка было паступіць у ВНУ. Бацька прапаў бязь вестак, ёй казалі — а раптам ён здаўся ў палон? А раптам ён у вас недзе на Захадзе?»

«Мама ніколі не была ў партыі. Яе хацелі павысіць да галоўнага ўрача бальніцы, але для гэтага трэба было ўступіць у КПСС. Яна па-ціхаму адмовілася і пайшла ў шараговыя лекары.

Мне пашанцавала, у нас была дысыдэнцкая сям’я. Такія ціхія кухонныя дысыдэнты. Далей размоваў на кухні гэта не ішло, вонкава — законапаслухмяныя савецкія грамадзяне. Але ўсё, што трэба зразумець пра СССР, я зразумеў зь дзяцінства.

Ведаеш, я запомніў адзін момант. Я тады быў сапля саплёй, нічога не зразумеў, але ў памяць урэзалася. І вельмі шмат прыгадваў пасьля, калі ўжо быў дарослы.

Мы — дваране. Мы жывем для таго, каб абараняць нашу Ўкраіну. І памерці за яе, калі будзе трэба. Запомніў?

Прадзед быў строгі такі мужык. Увесь сівы, з доўгімі вусамі, высокі, касьцісты і прамы — як кій. Суровы — зь дзецьмі слова лішняга ня скажа. Як італьянскі дон — хіба што дапусьціць пярсьцёнак пацалаваць.

Аднойчы ён паклікаў мяне да сябе — напэўна, адчуваў, што хутка памрэ. Узяў за плечы, паглядзеў мне ў вочы — я да гэтага часу памятаю гэты погляд. І сказаў:

«Ты цяпер не зразумееш мяне. Але ты проста запомні. Галоўнае, што ў нас ёсьць — гэта Ўкраіна. Наша Радзіма. Самае дарагое для нас. Мы — дваране. Мы жывем для таго, каб абараняць нашу Ўкраіну. І памерці за яе, калі будзе трэба. Запомніў? Гэта нічога, што ты не разумееш. Потым зразумееш».

Док няёмка разварочваецца: зацякла нага. Ён ходзіць з кіем і больш ня можа выконваць апэрацыі — падводзіць каардынацыя. Гэта наступствы кантузіі ў Грузіі, у 2008 годзе.

«Як толькі ў канцы ліпеня пачалося, мы зь сябрамі вырашылі ехаць у Грузію валянтэрамі.

Украінскіх валянтэраў, якія прыехалі туды, сабралі ў Тбілісі, перад намі павінен быў выступіць Саакашвілі.

Ён не зайшоў на трыбуну — ён спусьціўся да нас у залю. І сказаў прыкладна наступнае:

«Дзякуй, што адгукнуліся. Са зброяй у руках, асабліва ў выпадку трапляньня ў палон, вы зробіце для рэпутацыі Грузіі большую шкоду, чым карысьць ад вас на фронце. Але нам патрэбныя кіроўцы, інструктары, мэдыкі. Кожны, хто ўмее нешта рабіць, — крок наперад».

Так Док стаў лекарам мабільнага шпіталя.

«Паклажа на ішаках і на плячах — там дзе мы былі, машына ня пройдзе. Я быў галоўным урачом, а яшчэ са мной быў мясцовы фэльчар, Вахтанг. Яго застрэліў расейскі снайпэр. Непрафэсіянал, можа, і загаду такога не атрымліваў, проста папаляваць захацелася.

Горы былі поўныя расейскіх снайпэраў, наводчыкаў, карэктоўшчыкаў. Так пацешна было ляжаць на ўскрайку цясьніны, чуць па радыё, што расейскіх войскаў у Грузіі няма, і адначасова бачыць удалечыні калёну расейскай тэхнікі.

Мы пераяжджалі зь месца на месца. Знаходзім пляцоўку — разгортваем намёты, ставім шпіталь.

Абстрэльваць? Абстрэльвалі. На чырвоны крыж на намётах ім было пляваць. У мяне ўжо чуйка разьвілася. Неяк знайшлі зручную пляцоўку, пачалі разгортвацца — а мне ня хочацца. Страшна, як быццам у сьпіну хто глядзіць. Загадваю: хлопцы, згортваемся і мяняем пляцоўку. У мяне былі простыя хлопцы, мясцовыя шараговыя, ім далі загад — трэба выконваць. Толькі адышлі адтуль — пляцоўку накрывае мінамётным залпам.

А ў той раз падвёў я хлопчыкаў і дзяўчынак. Чуйка не спрацавала. Шпіталь накрыла «Градам» — гэта мне потым ужо распавялі. Выбуху, якім мяне кантузіла, я ня чуў. Ачомаўся ўжо ў расейскім лягеры для палонных. З усяго шпіталя нас чацьвёра жывых засталося. Мне хлопцы кінулі ў кішэню дакумэнты нашага забітага грузіна-мэдбрата. Гэта мяне і выратавала: убачылі б што ўкраінец — шлёпнулі б без размоў.

Мне хлопцы кінулі ў кішэню дакумэнты нашага забітага грузіна-мэдбрата. Гэта мяне і выратавала: убачылі б што ўкраінец — шлёпнулі б без размоў

Зь лягера мы ўцяклі. Мне пасьля кантузіі было дрэнна: ванітаваў кожныя 20 крокаў, ня мог гаварыць, амаль ня чуў. Рукі-ногі ня слухаюцца, губляю прытомнасьць. Пры выбуху зь мяне сарвала берцы, так і застаўся босы. Ішоў праз горы басанож, ногі абматаў усімі анучамі, якія былі, і ўсё роўна на падэшвах скуры не засталося — голае мяса. Калі губляў прытомнасьць, пабрацімы мяне цягнулі.

Праз тры дні мы выйшлі да сваіх. Да таго моманту і вайна скончылася.

Пасьля кантузіі ў мяне дрэнная каардынацыя рухаў: ты бачыла, хаджу з кіем. Больш не магу рабіць апэрацыі, як раней — рукі ўжо ня тыя. Для хірурга недастаткова добрыя. На Майдане, праўда, давялося, але там толькі простыя апэрацыі.

«Мы з тымі трыма замовілі сабе аднолькавыя завушніцы на памяць», — ён паварочваецца да мяне вухам, каб паказаць завушніцу — крыж на колцы.

«Адзін з тых трох загінуў гэтым летам пад Ілавайскам».

***

Дружа, які стаміўся слухаць нашы размовы, выкопвае з бардачка касэту — у машыне рарытэт, старая касэтная аўтамагнітола.

«Правасекі перайшлі да катаваньняў мірнага насельніцтва», — пырхаю я. На касэце, да майго зьдзіўленьня, нейкая падборка ўмоўнага рускага року.

Блёкпосты на дарогах усё часьцей, мы на трасе, якая вядзе ў Дэбальцава.

Дэбальцаўскі мех — месца, дзе ўкраінская армія глыбока ўклінілася ў тэрыторыі, кантраляваныя ДНР. Але месцамі яна кантралюе толькі трасу ды прылеглую зялёнку, ды і тыя прастрэльваюцца.

Дэбальцаўскі кацёл
Дэбальцаўскі кацёл

Вёскі, якія належаць сэпаратыстам, бачныя з дарогі — да «чужой» тэрыторыі рукой падаць. Мне гэта моцна нагадвае Ізраіль. Тыя ж няроўныя пагоркі-нізінкі, у кароткай выпаленай траве, тыя ж вёскі, бачныя за некалькі кілямэтраў. Толькі больш дрэваў.

Едзеш па дарозе, а за жалезнай сеткай — палестынскія тэрыторыі. Месца, дзе цябе ненавідзяць і дзе дзейнічаюць іншыя законы. Чужыя землі.

Нават трасу, шчыра кажучы, украінская армія кантралюе вельмі ўмоўна: у зялёнцы пэрыядычна зьяўляюцца дывэрсійна-выведвальныя групы з ДНР, яны палююць на ваенных і валянтэраў, а на іх палююць украінскія выведнікі.

***

Мы шчыкаем пальцамі бохан белага хлеба, глядзім па баках — надвор’е сёньня сонечнае — і слухаем тое, што непатрабавальны Дружа лічыць музыкай.

«Есть только миг между прошлым и будущим, именно он называется жизнь», — хрыпіць дынамік.

«...а ў хлебе Панікоўскі прарабіў мышыную дзірку. Пасьля чаго грэблівы Астап выкінуў хлеб-соль на дарогу», — задуменна цытуе Док, гледзячы на нашы пакалупаныя паўбохана. І мы пачынаем рагатаць, заглушаючы магнітафон. Можа, нездарма імпэрцы блытаюць бэндэраўцаў з бандэраўцамі? Хлопцы — тыя яшчэ авантурысты, як і Астап з таварышамі, а Шчасьліўчык — крыху больш удачлівы нашчадак «Антылёпы Гну».

«Пусть этот мир вдаль летит сквозь столетия,
но не всегда по дороге мне с ним,
чем дорожу, чем рискую на свете я,
мигом одним, только мигом одним».

Док дастае з-пад скрыняў у багажніку вінтоўку і кладзе яе перад сабой.

Мы ўяжджаем у Дэбальцаўскі мех.

Хлеб вайны
Хлеб вайны

Аўтар тэксту і фота — Дар’я Кастэнка,
беларуская журналістка, цяпер працуе ў Маскве

Два дні з валянтэрамі. Першая частка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG