Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова дня. Банкуха, беларускі сьвяточны пірог


Слова дня: Банкуха
Слова дня: Банкуха

У сьвяточную парý — пра вядомы многім пірог у кшталце сукаватага дрэва. Ён частка і нашай культурнай спадчыны, маем яго беларускую народную назву, хоць яна нямецкага паходжаньня.

Раней, пакуль Беларусь не закрылася ад сьвету, такія пірагі, рознага памеру і па-рознаму ўпакаваныя, беларусы масава везьлі дадому зь Вільні на калядныя і навагоднія сьвяты.

А як іх называлі? На крамным цэтліку і на абгортцы напісана šakotis — то і паўтаралі літоўскае слова (але блыталіся ў націску, як і пры спробе ўжываць у беларускай мове слова „летувіс“).

Але пірог-вожык мае і беларускае імя, прычым яно ўжо два гады як „у законе“.

11 сьнежня 2019 году рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прыняла рашэньне надаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці традыцыі прыгатаваньня „Поразаўскай банкухі“ (шыфр 43БК000129, пастанова міністэрства № 1 за 2020 год).

Спадзяваймася, што гэты статус дапаможа зьберагчы для нашчадкаў таямніцу выпяканьня банкухі ня толькі ў мястэчку Поразаве і вёсцы Карэвічы Сьвіслацкага раёну, але і ўва ўсім рэгіёне і ў Беларусі ў цэлым.

Банкуха — атрыбут сьвята: найперш вясельля, але цяпер яе пякуць да розных сьвяточных нагодаў. Рэцэпт быццам просты: мука, масла, сьмятана, цукровая пудра (гістарычна — мёд) і вельмі важны складнік — яйкі. У беларускай традыцыі іх на адно печыва ня менш за 60.

Валко, на якім пячэцца поразаўская банкуха. Фота © Банк зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, 2022
Валко, на якім пячэцца поразаўская банкуха. Фота © Банк зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, 2022

Пякуць банкуху на адмысловай прыстасове: на мэталічным ражне мацуюць драўляны цыліндар „валко“ і ставяць канструкцыю на пячную пліту. Адна жанчына круціць „валко“, а другая ліе на яго цеста. Цеста паступова запякаецца, частка сьцякае на падкладзеную бляху, і так утвараюцца “сукі“. Праца займае доўгія гадзіны — але затое пірог і смачны, і прыгожы, і можа доўга захоўвацца.

Запакаваная поразаўская банкуха. Фота © Банк зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, 2022
Запакаваная поразаўская банкуха. Фота © Банк зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, 2022

Дык чаму „банкуха“? Не, з банкам слова ня мае нічога супольнага (як і пірог, хіба што які-небудзь банк замовіць банкуху на карпаратыў і падтрымае майстровак). Гэта германізм, ад нямецкага Baumkuchen, літаральна „дрэва-пірог“. Адсыл да дрэва — таму, што пасьлядоўна запечаныя пласты цеста пры разразаньні падобныя да гадавых колцаў дрэва. Роднасныя пякарныя вырабы ведаюць розныя народы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы пад рознымі назвамі, але ня ўсе зь іх сукаватыя.

Cям’я пірагоў з ражна: Spettekaka. Trdelník. Prügelkrapfen. Baumstriezel. Kürtőskalács. Šakotis. Baumkuchen. Kürtősfánk © Sándor Háaz
Cям’я пірагоў з ражна: Spettekaka. Trdelník. Prügelkrapfen. Baumstriezel. Kürtőskalács. Šakotis. Baumkuchen. Kürtősfánk © Sándor Háaz

Адкуль і калі зьявіўся печаны на ражне пірог у нашым рэгіёне Эўропы — дакладна невядома. Ёсьць, як і належыць, легенда пра кухараў, якія выдумалі кулінарную навіну для самой каралевы Боны, якая зьнянацку прыехала у мястэчка Бержнікі колішняга Горадзенскага павету. Але, хутчэй за ўсё, Baumkuchen прыйшоў да нас значна пазьней зь Нямеччыны (а менавіта з Брандэнбургу), пра што сьведчыць пачатнае імя пірага ў тутэйшых мовах — па-польску bankuch, па-літоўску bankuchas/bankukas/bankuchenas, па-беларуску банкух (на Падляшшы) і банкуха (на Горадзеншчыне).

Павел Татарнікаў. Каралева Бона Сфорца. Выстава ў Горадні, 4 лістапада 2016 г.
Павел Татарнікаў. Каралева Бона Сфорца. Выстава ў Горадні, 4 лістапада 2016 г.

Рэцэпт і тэхналёгія яго выпяканьня ў трох краінах вельмі падобныя (асабліва ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі пірагамі з ражна). Крыху розьняцца колькасьць яек, выбар цукру ці мёду, форма і дэкор. Для беларускай банкухі выкарыстоўваюць цукровую пудру, не злоўжываюць чакалядай ці глязурай, затое могуць упрыгожыць букецікам. Яна вельмі галінастая, ражкі таўсьцейшыя, чым у суседзкіх вырабаў. Але ў цэлым нішто не перашкаджае называць і суседзкія пірагі сваім словам.

Цяперашняя польская літаратурная назва пірага — sękacz [сэ́нкач], ад sęk ‘сук’. Літоўская афіцыйная назва — той самай будовы: šakõtis [шакóтіс] ад šaka ‘сук, галіна’. Падкрэсьліваю — афіцыйная: Дзяржаўная камісія літоўскай мовы ўнесла дыялектныя словы bankuchenas і іншыя ў сьпіс пазычаньняў, якія нельга ўжываць у літаратурнай мове (за парушэньне забароны яшчэ нядаўна была адміністрацыйная адказнасьць, праўда, ня ў выглядзе содняў)). Катэгарычна патрабуецца ўжываць šakotis (сэмантычны наватвор ХХ стагодзьдзя — словам для абазначэньня сукаватага дрэва пастанавілі называць пірог).

Магчыма, і ў нас некалі будзе камісія барацьбы зь непатрэбнымі пазычаньнямі. Праўда, германізм банкуха пачуваецца ў беларускай мове натуральна паміж шматлікіх іншых пазычаньняў зь нямецкай і нават з тымі самымі гукавымі адпаведнасьцямі, накшталт шруба (Schraube) і мур (Mauer).

Але калі паважаная камісія забароніць „банкуху“, то якое слова ўжываць? Мне мовазнаўцы з Падляшша ўпэўнена адказалі (праўда, не на навуковай канфэрэнцыі, а ў кулюарах адной урачыстасьці): дык жа сукáч! — і я дагэтуль разважаю, ці тое быў жарт, ці слова сапраўды бытуе недзе ў пушчах Падляшша, а калька гэта з польскага sękacz ці ўласны наватвор, ня мае значэньня.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG