Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому дырэктару «Вясьнянкі» пагражае 12 гадоў турмы


Максім Шнэк
Максім Шнэк

Былому дырэктару акцыянэрнага таварыства «Вясьнянка» Максіму Шнэку пагражае дванаццацігадовае зьняволеньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Такое пакараньне просіць у суду Ленінскага раёну Магілёва дзяржаўнае абвінавачваньне.

Максіма Шнэка вінавацяць у злоўжываньні ўладай, крадзяжах і службовым падлогу. Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, страты прадпрыемства ад дзейнасьці былога яго кіраўніка складаюць больш за 2,5 мільярда рублёў.

Падсудны прызнае толькі абвінавачваньне ў службовым падлогу. Паводле яго, ён падаваў несапраўдныя статыстычныя зьвесткі, каб захаваць прадпрыемства.

Сьведкамі па справе супраць былога кіраўніка «Вясьнянкі» праходзяць пераважна прадпрымальнікі з Расеі, якім прадукцыя «Вясьнянкі» выдавалася на продаж безь перадаплаты. Непрададзенае бізнэсоўцы вярталі прадпрыемству. Сьцьвярджаецца, што грошы за рэалізаваны тавар перадаваліся Шнэку, які нібыта ня ўсе іх вяртаў прадпрыемству.

Адвакаты маюць намер дамагацца апраўданьня падсуднага, акрамя той часткі віны, якую Максім Шнэк прызнае — службовы падлог.

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня настойвае: сьледзтва даказала віну падсуднага.

На сёньняшнім судовым пасяджэньні адвакаты прасілі далучыць да справы публікацыю з сайта «Наш Магілёў», у якой Максім Шнэк характарызуецца станоўча

Яе аўтар, журналіст-фрылансэр Аляксандар Буракоў, кажа, што ведае Шнэка больш за пятнаццаць гадоў. Пазнаёміўся зь ім у моладзевым цэнтры, які дзейнічаў пры дабрачынным фондзе Генадзя Грушавога. У гэтым цэнтры Максім Шнэк бясплатна вёў курсы нямецкай мовы.

«Максім выдаваў сабой чалавека, які заўжды імкнецца добра вучыцца. Выдатна ведаў нямецкую мову. Ён суправаджаў групы дзяцей у Нямеччыне, якія выяжджалі на аздараўленьне з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі. Па сваім характары ён быў чуйны да праблемаў іншых. Як мог дапамагаў», — кажа пра падсуднага Аляксандар Буракоў.

Аляксандар Буракоў
Аляксандар Буракоў

«Шнэк не павінен быў стаць дырэктарам, — працягвае журналіст. — Не ягоная гэта праца. На „Вясьнянку“ ён трапіў як перакладчык, бо прадпрыемства мела дзелавыя стасункі зь Нямеччынай. Як стаў ён дырэктарам, усе, хто яго ведаў, былі зьдзіўленыя. У Максіма не было задаткаў быць кіраўніком».

Аляксандар Буракоў настойвае, што трыццацічатырохгадовага Максіма Шнэка робяць вінаватым, каб на яго сьпісаць праблемы на «Вясьнянцы».

«Ніякіх крымінальных схем ён не ствараў, я ўпэўнены. Фабрыка працавала гэтак, як яна працавала ў 1990-х гадах. Я баюся, што Максім Шнэк стаў ахвярай. Усе праблемы, якія не вырашаліся доўгі час на прадпрыемстве, зьбіраюцца павесіць на хлопца, які, відаць, проста выконваў свае абавязкі, зыходзячы з досьведу прадпрыемства і свайго ўласнага».

Публікацыю Буракова судзьдзя Ігар Шведаў да матэрыялаў справы не далучыў. Паводле судзьдзі, у артыкуле аўтар падае свой суб’ектыўны погляд на абвінавачанага.

Суд разглядае дзейнасьць Шнэка ад красавіка 2012 году па лістапад 2014 году. На пасаду дырэктара яго прызначылі ў красавіку 2014 году.

Фабрыка «Вясьнянка»
Фабрыка «Вясьнянка»

Само ж прадпрыемства задоўга да дырэктарства Максіма Шнэка было стратнае. «Вясьнянку» ў гэтай сувязі ня раз згадвалі на чыноўніцкіх нарадах.

На адной зь іх, 5 студзеня, было заяўлена: фабрыка «працуе з адмоўнай рэнтабэльнасьцю больш за два гады і па сутнасьці неплатаздольная». Перададзенай прадукцыі назапашаны трохмесячны аб’ём вытворчасьці. Прадпрыемства працуе толькі на давальніцкай сыравіне, што не прыносіць яму прыбытку.

«Колькі мы будзем зь „Вясьнянкай“ разьбірацца? Я прасіў бы камітэт дзяржкантролю абазначыць праблему, бо легпрам (прадпрыемства падпарадкоўваецца Міністэрству лёгкай прамысловасьці. — РС) адштурхоўваецца ад яе. Сёньня дзяржава ідзе на дужа сур’ёзныя, адказныя палітычныя захады, закрываючы ўвоз тавараў, якія ішлі з Турэччыны, Кітаю, — абураўся станам спраў на прадпрыемстве старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі. — Калі ласка, прадавайце сваю прадукцыю. Як гэтага ня будзе, дык навошта гэта „Вясьнянка“?».

Пакуль былы кіраўнік на лаве падсудных, «Вясьнянка» рыхтавалася зьвярнуцца ў гаспадарчы суд, каб яе прызналі банкрутам. Але летась, 15 сьнежня, акцыянэры большасьцю галасоў выступілі супраць такога кроку. Было заяўлена: у прадпрыемства ёсьць замовы і рэсурсы, каб разьлічвацца па рахунках і выплачваць заробкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG