Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цалкам пешаходнымі вуліцы Рэвалюцыйная і Камсамольская пакуль ня стануць


Рэвалюцыйная вуліца ў Менску. Фота ©Shutterstock

Вуліцу Рэвалюцыйную і частку Камсамольскай у Менску адрамантуюць — стары асфальт заменяць на плітку, усталююць новыя таршэрныя ліхтары «пад ХІХ стагодзьдзе», фантан, скульптурную кампазыцыю «Time». Але цалкам пешаходнымі Камсамольская і Рэвалюцыйная ня стануць — для транспарту адвядуць адну скразную паласу.

Паводле старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца, Рэвалюцыйная і Камсамольская ў новым выглядзе стануць «цэнтрамі прыцягненьня як для гараджанаў, так і для турыстаў». Да таго ж мэта — хаця б крыху разгрузіць цэнтар сталіцы ад аўтатранспарту.

Ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму ад 1 верасьня аб закрыцьці руху па вуліцах Камсамольскай (ад Інтэрнацыянальнай да Нямігі) і Рэвалюцыйнай (ад плошчы Свабоды да Гарадзкога Валу) з кастрычніка 2017 па чэрвень 2018 году, кажа Свабодзе галоўны інжынэр КУП «Менская спадчына» Міхаіл Жых:

«Праектам прадугледжана замена асфальтавага пакрыцьця на экалягічна чыстую плітку. Часткова будзе брук з бутавага каменю. Спачатку быў праект больш ёмісты, мы хацелі ўсе пакрыцьці зрабіць з гранітнага бруку, і гэта было б апраўдана. Але потым — так званая аптымізацыя, давялося частку пакрыцьця мяняць на плітку сухога прэсаваньня.

Акрамя таго, што бачна пешаходам, замяняюцца інжынэрныя сеткі, водаправод, сыстэма каналізацыі — тое, што не краналася гадамі. А таксама апоры асьвятленьня, якое не працуе зь незапамятных часоў, там даўным-даўно няма сьвятла. Замест іх будуць усталяваныя таршэрныя ліхтары, у адпаведнасьці з праектам, стылізаваныя пад ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя. Будуць усталяваныя разнастайныя мастацкія кампазыцыі, гандлёвыя павільёны.

Прыадкрыю таямніцу — будзе прыгожы фантан, скульптурная кампазыцыя „Time“, прысьвечаная часу, арыгінальныя малыя архітэктурныя формы. Тэрмін рамонту — да 30 чэрвеня 2018 году. Але будзе тэхналягічны перапынак на зімовы час, бо зімой некаторыя працы праводзіць немагчыма».

Для турыстаў усталююць так званае інфармацыйнае адраснае арыентаваньне, указальнікі на найбольш значныя турыстычныя аб’екты, якія маюць статус гісторыка-культурнай спадчыны — па прыкладзе таго, як гэта зроблена на тэрыторыі плошчы Свабоды і Верхняга гораду.

Менск, Інтэрнацыянальная вуліца. Фота ©Shutterstock
Менск, Інтэрнацыянальная вуліца. Фота ©Shutterstock

Хто аўтар праекту, Міхаіл Жых дакладна не сказаў:

«Гэта прадукт калектыўнай творчасьці: арганізацыі, якія займаюцца комплекснымі дасьледаваньнямі, навуковымі дасьледаваньнямі, „Менскпраект“ таксама ўдзельнічаў. Насамрэч, шмат распрацоўшчыкаў і выканаўцаў».

Некалі ў Менску пешаходнай у выходныя дні была вуліца Карла Маркса. Яе адкрылі ў такой якасьці ў траўні 2012 году. Аднак у 2014 годзе вуліца перастала быць пешаходнай, пляцоўкай для масавых мерапрыемстваў зрабілі Верхні горад. На пытаньне Свабоды, ці не разглядаецца пытаньне аб тым, каб вуліцу Карла Маркса зноў зрабіць пешаходнай, галоўны інжынэр «Менскай спадчыны» Міхаіл Жых адказаў так:

«Наконт Карла Маркса — „хваравітая тэма“. Гэта ня наша тэрыторыя, бо не адносіцца да гістарычнага цэнтру, хоць мае гісторыка-культурныя аб’екты, таксама дастаткова цікавыя».

У выходныя для руху транспарту перакрываюць «тусовачную» Зыбіцкую, таксама падчас масавых мерапрыемстваў, кшталту фэсту «Вуліца Бразіл», закрываюць для транспарту «гіпстэрскую» Кастрычніцкую. Але цалкам пешаходных зонаў у сталіцы няма.

Прынамсі ў дзясятку беларускіх гарадоў — Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомлі, Бабруйску, Маладэчне, Пінску, Лідзе, Кобрыні, Слоніме — ёсьць пешаходныя вуліцы, кварталы, бульвары.

XS
SM
MD
LG