Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: за Караткевіч — пад бел-чырвона-белым сьцягам, за Лукашэнку — пад сьцягам «Белай Русі»


Belarus - Collection of signatures in Brest, presidential election, 23Jul2015
Belarus - Collection of signatures in Brest, presidential election, 23Jul2015

У Берасьці пачалі працу пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты. Некалькі пікетаў выстаўленыя за Аляксандра Лукашэнку, Тацяну Караткевіч і Сяргея Калякіна. Апазыцыянэры кажуць, што народ падпісваецца «ахвотней, чым чакалася».

Вельмі ажыўленая пляцоўка для пікетаў — каля Цэнтральнага рынку ў Берасьці. Тут стаяць стэнды за Лукашэнку, Караткевіч ды Калякіна. Подпісы за дзейнага кіраўніка дзяржавы зьбіраюць пад сьцягам «Белай Русі». Пытаюся, ці шмат назьбіралі. Кажуць, што паціху падпісваюцца.

Аднак больш актыўна людзі затрымліваюцца каля апазыцыйных пікетаў. Актывісты каманды Тацяны Караткевіч заклікаюць народ падыходзіць:

«Моладзь, падыходзьце, пазнаёмцеся з кандыдатам, вам жыць жа ў гэтым грамадзтве...»

«Жанчына — кандыдат! Дайце шанец стаць жанчыне кандыдатам...»

Многія людзі падыходзяць, знаёмяцца зь біяграфіяй, часам уступаюць у дыскусіі:

«А за каго яна — за Расею ці за Амэрыку?» — пытаецца спадар.

«Яна за Беларусь! У нас тут Расея? У нас тут Амэрыка? У нас Беларусь тут...» — адказваюць пікетоўцы.

Пікет за Тацяну Караткевіч каля рынку
Пікет за Тацяну Караткевіч каля рынку

Стэнд за Лукашэнку каля рынку досыць няўстойлівы. Некалькі разоў партрэт кіраўніка дзяржавы падаў ад ветру на зямлю, што выклікала ажыўленьне ў гандляроў кветкамі.

Стэнд з Лукашэнкам даводзілася трымаць, бо падаў ад ветру
Стэнд з Лукашэнкам даводзілася трымаць, бо падаў ад ветру

Пікет за Сяргея Калякіна — пад чырвоным сьцягам, за яго зьбіраюць подпісы актывісты партыі левых «Справядлівы сьвет».

Другая ажыўленая пляцоўка ў Берасьці — каля кінатэатра «Беларусь». Тут зьбіраюць подпісы сацыял-дэмакраты — за Тацьцяну Караткевіч, а сябры праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў — за Аляксандра Лукашэнку. Пікет за Караткевіч — пад партыйным бел-чырвона-белым сьцягам.

Зьбіральнікі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў кажуць, што людзі падпісваюцца нават «ахвотней, чым чакалася».

Старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі:

«Першы дзень паказаў вельмі станоўчыя вынікі. Вось за першую гадзіну мы сабралі каля 20 подпісаў. Гэта нават для нас саміх нечакана. Я лічу гэта добрым стартам».

Каля кінатэатру, распавёў Ігар Маслоўскі, раніцай паставілі крэслы, на якіх, меркавалася, будуць агітаваць за Аляксандра Лукашэнку вэтэраны.

Спадар Маслоўскі падышоў да сябраў ФПБ і папракнуў іх, навошта яны мучаюць вэтэранаў у такую сьпёку. Урэшце вэтэраны так і не зьявіліся.

Пікет сябраў ФПБ за Лукашэнку
Пікет сябраў ФПБ за Лукашэнку

Пікеты за Анатоля Лябедзьку ў Берасьці не адбыліся. Актывістку АГП Аліну Літвінчук, якая везла пасьведчаньні сябраў ініцыятыўнай групы зь Менску, затрымалі міліцыянты на чыгуначным вакзале. У пастарунку на яе склалі два пратаколы за супрацу з Радыё Рацыя. Пасьведчаньні ў выніку вярнулі, але, як паведамілі ў абласной арганізацыі АГП, «час на пікеты быў ужо страчаны».

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты будзе доўжыцца да 21 жніўня. Прэтэндэнтам трэба сабраць 100 тысяч подпісаў, каб стаць кандыдатамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG