Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў помнікі: Навадворская замест Леніна


Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская

«Леніна сапраўды трэба зьнесьці, а замест сябе прапаную паставіць помнік Быкаву ці Каліноўскаму», — пракамэнтавала Валерыя Навадворская Радыё Свабода.

Група актывістаў пачала збор подпісаў на імя старшыні гарвыканкаму з прапановай замяніць помнік Леніну на помнік вядомай расейскай дэмакратычнай дзяячцы Валерыі Навадворскай, якая родам з Баранавічаў. Падпісацца пад пэтыцыяй можна таксама ў інтэрнэце на сайце change.org.

Карыстальнік belamova, які пажадаў не агучваць свайго сапраўднага імя, патлумачыў у інтэрвію Свабодзе, чаму замест Леніна трэба помнік менавіта Навадворскай:

«Ленін нічога для Баранавічаў не зрабіў. Навадворская нарадзілася ў Баранавічах, і яе тут добра ведаюць, і зусім ня горш за Леніна выглядала б паміж помнікаў каню і вераб’ю».

Валерыя Навадворская ў размове з Радыё Свабода некалькі разоў перапыталася, ці яе не разыгрываюць, падзякавала за ініцыятыву, але параіла прыдумаць іншых кандыдатаў на помнік замест Леніна:

«Я добра памятаю помнік Леніну ў Баранавічах. Надзвычайна звыродлівы. Гэта добра, калі яго прыбяруць. Але помнік мне зусім недарэчы. Я б прапанавала паставіць лепш помнік Кастусю Каліноўскаму, які ўдзельнічаў у паўстаньні супраць Расейскай імпэрыі. Ці Васілю Быкаву — таксама варты варыянт. Вы так і перадайце ад мяне сябрам-антыкамуністам, што нядобра ставіць прыжыцьцёвыя помнікі», — адзначыла актывістка.

foto-planeta.com
foto-planeta.com

Belamova лічыць, што ўлады на Быкава ўсё адно не пагодзяцца:

«Нажаль, улады ўсё роўна ні Быкаву, ні іншаму выдатнаму дзеячу помнік не паставяць. А ідэя помніка Навадворскай можа сапраўды ўзьняць гэтую праблему для грамадзтва. Мо людзі бы задумаліся над тым, а ці патрэбны нам Ленін на галоўнай плошчы? Цераз такія, можа, абсурдныя, жартаўлівыя прапановы, я думаю і можна зварушыць нашых людзей нешта абмяркаваць, задумацца хаця б».

Валерыя Навадворская нарадзілася 17 траўня 1950 у Баранавічах, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнт, журналіст, заснавальнік і старшыня ультра-лібэральнай партыі «Дэмакратычны зьвяз». Навадворскую неаднаразова судзілі за дысыдэнцкую дзейнасьць. Досыць часта і востра выказваецца супраць кіраўніцтва Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG