Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтры часовага пражываньня ў Беларусі запоўненыя ўкраінцамі


За 10 месяцаў у Беларусь прыбыло 50 тысяч украінцаў

Толькі ў студзені 2015 году з рэгіёну баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ў Беларусь прыехалі 2,5 тысячы ўцекачоў. Гэтую лічбу агучыў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. Ён удакладніў, што ўсе тры цэнтры часовага пражываньня, якія працуюць у краіне, цяпер запоўненыя, у іх знаходзяцца пераважна ўкраінскія грамадзяне.

Паводле спадара Бегуна, пачынаючы ад красавіка 2014 году, Беларусь сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай прыезду ўцекачоў з Украіны — пераважна людзей, якія тлумачаць свой крок жаданьнем выехаць з раёну баявых дзеяньняў. Агулам за прамінулы час у Беларусь прыбыло блізу 50 тысяч украінцаў. Па словах выступоўцы, больш за 10 тысяч ад гэтай колькасьці скарысталіся прывілеямі, вызначанымі ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 420 для вымушаных перасяленцаў з Украіны. Частка атрымала дазвол на сталае месца жыхарства, частка — дазвол на працу. 600 чалавек з тых рэгіёнаў, дзе цяпер ідзе вайна, афіцыйна маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе.

Аляксей Бягун таксама падкрэсьліў: сярод тых, хто пераехаў з Украіны, дастаткова людзей, якія парушаюць правіла знаходжаньня 90 дзён у Беларусі без рэгістрацыі. Але з улікам спэцыфікі сытуацыі ва Ўкраіне, з улікам таго, што гэтая дзяржава — бліжэйшая суседка Беларусі, беларускі МУС ня лічыць іх нелегальнымі мігрантамі, разглядаючы толькі як парушальнікаў. Як правіла, іх не дэпартуюць і не выдвараюць зь Беларусі. Па яго словах, зь Беларусі за гэты час дэпартавана ўсяго 200 украінскіх грамадзянаў, а яшчэ 84 высланыя — у сьпіс апошніх уваходзяць перадусім тыя людзі, якія мелі непрыемнасьці з законам, яшчэ жывучы ва Ўкраіне, і былі там асуджаныя.

Нягледзячы на складанае становішча ва Ўкраіне, адзначыў чыноўнік, калегі з украінскіх праваахоўных органаў, як правіла, даюць дакладную інфармацыю па ўсіх запытах, якія адпраўляюцца зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG