Францускі актор Жэрар Дэпардзьё на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Сочы атрымаў расейскі пашпарт, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Расеі.
Дэпардзье прыбыў у Сочы 5 студзеня чартэрным рэйсам. Расейскае грамадзянства яму было дадзенае 3 студзеня. Пяскоў растлумачыў, што гэта было зьвязана з буйным унёскам актора ў разьвіцьцё расейскага кінематографа.
Пуцін сустрэўся з Дэпардзьё ўвечары 5 студзеня. Сустрэча Пуціна і Дэпардзьё была кароткай. Падчас яе прэзыдэнт Расіі і францускі актор абмеркавалі ў тым ліку выхад у расейскі пракат карціны пра Грыгорыя Распуціна, у якой Дэпардзьё сыграў галоўную ролю.
Пра тое, што Дэпардзьё зьбіраецца адмовіцца ад францускага грамадзянства, стала вядома ў сьнежні 2012 году — пасьля таго, як актор перабраўся на сталае месца жыхарства ў Бэльгію. Рашэньне Дэпардзьё зьмяніць грамадзянства прэса зьвязвала з 75-працэнтным падаткам на гадавы прыбытак, які перавышае мільён эўра, які прапанаваў ўвесьці прэзыдэнт Франсуа Алянд. Пазьней тлумачылася, што актор вырашыў пакінуць Францыю з-за «агідных» сродкаў масавай інфармацыі, якія нападаюць на пасьпяховых і ініцыятыўных людзей, паведамляе РИА Новости.
Камэнтуючы навіну аб атрыманьні расейскага грамадзянства, Дэпардзьё заявіў, што вельмі рады гэтаму, бо зьяўляецца прыхільнікам рускай культуры і ладу мысьленьня. Ён таксама адзначыў, што любіць прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, і гэта ўзаемна. Расею актор назваў «краінай вялікай дэмакратыі». Ён паведаміў, што зьбіраецца вучыць расейскую мову і разглядае ў якасьці месца пражываньня ня толькі Маскву, якая зьяўляецца для яго занадта буйным мэгаполісам.
Дэпардзьё прыляцеў да Пуціна, каб сказаць, як любіць Расею?
Дэпардзьё падчас сустрэчы атрымаў ад Пуціна расейскі пашпарт. Таксама яны абмеркавалі выхад у расейскі пракат карціны пра Грыгорыя Распуціна, у якой Дэпардзьё сыграў галоўную ролю.