Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчовы экспарт у Расею: рэжым узаемных папрокаў


У Менску працягваюцца перамовы што да магчымасьці аднаўленьня паставак на расейскі рынак мясной і малочнай прадукцыі амаль двух дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Дзеля гэтага ў Беларусь прыбывае дэлегацыя вузкіх спэцыялістаў «Рассельгаснагляду» — рашэньнем менавіта гэтага ведамства накладзеная забарона на падазроны экспарт. Тыдзень таму Расея абмежавала ўвоз харчоў, вырабленых на буйных беларускіх камбінатах, спасылаючыся на неадпаведнасьць расейскім санітарным нормам.

Напярэдадні прайшоў першы раўнд перамоваў паміж спэцыялістамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня і намесьнікам кіраўніка «Рассельгаснагляду» Яўгенам Непаклонавым. Беларускі бок падрыхтаваў пакет дакумэнтаў па кожным забракаваным прадпрыемстве з інфармацыяй пра лябараторны кантроль і сыстэмы мэнэджмэнту якасьці прадукцыі. Як заявіў намесьнік міністра Ігар Брыло, практычна па ўсіх камбінатах сытуацыя знаходзіцца пад кантролем, і няма ніякіх падставаў да таго, каб яны былі ў нейкіх «чорных сьпісах». Беларускія перамоўцы будуць намагацца аднавіць пастаўкі хаця б часткі прадпрыемстваў ужо ад заўтрашняга дня. Прынамсі спадар Брыло ня бачыць рэальных падставаў для санкцыяў, апроч нічым не падмацаваных абвінавачаньняў:

«Расейскі бок нас проста інфармуе пра нібыта знаходжаньне нейкай неадпаведнасьці нашай прадукцыі тым ці іншым намэнклятурным паказьнікам. Мы маем права патрабаваць, каб яны прыкладалі да кожнага такога інфармаваньня пратакол выпрабаваньняў: на якой тэрыторыі ўзятыя пробы, у краме ці з фуры рабіўся адбор, якая менавіта прадукцыя правяралася і г.д. Але нашыя расейскія калегі не па кожным факце прад’яўляюць пратаколы выпрабаваньняў. Мы лічым гэта грубейшым парушэньнем, пра што і заявілі кіраўніку расейскай дэлегацыі Яўгену Непаклонаву».

Тым ня меней, настойвае расейскі бок, прэтэнзіі да беларускіх калегаў маюць куды больш шырокі фармат, і галоўная мэта — спыніць перарастаньне праблемаў якасьці, рээкспарту і псэўдатранзыту ў тэндэнцыю. Намесьніца кіраўніка ўпраўленьня «Рассельгаснагляду» па Бранскай і Смаленскай абласьцях Антаніна Гапеенка наракае, што парушэньні беларускіх экспартэраў набываюць сыстэмны характар:

«Транспартныя сродкі падчас перавозкі падкантрольнай прадукцыі часьцяком ня маюць вэтэрынарных і фітасанітарных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх адпаведнасьць расейскім патрабаваньням. Неаднаразова фіксаваліся выпадкі адсутнасьці абавязковых маркіровачных этыкетак на прадукцыі расьліннага і жывёльнага паходжаньня. Нярэдка на пакункавай тары выяўляліся факты зрыву этыкетак альбо іх падвоенасьць — то бок, калі побач зь беларускай этыкеткай была нанесеная, напрыклад, польская ці малдаўская. А часам беларускі бок сябе проста не абцяжарвае заменай этыкетак на прадукцыі, забароненай да ўвозу».

Да канца году транспартныя кампаніі недалічацца як мінімум 50 мільёнаў даляраў

У сваю чаргу беларускія мытнікі лічаць захады на дагляд транспартных сродкаў на мяжы з Расеяй беспадстаўнымі: маўляў, дзеля гэтага неабходна папярэдняе апавяшчэньне, а расейцы спыняюць фуры спантанна, прычым усе запар. Адпаведныя службы ўжо канфіскавалі сотні тонаў прадукцыі толькі на той падставе, што тавары знаходзяцца ў санкцыйным сьпісе, хоць насамрэч многія зьяўляюцца транзытнымі грузамі. Паводле папярэдняй ацэнкі Міністэрства транспарту Беларусі, у такіх умовах да канца году транспартныя кампаніі недалічацца як мінімум 50 мільёнаў даляраў.

Першыя перамовы, падчас якіх былі агучаныя выпадкі кантрабанды і няіснага транзыту ў трэція краіны, адбыліся ў Маскве пры канцы лістапада. Расейцы прад’явілі прэтэнзіі па цэлым спэктры праблемаў: ад неадпаведнай якасьці прадукцыі і сумнеўных вэтэрынарных сэртыфікатаў да фармаваньня сыравіннай базы перапрацоўчымі прадпрыемствамі, калі прадметам кпінаў становяцца нібыта «беларускія» крэвэткі, ласось, хамон, люксавыя гатункі сыроў ці экзатычная садавіна. З улікам гэтага зробленая выснова аб малаэфэктыўнасьці працы дзяржаўнай сыстэмы кантролю.

Акрамя таго, расейцы абвінавачваюць партнэраў у неабгрунтаваным нарошчваньні імпарту сыравіны, якая ідзе на выраб малочных і мясных прадуктаў. З аднаго боку, забароненае па харчовым эмбарга літоўскае ці польскае малако ўсё ж трапляе на расейскі рынак у выглядзе перапрацаванай прадукцыі, зь іншага, «малочныя рэкі» з Эўразьвязу не праходзяць глыбокую санітарную праверку ў беларускіх лябараторыях. Экспэрт у галіне аграрнага сэктару Анатоль Гуляеў не выключае, што ў пагоні за прыбыткам пытаньні якасьці часьцяком адсоўваюцца на далёкія пазыцыі:

«Трэба сказаць, што хітрыкі маюць месца з абодвух бакоў, таму пра „сьвятасьць“ адных ці іншых гаварыць не даводзіцца. На жаль, у мяне няма падрабязнай інфармацыі пра магчымыя злоўжываньні ў частцы закупак імпартнай сыравіны, якая не зусім адпавядае санітарным патрабаваньням. Але, як мне падаецца, такі варыянт ня выключаны. Зразумела, у бізнэсе здараецца рознае. Калі мы нясём поўную адказнасьць за сваю сыравіну і за свае вырабы, якія маркіруюцца як беларускія, то ў дадзеным выпадку гэта нібыта павінна дзяліцца паміж пастаўшчыком і перапрацоўнікам. Таму, маўляў, адпаведная і якасьць. Зрэшты, такія разважаньні служаць слабым апраўданьнем, паколькі тых жа расейцаў цікавіць выніковы прадукт, а ня тое, што адбываецца вакол гэтага працэсу».

Адметны той факт, што чарговы беларуска-расейскі канфлікт разгарэўся за месяц да пачатку дзейнасьці чарговага наднацыянальнага ўтварэньня — Эўразійскага эканамічнага саюзу. Згодна з дэкляраванымі намерамі, у рамках агульнага рэгіянальнага рынку, які складаюць Расея, Беларусь і Казахстан, свабоды гандлю і перамяшчэньня стане яшчэ больш, чым у рамках Мытнага саюзу з усё тымі ж удзельнікамі. Але выглядае, што абяцаныя Масквой свабоды, дзеля якіх Менск і Астана па-сутнасьці ахвяравалі эканамічнай незалежнасьцю, існуюць выключна на паперы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG