Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дакумэнты на экстрадыцыю блогера Лапшына яшчэ не прыйшлі», — Генэральная пракуратура


Аляксандар Лапшын

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што дакумэнты на экстрадыцыю расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына ў Азэрбайджан паводле абвешчанага запыту гэтай дзяржавы яшчэ не прыйшлі.

«Калі зьявяцца дакумэнты, тады і будуць разглядаць, а іх пакуль няма. Лапшын яшчэ тут. Дзе дакладна сядзіць, не скажу, але не на Акрэсьціна. Хутчэй за ўсё да Новага году гэтая справа не зварухнецца, дый потым не адразу», — мяркуе спадар Кісялёў.

Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня на запыт Азэрбайджану, які абвінавачвае яго ў незаконным наведваньні Нагорнага Карабаху. Адразу пасьля яго затрыманьня азэрбайджанскія мэдыя паведамілі, што Лапшын абвешчаны Азэрбайджанам у міжнародны вышук за тое, што неаднаразова ўчыняў ня ўзгодненыя з афіцыйным Баку візыты на тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Паведамлялася таксама, што ў чэрвені 2015 году Лапшын заехаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі з украінскім пашпартам.

Ужо два тыдні Аляксандра Лапшына трымаюць у сьледчым ізалятары № 1 Менску. Ягоная сяброўка Кацярына заявіла БелаПАН, што ў інтарэсах затрыманага яна ня можа паведамляць ніякай інфармацыі.

28 сьнежня пасол Беларусі ў Азэрбайджане Генадзь Ахрамовіч ня выключыў выдачы азэрбайджанскаму боку затрыманага ў Менску расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына.

XS
SM
MD
LG