Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары Радыё Свабода — у шорт-лісьце прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці — 2016»


Узнагарода «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ў 2015 годзе
Узнагарода «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ў 2015 годзе

23 сьнежня Асамблея НДА Беларусі агучыць пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці — 2016». Шорт-ліст прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» 2016 году апублікаваны на сайце Асамблеі НДА.

Аўтары Свабоды Галіна Абакунчык і Вінцук Вячорка могуць атрымаць прэмію ў намінацыях «Мэдыя/журналіст году» і «Мэдыяактыўнасьць году».

Галіна Абакунчык
Галіна Абакунчык

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Сёлета на званьне Лідэра году прэтэндуюць: барацьбіт са стэрэатыпамі ў дачыненьні да ўразьлівых групаў насельніцтва Саша Аўдзевіч, музыка Лявон Вольскі, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, сузаснавальнік і вядоўца курсаў «МоваНанова» Глеб Лабадзенка, а таксама праціўнік пабудовы БелАЭС на Астравеччыне Мікалай Уласевіч.

За прыз у намінацыі «Кампанія году» пазмагаюцца 7 кампаніяў: апублічваньне історыяў беларусак пра перажыты сэксуальны гвалт #янебаюсясказаць; кампанія ТБМ за беларускамоўныя клясы ў Магілёве; збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці; кампанія салідарнасьці з блогерам Эдуардам Пальчысам; кампанія эколягаў «Зробім!»; канцэрт «Рок за жыцьцё» ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі»; праваабарончая кампанія дапамогі ўцекачам у Берасьці.

Атрымаць прэмію Асамблеі НДА ў намінацыі «Новая ініцыятыва» могуць агенцыя «Тваё заўтра»; сацыяльна-спартовы праект «Здольная»; гарадзенская пляцоўка для імпрэзаў «Цэнтар гарадзкога жыцьця»; праект «Шкарпэткі ад бабулі», які дапамагае «бабулям» прадаць свае зьвязаныя рэчы; «Цяпліца» ад магілёўскага Цэнтру разьвіцьця гарадзкіх ініцыятываў ды ўстанова Human Constanta, якая абараняе правы ўцекачоў і мігрантаў.

Прыз у намінацыі «Рэгіянальная падзея» будзе ўручаны ініцыятарам найбольш значнай для лякальных супольнасьцяў грамадзкай акцыі як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Менску.

У гэтай намінацыі «чэмпіёнамі» могуць стаць: абарона Цнянскага вадасховішча ад незаконнай забудовы берагоў; Бараўляны-Талака-Фэст; Вялікі гарадзкі пікнік у Магілёве; кампанія ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менску «Асмалоўка» ды фэст і кірмаш «Барадулінкі» ў Віцебску.

У намінацыі «Крэатыў году» спаборнічаюць: берасьцейская акцыя «Пешаходныя вершы»; віртуальная «Мапа станаўленьня Беларусі»; дамалёўка калючым дротам прапагандысцкага графіці «Менск-Масква»; «Газэтныя чалавечкі» віцебскай філіі БАЖ; флэшмоб «Танчым за рэформы».

У 2015 годзе Асамблея ўвяла намінацыю «Партнэрства» — за салідарныя дзеяньні партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці. У шорт-ліст тут былі адабраныя: конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, «Лічбавая майстэрня», плятформа Talaka.by, Рэаліці-шоў «Горад» ды ініцыятыва «Беларускія ўікэнды» — сэрыя паказаў фільмаў у беларускім агучваньні, што зладзіла ініцыятыва «КінаКонг» разам з кінатэатрам «Перамога».

Таксама журы адзначыць прызам «Мэдыя/журналіста году» за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне грамадзкай дзейнасьці. У апошнюю намінацыю вылучаныя: Галіна Абакунчык (Радыё Свабода); Адар’я Гуштын (Naviny.by); сайт Сitydog.by за рубрыку Grassroots; сайт Gomel.today і сайт «Заўтра тваёй краіны» (zautra.by).

У намінацыі «Мэдыяактыўнасьць году» ўручаецца статуэтка за найбольш прыкметную сёлета мэдыяпрысутнасьць (сайт / блог / суполка ў сацыяльнай сетцы) няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы.
Званьне ў гэтай намінацыі маюць шанец атрымаць: анлайн-часопіс «Имена»; кампанія збору сродкаў на кампэнсацыю маёмасьці, сканфіскаванай ў грамадзкай актывісткі Ніны Багінскай; сайт і сацыяльныя сеткі «Арт Сядзібы»; сайт курсаў «МоваНанова»; цыкль «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» на Радыё Свабода.

Традыцыйна будзе ўручаная і антыпрэмія «Гарбуз году» тым установам і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА.

У 2016 годзе прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца ў восьмы раз.

Традыцыйна пераможцы вызначаюцца ў выніку супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (гэта 43 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 74 спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэраў НДА, ранейшымі пераможцамі, журналістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG