Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якой мяжы будзе адбывацца пацяпленьне адносін Беларусі з Захадам?


Менск наведала кіраўніцтва АБСЭ. Пра што сьведчыць высокі ўзровень дыпляматычных кантактаў? Ці сапсуюць адносіны Беларусі з Захадам прэзыдэнцкія выбары? Як паўплывае на Беларусь ваенна-палітычнае напружаньне паміж Расеяй і Захадам?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў з Варшавы.

Інтэнсыфікацыя дыпляматычных кантактаў паміж Беларусьсю і Захадам

Валер Карбалевіч: «Апошнім часам узровень дыпляматычных кантактаў кіраўніцтва Беларусі з прадстаўнікамі заходніх структур павялічваецца. Упершыню за пяць гадоў Менск наведалі генэральны сакратар АБСЭ Лямбэрта Заньер і дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк. Пра што гэта сьведчыць?

Таксама варта зьвярнуць увагу, што Аляксандар Лукашэнка прыняў амбасадара ФРГ у Беларусі Вольфрама Мааса. Беларускі кіраўнік рэдка сустракаецца адмыслова з амбасадарамі. Мабыць, гэта пэўны жэст у бок Нямеччыны?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Я б ня стаў пераацэньваць гэты візыт генэральнага сакратара АБСЭ. Гэта такая тэхнічная, апаратная постаць. Палітычны кіраўнік гэтай арганізацыі кожны год мяняецца, ён прадстаўляе тую краіну, якая па чарзе старшынюе ў АБСЭ. Гэтая арганізацыя ня вельмі ўплывовая. Думаю, галоўнае пытаньне, якое кіраўнікі АБСЭ абмяркоўвалі ў Менску, — гэта пытаньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Што тычыцца сустрэчы Лукашэнкі з Маасам, то варта адзначыць, што кіраўнік Беларусі адмыслова з заходнімі амбасадарамі не сустракаецца. За выключэньнем амбасадара Нямеччыны. У пэрыяд адлігі паміж Беларусьсю і Захадам 2008–2010 гадоў Лукашэнка тройчы сустракаўся з тагачасным нямецкім амбасадарам Вайсам. Бо беларускія ўлады лічаць Нямеччыну лякаматывам ЭЗ».

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Павал Вусаў: «Выглядае на тое, што ЭЗ гатовы пайсьці на новы дыялёг („дыялёг-2“) зь Беларусьсю. На тле канфлікту з Расеяй Захад гатовы паспрабаваць прывабіць Лукашэнку. Дзеля гэтага трэба, каб у Беларусі прайшлі мінімальна дэмакратычныя выбары. Слова „мінімальна“ тут дарэчы. Бо ад плянаў пабудовы тут, на постсавецкай прасторы, дэмакратыі Захад адмовіўся. І АБСЭ рыхтуецца — не скажу прызнаць выбары, але зьмякчыць падыходы да рэжыму Лукашэнкі».

Ці сапсуюць адносіны Беларусі з Захадам прэзыдэнцкія выбары?

Карбалевіч: «Вось пагаворым пра тое, якім чынам прэзыдэнцкія выбары паўплываюць на адносіны Беларусі з Захадам. З ранейшага досьведу можна зрабіць выснову, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі заўсёды заканчваліся пагаршэньнем адносін Менску з ЭЗ і ЗША.

А што цяпер? Вось кіраўніца ЦВК Ярмошына пасьля сустрэчы з дырэктарам БДІПЧ Лінкам заявіла: „У мяне склалася адчуваньне, што спадар Лінк зьбіраецца адкрыць, магчыма, новую старонку ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і БДІПЧ“. То бок Менск разьлічвае, што БДІПЧ, Захад увогуле гэтым разам станоўча ацэніць беларускія выбары. Ці гэтыя спадзяваньні маюць пад сабой падставу?»

Фёдараў: «Нейкія падставы для гэтага ёсьць. Ня варта чакаць, што апазыцыя праявіць вялікую актыўнасьць падчас гэтых выбараў. І таму ва ўладаў ня будзе патрэбы прымяняць супраць яе жорсткія захады. І таму Захад ня будзе рэагаваць на гэта санкцыямі.

Думаю, БДІПЧ прызнае, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Таму я не чакаю і радыкальных крокаў па паляпшэньні адносін Беларусі з Захадам. Вось глядзіце, нягледзячы на нібыта пацяпленьне адносін, ЗША працягнулі санкцыі супраць Беларусі».

Калі падчас выбараў не адбудзецца нейкіх забурэньняў, то стаўленьне ЭЗ да выбараў будзе станоўчае

Вусаў: «Падыход да Беларусі з боку Захаду зьмяняецца ў залежнасьці ад міжнародных, геапалітычных абставінаў. Цяпер на Захадзе новае жыцьцё набывае міт, нібыта Лукашэнка — гарант незалежнасьці Беларусі, таму яго варта падтрымліваць. Калі падчас выбараў не адбудзецца нейкіх забурэньняў, як 19 сьнежня 2010 году, то стаўленьне ЭЗ да выбараў будзе станоўчае. Я бачу, што некаторыя з апазыцыйных квазікандыдатаў будуць заклікаць да прызнаньня гэтых выбараў».

Як паўплывае на Беларусь ваенна-палітычнае напружаньне паміж Расеяй і Захадам?

Карбалевіч: «Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які можа сапсаваць адносіны Беларусі з Захадам. Гэта нарастаньне ваенна-палітычнага напружаньня паміж Расеяй і Захадам. Днямі ЗША заявілі пра пляны разьмяшчэньня вайсковай тэхнікі ў памежных з Расеяй краінах НАТО. У адказ каардынатар упраўленьня генэральных інспэктараў Мінабароны РФ генэрал арміі Юры Якубаў заявіў Інтэрфаксу, што „зазнае значныя зьмены расейская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі“. Заява дзіўная, бо такой групоўкі ў Беларусі няма.

Зь іншага боку, міністар абароны Беларусі Раўкоў заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам, што Паўночнаатлянтычны альянс больш як у 1,5 раза ў параўнаньні зь мінулым годам павялічыў актыўнасьць пры правядзеньні вучэньняў, у тым ліку буйнамаштабных і ў тым ліку каля межаў Беларусі. То бок пагроза для Беларусі — гэта НАТО. У кастрычніку, якраз тады, калі плянуецца правесьці выбары, у Беларусі адбудуцца сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. Як гэта пракамэнтаваць?»

Безумоўна, Масква будзе імкнуцца прыцягнуць Беларусь да сваёй канфрантацыі з Захадам. А Менск наўрад ці зможа супраціўляцца

Фёдараў: «Так, гэты чыньнік сапраўды можа сапсаваць адносіны Беларусі з Захадам. Безумоўна, Масква будзе імкнуцца прыцягнуць Беларусь да сваёй канфрантацыі з Захадам. А Менск наўрад ці зможа супраціўляцца».

Вусаў: «Па-першае, Лукашэнка да апошняга будзе імкнуцца ўседзець на двух крэслах. Па-другое, Захад увогуле не зьвяртае ўвагі, што Беларусь — сябра АДКБ і самы блізкі вайсковы саюзьнік Расеі. Беларусь і Расея стварылі агульную вайсковую групоўку. Існуе сумесная сыстэма супрацьпаветранай абароны. І на гэтых вучэньнях, якія на беларускай тэрыторыі адбываюцца не ўпершыню, галоўным умоўным праціўнікам абвяшчаецца Захад. А Захад корміць сябе спадзяваньнямі, што гэта ўсё не насамрэч. Калі вайсковая прысутнасьць Расеі ў Беларусі павялічыцца, то пра незалежную замежную палітыку Беларусі можна будзе забыцца».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG