Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выступаць Віктару Каліну ў Віцебску, залежыць ад пракуратуры і ад продажу квіткоў


Віцебскія актывісты, пратэстуючы супраць выступаў сьпевака, які дазваляе сабе зьняважлівыя выказваньні пра Беларусь і беларусаў, зьвярнуліся ў абласную пракуратуру, каб адмяніць канцэрт, прызначаны на 23 кастрычніка.

Каардынатарка стваранай БХД Тацяна Севярынец сказала, што ў гаворцы зь дзяжурным пракурорам Ігарам Марозавым актывісты закранулі, сярод іншага, і ўдзел Каліны ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных узброеных фармаваньняў:

«Мы прыйшлі на прыём са скрыншотамі выказваньняў Каліны ў сацыяльных сетках, дзе ён называе свае візыты на Данбас „дабрачыннасьцю“. І дзе зьневажае прадстаўнікоў іншых нацый — чачэнцаў, цыганоў, беларусаў і гэтак далей. Таксама зьвярнулі ўвагу пракурора на тое, што сьпявак дазваляе сабе нецэнзурныя выказваньні, і гэта таксама аніяк не стасуецца з мэтай кожнага артыста несьці культуру ў масы... Заяву ў нас прынялі, і мы чакаем рэакцыі пракуратуры. Спадзяёмся, што канцэрты будуць забароненыя».

Актывісты зьвярнуліся й непасрэдна ў Віцебскую філярмонію, дзе мае намер выступіць Віктар Каліна. Паводле спадарыні Севярынец, дырэктарка філярмоніі Алена Падаляк патлумачыла, што аніякага запрашэньня з боку ўстановы не было — сьпявак Каліна проста арандуе залю, кошт якой складае больш як 700 рублёў за канцэрт. І канцэрт адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі будуць распрададзеныя квіткі і выступоўца будзе мець прыбытак. Бо інакш яму давядзецца расплачвацца за арэнду з уласнай кішэні. А на гэта Каліна ня згодны: у Віцебскай філярмоніі ўжо быў прэцэдэнт, калі канцэрт гэтага шансанье адмянялі менавіта з прычыны незапатрабаванасьці ў слухачоў.

Дырэктарка філярмоніі паабяцала, што будзе асабіста прысутнічаць на канцэрце і спыніць любую спробу выкананьня няўзгодненых песень або правакацыйных выказваньняў са сцэны.

Каса філярмоніі
Каса філярмоніі

Віктар Каліна адказвае публічнымі абразамі

У Віцебскую філярмонію зьвяртаўся з адкрытым лістом праз Фэйсбук і віцяблянін Сяргей Сясіцкі. Ен прасіў патлумачыць, чаму ў філярмоніі, мэта якой, паводле статуту, — «прапагандаваць клясычную музыку, папулярызаваць нацыянальную культуру і ўсясьветна вядомыя школы выканаўцаў», выступае шансанье з сумнеўным рэпэртуарам і яшчэ больш сумнеўнай біяграфіяй.

Адказу з установы культуры спадар Сясіцкі не атрымаў, затое з афіцыйнага сайта Віктара Каліны дазнаўся рэакцыю самога сьпевака. Рэакцыяй сталі абразы і пагрозы: шансанье згадаў, што гэта ўжо ня першы пратэст Сясіцкага супраць ягоных выступаў.

Нецэнзурныя выказваньні на сайце ў рубрыцы «спытай-адкажу» і на старонцы сьпевака «Ўкантакце» былі адрасаваныя й глыбачаніну Зьмітру Лупачу. Ён пракамэнтаваў чарговы канцэрт Каліны такім чынам: «У Паставах 5-га выступае. А потым пастаўскія ў ДНРах ваююць», маючы на ўвазе скандальную справу нядаўна асуджанага баевіка. Віктар Каліна адказаў яму асабістым паведамленьнем з мацюкамі.

Але найбольш абразаў і пагроз атрымала за сваю пазыцыю Тацяна Севярынец. Убачыўшы нецэнзуршчыну і хамства з боку Каліны ў прынесеных ёю скрыншотах, нават пракурор параіў актывістцы зьвярнуцца ў міліцыю з заявай. Аднак спадарыня Севярынец вырашыла гэтага не рабіць:

«Я лічу ня вартымі майго гонару любыя спрэчкі з гэтай асобай! Няхай ён піша што хоча, а людзі самі зробяць высновы, хто такі Віктар Каліна!»

Актывістка спадзяецца, што сьпявак і гэтым разам атрымае ўрок ад віцяблянаў: нават калі пракуратура ня знойдзе падставаў адмяніць канцэрт, ён усё адно не адбудзецца, бо квіткі на Каліну не купляюць. Іх прададзена ўсяго каля двух дзясяткаў — у залю на 400 месцаў.

Гастрольны тур Віктара Каліны заплянаваны па 35 гарадах Беларусі. Недзе канцэрты ўжо адбыліся. У Менску выступ быў скасаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG