Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ў Гомлі пайшлі вучыцца па-беларуску 20 першаклясьнікаў


1 «А» кляса 36-й гімназіі Гомлі на ўрачыстай лінейцы 1 верасьня

У гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчатак, залічаных у 1 «А» клясу, пачалі сёньня навучаньне па-беларуску. Гэта адзіная ў паўмільённым горадзе агульнаадукацыйная ўстанова, у якой дзеці атрымліваюць веды на роднай мове.

«Я сама вучылася ў гэтай гімназіі, і таксама па-беларуску. І балы заўсёды высокія былі. Таму й сына аддаю ў беларускамоўную клясу», – сказала маці першаклясьніка Ігната Пазьнякова спадарыня Алеся.

Сям’я Пазьняковых
Сям’я Пазьняковых
Ігнат Пазьнякоў
Ігнат Пазьнякоў

Выпраўляюць Ігната ў «краіну ведаў» усёй сям’ёй: маці, бацька, малодшая сястрычка, а таксама бабуля Ала.

«У мяне ў самой трое дзяцей, — тлумачыць Ала Ўладзіміраўна, — Алеся меншая ў сям’і, працуе загадчыцай крамы. Яшчэ два сыны старэйшыя, і таксама вучыліся ў гэтай гімназіі. Добра скончылі. Адзін будаўнік, другі ў сыстэме Міністэрства надзвычайных сытуацыяў працуе. Зь беларускай мовай мы адчуваем сябе беларусамі».

Першаклясьнік Дзіаніс Шашкоў з братам
Першаклясьнік Дзіаніс Шашкоў з братам

З бацькамі і старэйшым братам прыйшоў у першую беларускамоўную клясу і Дзяніс Шашкоў.

«У нас шматдзетная сям’я, гадуем з жонкаю траіх сыноў, – апавядае бацька першаклясьніка Эдуард. – Пераехалі ў Гомлю з Брагінскага раёну. Дзяніс у сям’і сярэдні. Аддалі ў беларускамоўную клясу, бо й старэйшы сын пачынаў вучобу па-беларуску. Я так лічу: сваю мову трэба шанаваць, яна спатрэбіцца ў жыцьці, каб быць у Беларусі сучасным спэцыялістам».

Гімназія сёлета другі год запар набірае беларускамоўную клясу. Адзіная ў паўмільённым горадзе. У сярэдзіне 90-х гадоў у Гомлі 76 адсоткаў першаклясьнікаў навучаліся па-беларуску.

Гімназія №36 імя Івана Мележа
Гімназія №36 імя Івана Мележа

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG