Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дадатковы тэрмін зьняволеньня Логінаву — 1 год і 9 месяцаў


Аляксандар Логінаў у залі Ваўкавыскага суду

Аляксандра Логінава асудзілі паводле артыкула 441 Крымінальнага кодэксу Беларусі за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням работнікаў адміністрацыі Ваўкавыскай калёніі. З улікам тэрміну, які ён яшчэ адбывае, тэрмін зьняволеньня агулам складзе 2 гады і 3 месяцы.

Аляксандар Логінаў у 1998 годзе ўчыніў страляніну ў менскім начным клюбе, дзе быў сын Лукашэнкі. Адбыў у турмах Беларусі амаль 12 гадоў і праз 4 месяцы меўся выйсьці на волю. Апошнія 8 месяцаў знаходзіўся ў Ваўкавыскай калёніі, дзе яму былі выстаўленыя новыя абвінавачаньні — непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў калёніі. Максымальны тэрмін зьняволеньня — 2 гады.

На судзе пракурор пералічыў больш за 10 выпадкаў, калі Логінаў аказваў «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі». Па яго словах, Логінаў адмаўляўся выходзіць на прыбіраньне тэрыторыі, памяшканьняў, адзін раз не прывітаў начальніка калёніі, самастойна без дазволу пакінуў сталоўку, зімой без загаду начальства апусьціў вушы на шапцы, а яшчэ, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, адмаўляўся выконваць каманду «адбой» альбо «падʼём».

У сваё апраўданьне Логінаў заявіў, што пасьля турэмнага рэжыму ў Горадні ён вельмі дрэнна сябе адчуваў і фізычна ня можа працаваць. Мэдычнай дапамогі, паводле ягоных слоў, ні ў Гарадзенскай турме, ні ў Ваўкавыскай калёніі асуджаным ніхто не аказвае. Ён сказаў, што ня можа добра дыхаць, ад гэтага ня сьпіць начамі, мае галаўныя болі, а ў апэрацыі на працягу 7 гадоў адмаўляюць.

Другая прычына была тая, што яго адпраўлялі прыбіраць у памяшканьні, дзе знаходзяцца ВІЧ-інфікаваныя, а таксама хворыя на гепатыт С. Гэта ён лічыць пагрозай для свайго здароўя. А трэцяя прычына — тая, што Логінаў лічыць працы, якія не аплачваюцца, рабскімі, скіраванымі на прыніжэньне асобы.

Супраць Логінава сьведчылі пяць асуджаных, якія адбываюць пакараньне разам зь ім у Ваўкавыскай калёніі. Адзін зь іх заявіў, што не даваў паказаньняў, якія запісаныя ў матэрыялах справы, і ня ставіў свайго подпісу.

Падчас допыту начальніка калёніі было прынятае рашэньне выдаліць Логінава з залі суду. Логінаў палічыў, што судзьдзя, адхіляючы ягоныя пытаньні да начальніка калёніі, перашкаджаў выявіць ісьціну, і заявіў адвод судзьдзі.

У прыватнасьці, адно з пытаньняў Логінава тычылася таго, зь якой прычыны яго паставілі ў калёніі на ўлік як лідэра злачыннай групоўкі? Калі адвод быў адхілены, Логінаў сказаў, што судзьдзя зрабіў гэта беспадстаўна. Тады яго выдалілі з залі.

Логінаў не прызнаў сваёй віны, заявіў, што не абскарджваў выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні ў калёніі з той прычыны, што ніхто з адміністрацыі яму не патлумачыў, як гэта зрабіць. І дадаў, што за 8 месяцаў у Ваўкавыскай калёніі толькі 38 дзён быў у атрадзе, астатнія дні адбываў пакараньні ў штрафным ізалятары. Гэта, на яго думку, сьведчыць, што справа супраць яго фабрыкавалася мэтанакіравана, каб ён ня мог выйсьці на волю.

На працэсе ў Ваўкавыску прысутнічаў былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Ён сказаў Свабодзе, што аналягічны шлях у беларускіх турмах праходзіў раней, на сабе адчуўшы, як фабрыкуюць падобныя справы.

Яго ламалі як толькі маглі

«Мне таксама ў камэру прыносілі падпісваць паперы — маўляў, тры дні таму я спаў пасьля таго, як была абвешчана каманда „пад’ём“. Я намагаўся гэта абскарджваць, а Логінава адразу ж саджалі ў штрафны ізалятар, ён нават ня меў магчымасьці напісаць скаргу. Яго ламалі як толькі маглі, але такія людзі не здаюцца. Ён дамагаўся высьветліць, на якой падставе яму надалі беларускае грамадзянства, бо ён ніколі яго не прасіў, але не дабіўся ў судзе нават гэтага».

Паводле Аўтуховіча, Логінаву не далі магчымасьці сказаць апошняе слова да канца. Судзьдзя перабіў яго на той падставе, што ён гаварыў не па сутнасьці канкрэтнай крымінальнай справы.

Прозьвішча Аляксандра Логінава загучала ў СМІ ў 1998 годзе, калі ў менскім начным клюбе «Макс-шоў» ён параніў зь пісталета хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава і ахоўніка клюбу. Сьведкам таго інцыдэнту стаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар.

За напад Логінаў быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі, два гады яму скасавалі па амністыі. А цяпер дадаўся новы тэрмін — 1 год і 9 месяцаў. Маці Логінава кажа, што 8 з амаль 12 гадоў у месцах зьняволеньня сын правёў у адзіночнай камэры Гарадзенскай турмы.

XS
SM
MD
LG