Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Алена Купчына першай жанчынай на пасадзе генэральнага сакратара АБСЭ?


Алена Купчына, архіўнае фота
Алена Купчына, архіўнае фота

11 ліпеня ў аўстрыйскім горадзе Маўэрбаху пройдзе нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін, што ўваходзяць у Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ). Яе адметнасьцю можа стаць вырашэньне кадравых пытаньняў.

Беларусь на нефармальнай размове будзе прадстаўляць Алег Краўчанка — намесьнік Уладзімера Макея. Сам міністар застаецца ў Беларусі, бо плянуецца, што менавіта 11 ліпеня кіраўнік дзяржавы сустрэнецца зь беларускімі дыпляматамі, якія працуюць за мяжой.

Акрамя пасады Генэральнага сакратара АБСЭ, на якую сярод іншых прэтэндуе і беларускі дыплямат Алена Купчына, вакантнымі застаюцца яшчэ тры пазыцыі: кіраўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), Управы Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасьцяў і Бюро прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ.

«Зрабіць гэтыя прызначэньні надзвычай цяжка, бо любое рашэньне ў рамках АБСЭ прымаецца выключна кансэнсусам, — кажа Свабодзе Валер Варанецкі, які ў 2011–2016 гадах прадстаўляў Беларусь у АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыях, якія працуюць у Вене. — Уявіце, зьбіраюцца дыпляматы амаль з 60 краінаў сьвету. І ім патрэбна, улічваючы розныя пазыцыі, розныя погляды, розныя падыходы, знайсьці кансэнсус, каб запоўніць вакантныя пасады. Тут адбываецца сапраўдны торг. Хтосьці саступае па адной пазыцыі, але хоча атрымаць кампэнсацыю па іншай. І гэта складаны працэс. Таму ён і зацягваецца.

Фактычна сытуацыя з адным прызначэньнем — Генэральнага сакратара — выліліся ў чатыры. А гэта прыводзіць да неабходнасьці пакетнага рашэньня».

Экспэрты лічаць, што найлепшыя шанцы быць прызначаным на пасаду Генэральнага сакратара АБСЭ мае дыплямат з Швайцарыі Томас Грэмінгер. А ці мае пэрспэктывы стаць Генэральным сакратаром Алена Купчына?

На гэтае пытаньне спадар Варанецкі адказаў так:

«Пра шанцы беларускага дыплямата я гаварыць не магу, таму што ёсьць пэўныя этычныя абмежаваньні, тым больш у такі складаны пэрыяд. А вось са спадаром Грэмінгерам мне давялося папрацаваць разам, бо пэўны час мы былі калегамі — ён ачольваў прадстаўніцтва Швайцарыі ў АБСЭ. Яго ў Вене многія ведаюць. І ставяцца як да вельмі дасьведчанага прафэсіянала».

17 красавіка Міністэрства замежных спраў Расеі афіцыйна заявіла, што Масква падтрымлівае кандыдатуру Алены Купчыной. Аналізуючы сытуацыю, расейская газэта «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы ў сакратарыяце АБСЭ адзначала, што першапачаткова шанцы беларускага дыплямата былі нядрэнныя, не ў апошнюю чаргу з прычыны гендэрнага фактару — арганізацыю раней яшчэ ніколі не ачольвала жанчына. Аднак пасьля разгону беларускай паліцыяй масавых акцый пратэсту і затрыманьня дэманстрантаў у лютым-сакавіку шэраг дзяржаваў, якія адначасова ўваходзяць і ў Эўразьвяз, далі зразумець, што не гатовыя «ўзнагароджваць Менск за дрэнныя паводзіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG