Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыт бюджэту ЭГУ складае каля мільёна даляраў ЗША, — рэктар Полік


Дэвід Полік

Дэфіцыт бюджэту Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту складае каля мільёна даляраў ЗША.

Пра гэта паведаміў новы рэктар ЭГУ амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік 16 красавіка на онлайнавай прэс-канфэрэнцыі ў ЭГУ.

Паводле Поліка, існаваньне дэфіцыту і стала прычынай таго, што яго запрасілі на працу ў гэтую навучальную ўстанову.

Прычыну недахопу рэсурсаў прафэсар Полік бачыць у пераезьдзе ўнівэрсытэту ў Вільню пасьля таго, як у 2004 годзе ён быў зачынены ў Менску. Пераезд быў зьвязаны зь вялікімі складанасьцямі.

Уяўлялася, што ўнівэрсытэт мае дастаткова рэсурсаў на бліжэйшыя гады, але сытуацыя зьмянілася, адзначыў Полік. «Больш не існуе кансэнсусу паміж траставым фондам і кіраўнічай радай», — сказаў ён.

Рэсурсы траставага фонду ЭГУ замарожаныя, як і транш Рады міністраў Паўночных краін у 2 млн даляраў. Умова яго размарозкі — збалянсаванасьць бюджэту ўнівэрсытэту, паведаміў Полік.

«Цяпер патрабуюцца складаныя, часам драматычныя рашэньні. Да донарскай асамблеі, якая будзе праходзіць у чэрвені, неабходна зьнізіць выдаткі бюджэту на 20–25%. Гэта патрабуе намаганьняў усіх органаў кіраваньня ўнівэрсытэту», — адзначыў новы рэктар.

Адна з магчымасьцяў, якія неабходна вывучыць у рамках рашэньня фінансавых праблемаў ЭГУ, — перагляд цяперашніх ставак платы за навучаньне.

«Калі сярод нашых студэнтаў ёсьць тыя, хто можа дазволіць сабе плаціць больш, яны, магчыма, і павінны плаціць больш, і наадварот», — адзначыў Полік.

Ён сказаў, што кіраўнічая рада ЭГУ прапанавала перагледзець адміністрацыйную структуру ўнівэрсытэту, арыентуючыся на павышэньне эфэктыўнасьці кіраваньня.

XS
SM
MD
LG